Грамадства1111

Алесь Бяляцкі стварыў уласны фонд

«Я прысвячу новай арганізацыі свой час, сваю энергію, сваю сетку кантактаў і частку сродкаў, атрыманых ад Нобелеўскай прэміі».

Фота: Lokkby.media

Пасля вызвалення і прымусовага выдварэння з Беларусі старшыня Праваабарончага цэнтра «Вясна» і лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру 2022 года Алесь Бяляцкі абвясціў пра стварэнне Фундацыі Алеся Бяляцкага (The Ales Bialiatski Foundation). Новая арганізацыя будзе працаваць на стратэгічным скрыжаванні правоў чалавека, мірабудаўніцтва і рэгіянальнай бяспекі, узмацняючы глабальны праваабарончы альянс ва ўмовах беспрэцэдэнтнага геапалітычнага крызісу, піша «Вясна».

Сёння рэгіён Усходняй Еўропы, Паўднёвага Каўказа і Цэнтральнай Азіі сутыкнуўся з глыбокім крызісам: поўнамаштабная вайна вярнулася ў Еўропу, Украіна змагаецца за выжыванне, а ўнутры Беларусі і Расеі цалкам знішчаная прастора для грамадзянскай супольнасці, і гэтая тэндэнцыя тычыцца ўсё большай колькасці краін — сітуацыі ў Кыргызстане, Грузіі выклікаюць усё большую занепакоенасць. Актывісты, журналісты і адвакаты паўсюль сутыкаюцца з рэпрэсіямі, турмой і выгнаннем.

Аднак стваральнікі фонду падкрэсліваюць, што крызіс — не толькі рэгіянальны, але і глабальны. Палярызацыя і антыправавыя наратывы размываюць ўніверсальнасць права ва ўсім свеце, што патрабуе прынцыпова новага лідэрства і стратэгій.

Чаму Фундацыя ствараецца менавіта цяпер?

Заснавальнік арганізацыі Алесь Бяляцкі тлумачыць перадумовы ўзнікнення ініцыятывы: «Калі я вярнуўся на свабоду ў канцы 2025 года, то ўбачыў перайначаны свет, напоўнены глыбокай глабальнай нявызначанасцю. У першыя месяцы пасля вызвалення я кансультаваўся з калегамі з Правааарончага цэнтра «Вясна», лаўрэатамі Нобелеўскай прэміі міру, дзясяткамі лідараў грамадзянскай супольнасці і дыпламатамі. Я сустрэўся з Вярхоўным камісарам ААН па правах чалавека і шэрагам кіраўнікоў дзяржаў. Я размаўляў з даўнімі калегамі праваабаронцамі з усяго свету. Гэтыя размовы пацвердзілі патрэбу стварэння новых форм супрацоўніцтва і маральнага лідарства. Вось чаму я стварыў у Польшчы новую арганізацыю. Я прысвячу ёй свой час, сваю энергію, сваю сетку кантактаў і частку сродкаў, атрыманых ад Нобелеўскай прэміі».

Чым будзе займацца новая арганізацыя? 

Новая арганізацыя засяродзіцца на стратэгічных і глабальных выкліках і задачах, а яе дзейнасць будзе будавацца на скрыжаванні пяці ключавых кірункаў: правы чалавека, міратворчасць, міжнароднае правасуддзе, устойлівасць грамадзянскай супольнасці і чалавечае вымярэнне рэгіянальнай бяспекі.

Арганізацыя будзе актыўна адстойваць прынцыповыя і паслядоўныя падыходы да міжнародных праваабарончых механізмаў, а таксама аператыўна рэагаваць на сістэмныя і экзістэнцыяльныя пагрозы міжнароднаму праву. Сярод важных прыярытэтаў — прасоўванне інавацыйных мадэлей глабальнай падсправаздачнасці і абароны правоў, а таксама супрацьстаянне пагрозе транснацыянальных рэпрэсій, якая расце.

Асаблівую ўвагу Фонд плануе ўдзяляць развіццю міжпакаленнага дыялогу, падтрымцы міжнароднага маладзёжнага і грамадзянскага лідарства. Праз сістэму спецыяльных стыпендый, ментарства і маладзёжную прэмію Алеся Бяляцкага, арганізацыя будзе забяспечваць новых лідараў неабходнымі навыкамі, міжнароднымі сеткамі кантактаў для эфектыўнай працы нават ва ўмовах геапалітычнага крызісу. Пры гэтым нязменным прыярытэтам Алеся Бяляцкага застаецца і падтрымка свабоднай і суверэннай Беларусі.

«Спадзяёмся, што гэта дазволіць нам эфектыўна прасоўваць універсальны падыход да правоў чалавека»

На ролю кіраўніцы па пытаннях стратэгічнага развіцця, адвакацыі і партнёрстваў Алесь Бяляцкі запрасіў экспертку з вопытам работы на кіруючых пасадах у няўрадавых міжнародных арганізацыях, выкладчыцу правоў чалавека і міжнародных адносін у міжнародных універсітэтах, аўтарку шматлікіх даследаванняў у галіне правоў чалавека, даўнюю партнёрку «Вясны» Сашу Кулаеву (Францыя).

«Праца і асоба Алеся Бяляцкага добра вядомыя на міжнароднай арэне, таксама як і яго шматгадовая барацьба за чалавечую годнасць ва ўмовах жорсткіх рэпрэсій — далёка не толькі ў Беларусі. Алесь ездзіў з працоўнымі паездкамі ў самыя розныя краіны свету, напрыклад, у Егіпет і Марока, у рэвалюцыйны Туніс 2011 года, на Кубу з падтрымкай кубінскіх дысідэнтаў, у ПАР. Яго ведаюць у Азіі, Лацінскай Амерыцы і на Блізкім Усходзе, не кажучы пра краіны Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі. Яго голас валодае выключным аўтарытэтам сярод урадаў, міжнародных арганізацый і грамадзянскай супольнасці. Нашы першыя сустрэчы паказалі, што новая Фундацыя ўжо валодае высокім узроўнем даверу і глабальнай падтрымкі. Мы спадзяемся, што гэта дазволіць нам разам з калегамі эфектыўна прасоўваць універсальны падыход да правоў чалавека і змагацца супраць палярызацыі, якая пагражае інстытутам і механізмам міжнароднага права, што са складанасцю ствараліся гадамі», — адзначае экспертка.

«Сёння маштаб крызісу патрабуе ад мяне іншага ўнёску» 

Алесь Бяляцкі падкрэслівае, што застаецца старшынёй «Вясны», аднак яго асабісты фокус змяшчаецца на міжнародную прастору:

«У няволі я даведаўся пра ўвесь маштаб таго, што адбылося пасля майго арышту: больш за 30 актывістаў «Вясны» і іх сваякоў былі затрыманыя, праведзены 120 вобшукаў і больш за 200 допытаў. Тым не менш, я быў глыбока ўражаны, калі даведаўся, што створаныя намі структуры не зламаліся. «Вясна» здолела пакінуць Беларусь, эвакуяваць сваіх сябраў і аднавіць сваю дзейнасць за мяжой. Сёння яна працягвае сваю місію, маючы міжнароднае прызнанне і падтрымку. 

Трыццаць гадоў, за выключэннем часу, які я правёў у турме, я ўзначальваў «Вясну». У апошнія гады я ў асноўным засяроджваўся на стратэгіі, аналізе, глабальнай адукацыі і міжнароднай дзейнасці. Разам з калегамі з «Вясны» я працягваю гэтую важную працу для Беларусі. 

Але сёння маштаб крызісу патрабуе ад мяне іншага ўнёску. Я лічу, што павінен больш працаваць на міжнародным узроўні, выкарыстоўваючы маральны капітал Нобелеўскай прэміі міру, міжнародны досвед, атрыманы за гады працы на пасадзе віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека, маё сяброўства ў Міжнародным ПЭНе, а таксама досвед, набыты за дзесяцігоддзі барацьбы супраць дыктатуры і палітычных рэпрэсій. 

Як сябра сусветнай супольнасці, я адчуваю адказнасць абараняць усеагульнасць правоў чалавека ў момант, калі сама гэтая канцэпцыя знаходзіцца пад пагрозай».

Каментары11

  • Хмм
    10.06.2026
    Исходя из того, что крымiнальны торг закладнiкамi полностью остановлен и повернут вспять усилиями Демократической Оппозиции, сложно представить, что средства из этого нового фонда уважаемого Нобелевского Лауреата будут тратится на что-либо, кроме поддержки соотечественников, оказавшихся в бедственном положении в вынужденной эмиграции.
    Думаю, скоро мы увидим немало комментариев благодарности на страницах НН! Было бы странным и нелогичным иное развитие событий!
  • Алесь.
    10.06.2026
    Мда. І зноўку "харошыя рускія". Як жа без іх. "Дзевачка" Саша мусіць з "прагрэсіўных" праваабаронцаў? Звычайны для апошніх дзесяцігоддзяў "праваабарончы" кейс - мігранты, мусульмане, ЛГБТК+ і г.д.?
  • Палітычка з псіхіятычкі
    10.06.2026
    Глабальныя выклікі, я вас умаляю!))) нават лакальным выклікам, нашыя панаваствораныя фундацыі рады даць не могуць, а тут глабальненька вырашылі заняцца. Ржу не магу, карочэ Урсула вам упомач)))

Цяпер чытаюць

Сцвярджаецца, што кіраўнік Butikavto Іван Лябейка ўжо на свабодзе1

Сцвярджаецца, што кіраўнік Butikavto Іван Лябейка ўжо на свабодзе

Усе навіны →
Усе навіны

Крышціяну Раналду першым з футбалістаў зарабіў 2 мільярды даляраў

«У Беларусі ёсць грошы, але людзям усё адно чагосьці не хапае». Ланкіец расказаў, чым яго дзівяць беларусы23

YouTube збіраецца схаваць падалей кнопку дызлайка3

Якіх імпартных тавараў у беларускіх крамах найбольш, а якіх няма зусім?1

Вірусіцца гульня, дзе можна нарадзіцца ў любой краіне на свеце3

Украінскія дроны атакавалі Омск, гараць «Омскі каўчук» і склад Ozon2

Стала вядома, што Расія таемна фінансавала газавы праект на Алясцы4

Найлепш у Беларусі цяпер акупляюцца аперацыі з нерухомасцю3

Канадская спартсменка першай з жанчын скокнула з айсберга ў акіян ВІДЭА4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сцвярджаецца, што кіраўнік Butikavto Іван Лябейка ўжо на свабодзе1

Сцвярджаецца, што кіраўнік Butikavto Іван Лябейка ўжо на свабодзе

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць