Грамадства1313

«Ты прастытутка Амерыкі і Ізраіля»: як іранка правяла 45 сутак на Акрэсціна

Хатэрэ Хадададзі, якая вучылася ў Мінску на стаматолага, расказала, як яе арыштавалі за каментары пра вайну ЗША супраць Ірана, трымалі на Акрэсціна, а потым дэпартавалі з Беларусі.

33-гадовая Хатэрэ Хадададзі прыехала ў Мінск тры гады таму. Ёй падабаліся людзі і прахалоднае надвор’е. Яна вучылася на стаматалагічным факультэце БДМУ. Паводле слоў дзяўчыны, яе фота, як адной з найлепшых студэнтак, вісела на дошцы гонару, піша «Еўрарадыё».

— Я ведала, што Беларусь і Іран — дружалюбныя краіны, але не думала, што мяне дэпартуюць за тое, што я кажу пра сваю краіну і сваю рэлігію.

У сярэдзіне мая стала вядома, што дзяўчыну арыштавалі на 15 сутак за каментары ў сацыяльных сетках пра вайну ЗША супраць Ірана.

— Я пісала допісы ў Telegram-каналы для іранцаў у Беларусі. Але найбольш актыўнай была ў Instagram. Я рабіла сторыс і каментавала вайну, рэлігію і палітыку Ірана. Думаю, наша амбасада гэта заўважыла і папрасіла КДБ арыштаваць мяне, заявіўшы, што я «пагражаю бяспецы Ірана».

Яна павінна была выйсці на волю ў канцы красавіка, але заставалася пад вартай. У размове з Еўрарадыё Хатэрэ патлумачыла, што пасля 15 сутак у ЦІП яе перавялі ў ІЧУ, дзе яшчэ 30 сутак яна чакала рашэння аб дэпартацыі.

«Яны патрабавалі, каб я папрасіла прабачэння»

Хатэрэ арыштавалі 14 красавіка а 9‑й раніцы.

— Я збіралася ва ўніверсітэт, калі пачула настойлівыя званкі ў дзверы. Адчыніла — там стаялі трое мужчын у чорным, іх твары былі закрытыя (відаць было толькі вочы). Яны не далі мне нават умыцца, не дазволілі дакрануцца да тэлефона.

Паводле аповеду Хатэрэ, пасля гэтага яе пасадзілі ў машыну, закрылі вочы шапкай у два пласты і каля 20 хвілін везлі ад яе кватэры на праспекце Пушкіна. Потым хутка завялі ў будынак і ўжо там знялі шапку. Месца падалося ёй «паўразбураным», не падобным да афіцыйнай установы. Там яе ўжо чакаў чацвёрты супрацоўнік. Яны прадставіліся і сказалі, што з КДБ.

— Допыт праходзіў на другім паверсе. У пакоі была сапсаваная столь, было брудна, ракавіна не працавала. У іншым пакоі, насупраць, шторы віселі крыва, сталы былі пыльныя — нібыта там калісьці працавалі, але даўно ўсё закінулі. Нават туалет быў зламаны і брудны. Калі мяне вывозілі, мне зноў закрылі вочы, але я заўважыла пакет з «Грына», таму, магчыма, гэта было недзе побач.

Як успамінае Хатэрэ, на пачатку размовы супрацоўнікі КДБ задавалі ёй асабістыя пытанні: пра сям’ю, працу сваякоў. Потым пачалі гаварыць пра іслам і палітыку, а таксама спыталі, «чаму яна радавалася, калі Амерыка забіла Хаменеі».

— Беларускія КДБ-шнікі размаўлялі са мной вельмі груба. Яны паўтаралі: «Мы сябры Ірана, мы заадно і дапамагаем адзін аднаму».

Яны патрабавалі, каб я папрасіла прабачэння за свае допісы пра смерць Хаменеі і за тое, што радавалася вайне (у навінах пісалі, што наш народ прасіў аб гэтай вайне, бо без вайны Рэспубліка забіла больш невінаватых людзей, чым гіне падчас вайны). Калі я адмовілася прасіць прабачэння, супрацоўнік КДБ сказаў мне: «Ты прастытутка Амерыкі і Ізраіля».

Хатэрэ патлумачыла, што яна выступае супраць палітыкі Ісламскай Рэспублікі, якая гадамі тэрарызуе і карае смерцю людзей.

— Пасля забойства Махсы Аміні праз хіджаб пачаліся пратэсты. Пасля гэтага я эмігравала ў Беларусь. Напрыканцы мінулага года ў Іране пачаліся новыя пратэсты за свабоду. Людзі хацелі вяртання сына шаха Рэзы Пехлеві. Людзей пачалі масава караць смерцю. Я шмат пра гэта пісала.

Пра іслам я таксама ведаю шмат, вывучала Каран і лічу, што ён супярэчыць чалавечнасці, правам жанчын і свабодзе. Я публікавала цытаты з яго пра тое, як трэба адсякаць рукі і ногі нязгодным. Таму я выступаю супраць ісламу і Ісламскай Рэспублікі.

Допыт вёў той чацвёрты супрацоўнік на рускай мове, часам пытанні задавалі і астатнія. Потым ён выйшаў, а прыкладна праз 50 хвілін прыйшоў мужчына, які прадставіўся адвакатам, але не назваў свайго імя.

— Ён абяцаў, што я буду на волі, і пальцамі паказаў, што «за грошы». Я гучна перапытала: маўляў, што? Ён адказаў: «Нічога, нічога», — і выйшаў з пакоя. Я на 90% упэўненая, што гэта быў той самы «чацвёрты» чалавек. Падчас допыту ён быў з закрытым тварам, а ў ролі «адваката» зайшоў ужо без маскі.

Калі «адвакат» сышоў, чацвёрты супрацоўнік вярнуўся з паперай, каб Хатэрэ падпісала прызнанне ў тым, што яна публікавала сторыс супраць Ірана.

Усё гэта працягвалася да пятай гадзіны вечара.

45 сутак

Пасля допыту Хатэрэ адвезлі ў Фрунзенскае РУУС, дзе на яе склалі пратакол паводле артыкула 24.3 КаАП Рэспублікі Беларусь за «непадпарадкаванне законнаму распараджэнню або патрабаванню службовай асобы пры выкананні ёю службовых паўнамоцтваў» з накладаннем арышту на маёмасць — два мабільныя тэлефоны.

У пратаколе, які ёсць у распараджэнні Еўрарадыё, сцвярджаецца, што Хатэрэ, «з’яўляючыся асобай, якая падазраецца ў здзяйсненні крымінальна каральнага дзеяння, ад неаднаразовых законных патрабаванняў супрацоўніка КДБ Рэспублікі Беларусь капітана Талкачова М. В. праехаць у службовым аўтамабілі да месца правядзення працэсуальных дзеянняў катэгарычна адмаўлялася, пры гэтым паводзіла сябе задзірліва і агрэсіўна».

Хатэрэ сцвярджае, што гэта хлусня, якую можна было б праверыць па запісах з камер назірання каля яе дома, бо, як яна кажа, «у Беларусі камеры паўсюль». Аднак супрацоўнік РУУС паведаміў ёй, што ўжо на наступны дзень адбудзецца суд.

Наступныя 7—8 гадзін яна правяла ў бетонным, халодным і брудным пакоі, пасля чаго яе перавезлі ў ІЧУ. Суд адбыўся толькі праз тры дні па відэасувязі.

Суддзя прызначыла ёй 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Таксама яна сказала, што Хатэрэ можа падаць апеляцыю, але ўжо ў ЦІП мясцовыя супрацоўнікі грубілі ёй і не дазвалялі нічога пісаць.

— Я пратэставала. Мне давялося зламаць камеру, падрапаць ім шыі і рукі, бо мне трэба было абараніць сябе. Гэта маё права — напісаць гэты ліст, а яны не дазвалялі. Пасля ўсіх гэтых пакут яны ўсё ж пайшлі насустрач, але гэта было бессэнсоўна. Яны нават не прачыталі яго.

Хатэрэ распавядае, што падчас першага зняволення ўмовы былі жахлівымі: не дазвалялі хадзіць у душ, не было коўдраў, падушак — нічога.

У першы дзень я спала на падлозе, і там былі насякомыя, якія мяне кусалі. У камеры, разлічанай на чатырох чалавек, знаходзіліся дванаццаць. Я сядзела разам з алкаголікамі, нарказалежнымі, людзьмі з гепатытам і ВІЧ. Яны самі пра гэта расказвалі. Там не было ніякай гігіены. На ўсіх было адно цвёрдае мыла. З ім хадзілі паўсюль — прабачце, і ў туалет, і ў душ, ім жа мылі посуд.

У ежы трапляліся прусакі, а супрацоўнікі казалі: «Ой, гэта маленькі прусак, нічога страшнага». Пятнаццаць дзён я правяла ў гэтым холадзе і брудзе, плюс жудаснае стаўленне з боку міліцыі.

Пазней, у ЦІП, да Хатэрэ прыйшлі супрацоўнікі міграцыйнай службы. Яны паведамілі, што дэпартуюць яе з забаронай на ўезд у Беларусь на пяць гадоў. Аднак, калі Хатэрэ атрымала пашпарт у аэрапорце падчас дэпартацыі, у ім стаяла адзнака аб забароне на ўезд у Беларусь да 2056 года.

— Я прасіла адваката дапамагчы забраць рэчы з дому, дакументы з універсітэта і прадаць машыну. Мне адказвалі: «Пазней, пазней», — а потым перавялі мяне ў ІЧУ яшчэ на 30 дзён. Там я перадала ліст праз дзяўчыну, якую дэпартавалі ў Сірыю, сваім сябрам. Пасля гэтага да мяне ўжо прыйшоў адвакат.

Хатэрэ перавялі ў ІЧУ, дзе, паводле яе слоў, умовы былі крыху лепшыя: замежным грамадзянам дазвалялі хадзіць у душ двойчы на тыдзень. Аднак перадачы і лісты не даходзілі. Раней праваабарончы цэнтр «Вясна» паведамляў, што да Хатэрэ прыходзілі дзяржаўныя прапагандысты, каб зняць сюжэт, але яна гэта абвергла.

Разам з ёй у камеры знаходзіліся чатыры грамадзянкі Беларусі, арыштаваныя за палітычныя каментары і фатаграфію, тры грамадзянкі Украіны (адну з іх адміністрацыя называла «шпіёнкай»), адна жанчына з Ірана і дзве жанчыны з Бурундзі (іх фізічна збівалі настолькі моцна, што яны не маглі хадзіць, але ў бальніцу іх не вазілі, а толькі давалі абязбольвальныя прэпараты).

«Я раскажу ўсяму свету»

Гаворачы пра атмасферу ў камерах, Хатэрэ адзначае, што кожны новы чалавек, які трапляў у камеру, звычайна распавядаў сваю гісторыю. Але калі размова заходзіла пра беларускую палітыку, усе пераходзілі на шэпт.

— Мне дапамагала думка, што калі я выйду на волю, то раскажу ўсяму свету, як яны дапамагаюць тэрарыстычным рэжымам і групоўкам, арыштоўваюць ні за што ўкраінцаў, утрымліваюць людзей у нечалавечых умовах без належнай медыцынскай дапамогі, як гэта было з дзяўчатамі з Афрыкі. Яны не даюць свабоды слова ў краіне, якую называюць свабоднай.

Ва ўніверсітэце засталіся дакументы Хатэрэ, але праз сяброў ёй перадалі, што атрымаць іх яна зможа толькі пасля аплаты. Ніхто з выкладчыкаў і прадстаўнікоў адміністрацыі не пракаментаваў студэнтам сітуацыю, якая адбылася з Хатэрэ

У сярэдзіне мая пачаўся працэс дэпартацыі Хатэрэ. Паводле яе слоў, праз адсутнасць прамых рэйсаў паміж Беларуссю і Іранам міграцыйная служба вырашыла спачатку адправіць яе ў трэцюю краіну, а ўжо потым у Іран. Аднак Хатэрэ настойвала, што гэта супярэчыць нормам міжнароднага права. На яе думку, дэпартацыя ў Іран магла азначаць для яе катаванні і нават смяротнае пакаранне.

— Тады яны сказалі, што адправяць мяне ў іншую краіну, і калі тая краіна верне мяне назад, то яны адправяць мяне ў Расію, а адтуль — наўпрост у Іран. Потым мы купілі білет у Грузію, але «Белавія» патэлефанавала майму знаёмаму, які купіў білет, або ў міграцыйную службу (я ўжо дакладна не памятаю) і паведаміла: калі яна прыляціць сюды, мы адправім яе ў Іран, і яна абавязана набыць білет з Грузіі ў Іран. Пасля гэтага мне змянілі білет на рэйс у Арменію, і 27 мая я вылецела.

Пасля Арменіі Хатэрэ пераехала ў іншую краіну. Яна адмовілася паведамляць, у якую менавіта, з меркаванняў бяспекі.

— Я хаваюся, бо тэрмін дзеяння майго пашпарта хутка скончыцца, а ў амбасаду я звярнуцца не магу — ва ўсіх, хто звяртаўся туды з падобнымі праблемамі, забіралі пашпарты або дэпартавалі ў Іран. Хутка я буду знаходзіцца тут нелегальна. Да таго ж краіна, дзе я цяпер, — сябра Ірана, і калі амбасада даведаецца, што я тут, яны могуць папрасіць маёй дэпартацыі.

Цяпер Хатэрэ робіць усё магчымае, каб пераехаць у бяспечную краіну.

— Я звярталася ў ААН, але там сказалі, што могуць дапамагчы мне застацца тут у статусе ўцякачкі. Я адказала, што ў гэтай краіне ўжо былі [дрэнныя ] прыклады з уцекачамі… яны сябруюць з Ісламскай Рэспублікай і могуць выдаць мяне. Тут у мяне таксама няма свабоды слова.

Я спрабую прасіць праваабарончыя арганізацыі дапамагчы мне перабрацца ў свабодную і бяспечную краіну, але пакуль вынікаў няма — мы чакаем.

Каментары13

  • Жвір
    09.06.2026
    Цудоўная дзяўчына. Такая моладзь абавязкова зьменіць гэты сьвет. Гэты сьвет павінны належаць ім.
  • больше ничего нет
    09.06.2026
    Какая же степень дебилизации кгб рб произошла за время лукашенковско-путинских времён !
    Лавров сказал прямо и в точку: "Де....лы. ...ять!"
    Русский мир оскотинил всех, особенно в мвд и кгб, и заставил этим гордиться.
    Что в мвд, что в кгб - гордятся тем, что они стали скотом русского мира России...
    И ещё, стали падучими на лёгкие бабки, ну это и понятно, узаконенное беззаконие лукашенко-шведа вывело из-под уголовной ответственности скот русского мира в кгб и мвд рб.
  • минимум политической грамотности
    09.06.2026
    может, по сравнению с Ираном Беларусь и кажется обычной европейской страной, где не преследуют за отступничество от веры, за хождение с открытым лицом, даже нет смертной казни за гомосексуализм.Но она же не на неделю туристкой приехала, постоянно жила не первый год, должна была быть в курсе, что Беларусь-часть антизападного лагеря, в который входит и Иран.

    [Зрэдагавана]

Цяпер чытаюць

Прапагандысты запэўніваюць, што 196 палітвязняў ужо на свабодзе9

Прапагандысты запэўніваюць, што 196 палітвязняў ужо на свабодзе

Усе навіны →
Усе навіны

Спявачка Арыяна Грандэ запатрабавала ад Белага дома не выкарыстоўваць яе песень у антыіміграцыйных роліках

12‑гадовую іспанскую дзяўчынку згвалцілі пяць аднакласнікаў на дні нараджэння. Ім за гэта нічога не будзе28

Двухмесячнае дзіця выпадкова атруцілася лімоннай кіслатой з чайніка

На «Беларуськаліі» загінуў рабочы, яшчэ двое атрымалі траўмы

Памерла тайская прынцэса Баджракіціябха — старэйшая дачка караля і абаронца правоў вязняў. Тры гады яна была ў коме

Дзмітрый Мядзведзеў апублікаваў здзеклівае віншаванне з Днём Расіі38

«Большая частка сядзіць сумленна, але ціха». Павел Вінаградаў пра палітвязняў, чые прозвішчы невядомыя6

Беларус зрабіў прапанову каханай каля знакамітага фантана Трэві ў Рыме — пад апладысменты дзясяткаў турыстаў49

Як замяніць старыя сапсаваныя аўтамабільныя нумары на новыя5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Прапагандысты запэўніваюць, што 196 палітвязняў ужо на свабодзе9

Прапагандысты запэўніваюць, што 196 палітвязняў ужо на свабодзе

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць