Мікіта Забуга атрымліваў узнагароду ад Ціханоўскай у пагонах падпалкоўніка. Ён расказаў, як так
Вясной 2025‑га Мікіта Забуга пайшоў ваяваць, а цяпер, праз год, ужо займеў высокае званне. Як гэта магчыма?

У Мікіты Забугі біяграфія багатая. Бацька трох дзяцей, ён прыязджаў на Майдан у 2014‑м і ўдзельнічаў у раскопках на тэрыторыі Літвы, дзе знайшлі парэшткі Кастуся Каліноўскага і яго паплечнікаў. Пасля 2020‑га Забуга ўзначальваў Геральдычную раду, якая распрацоўвала дызайн пашпарта Новай Беларусі.
У красавіку 2025‑га Мікіта абвясціў, што ён далучыўся да Палка Каліноўскага і цяпер выконвае функцыі старшыні па забеспячэнні падраздзялення БПЛА на Запарожскім напрамку. Праз год, у маі 2026-га, Забуга прысутнічаў на кіеўскай сустрэчы Святланы Ціханоўскай з беларускімі добраахвотнікамі. На яго форме можна было пабачыць дзве зоркі — знак таго, што мужчына мае званне падпалкоўніка.
Беларусы ва Украіне абурыліся: звычайна замежным добраахвотнікам, якія ваююць за Украіну, не даюць высокіх званняў. Як такія пагоны тады мог атрымаць Забуга?

Мікіта Забуга патлумачыў «Нашай Ніве», што на сустрэчы быў у форме Беларускай вызваленчай арміі (БВА). Гэта праект па стварэнні беларускіх падраздзяленняў у краінах Еўрасаюза і ва Украіне, якія ўрэшце павінны пайсці вызваляць Беларусь.
Пагоны падпалкоўніка Мікіта Забуга пракаментаваў так:
«Асобы, якія праходзяць службу ў вайсковых, парамілітарных і іншых арганізацыях, прайшлі праверку і залічаныя ў склад БВА, атрымліваюць вайсковыя званні ў адпаведныя тэрміны службы. Я скончыў Акадэмію МУС, і маё афіцэрскае званне ўлічана ў БВА».
Ён прызнае, што яго званне падпалкоўніка не адпавядае рангу ва Узброеных сілах Украіны:
«У УСУ я разлічваю на больш сціплы афіцэрскі ранг. Мы якраз і прасоўваем ідэю прызнання рангаў БВА, іх тоеснасці пасля атрымання адпаведнага навучання або пасады ў войску Украіны».
У якасці гістарычнага прыкладу Забуга прыводзіць войска генерала Балаховіча: «Ён не чакаў дазволу, і мы не маем такой патрэбы».
Забуга адказаў, хто надзяліў Беларускую вызваленчую армію паўнамоцтвамі:
«Мы маем правы і паўнамоцтвы на падставе Канстытуцыі 1994 года, якая замацоўвае народ як адзіную крыніцу ўлады. Мы — прадстаўнікі народа — стварылі ініцыятыву з шырокім прадстаўніцтвам і прасоўваем нашы мэты і задачы. Больш за тое, мы атрымалі ўхваленне на фармаванне БВА ад Рады БНР».

Сярод ужо зробленага камандай, якая стварае БВА, Мікіта Забуга пералічыў распрацоўку сістэмы ўзнагарод, уніформы і атрыбутыкі арміі, сістэмы вайсковых рангаў паводле стандартаў НАТА, пашпарта Новай Беларусі.
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары