Спікерам парламента Славеніі стаў лідар прарасійскай антысістэмнай партыі Resni.ca Зоран Стэванавіч. За яго кандыдатуру прагаласавалі 48 дэпутатаў з 90. Абранне гэтага палітыка можа ўскладніць фарміраванне ўрада для дзейнага прэм’ер-міністра Роберта Голаба, піша «Еўрапейская праўда».

Сам Стэванавіч заявіў, што не плануе ўваходзіць у кааліцыю ні з Голабам, ні з яго галоўным палітычным супернікам — правакансерватарам Янезам Яншам. Аднак лічыцца, што ягоная партыя ўсё ж бліжэйшая менавіта да Яншы.
Прэзідэнтка краіны Наташа Пірц Мусар павінна даручыць фарміраванне ўрада таму палітыку, які зможа сабраць не менш за 46 галасоў падтрымкі. На гэта ў яе ёсць 30 дзён.
Пакуль Голаб не змог дамовіцца з іншымі партыямі, каб сабраць неабходную большасць. Для стварэння ўрада яму трэба заручыцца падтрымкай як мінімум трох палітычных сіл.
Сітуацыя ўскладняецца і тым, што ў парламент прайшло адразу некалькі партый, і расклад сіл застаецца вельмі раздробненым. Акрамя таго, выбары суправаджаліся скандалам: з’явіліся абвінавачанні, што каманда Яншы магла быць звязаная з інфармацыйнай кампаніяй супраць Голаба з удзелам прыватнай разведвальнай кампаніі.
У выніку палітычная сітуацыя ў Славеніі застаецца нестабільнай, і фарміраванне новага ўрада можа зацягнуцца.
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары