Грамадства99

Завяшчаў Карыне Шуляк 50 мільёнаў, а яе бацька лётаў з ім на верталёце за месяц да арышту. Што яшчэ стала вядома з файлаў Эпштэйна

Днямі Міністэрства юстыцыі ЗША апублікавала новую, самую маштабную порцыю дакументаў па справе асуджанага за сэксуальныя злачынствы фінансіста Джэфры Эпштэйна. Выданне «Люстэрка» вывучыла частку з іх і знайшло новыя пацвярджэнні таго, што беларуска Карына Шуляк адыгрывала ў жыцці амерыканскага мільянера значную ролю. Эпштэйн планаваў ажаніцца з дзяўчынай і пакінуў ёй большую частку сваёй маёмасці. Ён таксама фінансава дапамагаў бацькам Карыны, а тыя некалькі разоў наведвалі яго ў Нью-Ёрку.

Фатаграфія Джэфры Эпштэйна з Рэестра сэксуальных злачынцаў штата Нью-Ёрк, зробленая 28 сакавіка 2017 года. Фота: Registro de Delincuentes Sexuales del Estado de Nueva York via AP

Хто такія Джэфры Эпштэйн і Карына Шуляк

Джэфры Эпштэйн — амерыканскі фінансіст, абвінавачаны ў арганізацыі сеткі сэксуальнай эксплуатацыі, у тым ліку непаўналетніх. У 2008 годзе ён ужо быў асуджаны за ўцягванне падлетка ў прастытуцыю і правёў у турме 13 месяцаў. У 2019 годзе, пасля новага арышту па абвінавачанні ў сэксуальным гандлі людзьмі, Эпштэйн скончыў жыццё самагубствам у камеры нью-ёркскай турмы.

Публікацыя масіваў дакументаў па яго справе стала магчымай пасля закона, падпісанага прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам у 2025 годзе. Матэрыялы, сярод якіх аказалася фінансавая справаздачнасць банкаў Deutsche Bank і JP Morgan Chase, раскрылі сувязі Эпштэйна з сусветнымі знакамітасцямі і палітыкамі.

Карыне Шуляк 36 гадоў. Яна скончыла школу ў Мінску і вучылася ў Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце. У ЗША прыехала ў 2009 годзе, дзе неўзабаве сустрэла Эпштэйна. СМІ называлі яе адданай дзяўчынай, якая засталася з фінансістам пасля яго першага турэмнага тэрміну. Паводле інфармацыі The New York Times, Карына Шуляк была апошнім чалавекам, якому Эпштэйн тэлефанаваў перад смерцю.

Карына Шуляк і Джэфры Эпштэйн у 2019 годзе. Фота: Billy FarrellBFA.com

Уласнасць на астравах, ранча і пярсцёнак

Сярод апублікаваных Міністэрствам юстыцыі дакументаў ёсць траставае пагадненне, падпісанае Джэфры Эпштэйнам 8 жніўня 2019 года — усяго за два дні да яго самагубства ў турэмнай камеры. Згодна з аналізам ABC News, беларуска Шуляк — галоўны бенефіцыяр яго маёмасці. У дакументах пазначана, што Эпштэйн завяшчаў ёй 50 мільёнаў даляраў. Але грошы — гэта толькі частка спадчыны. Карыне таксама павінны былі адысці:

  • ранча Эпштэйна Zorro ў Нью-Мексіка;
  • яго ўласнасць на скандальна вядомым востраве Літл-Сент-Джэймс і суседнім Грэйт-Сент-Джэймс;
  • кватэра ў адным з самых прэстыжных раёнаў Парыжа каля Трыумфальнай аркі;
  • маёнтак у Палм-Біч;
  • таўнхаус у Верхнім Іст-Сайдзе Манхэтэна.

Таксама ў тастаменце згадваецца, што Шуляк павінна была атрымаць шырокую калекцыю ювелірных упрыгажэнняў, уключаючы пярсцёнак з брыльянтам амаль на 33 караты. Амерыканскае выданне адзначае, што ў рукапісных нататках на палях дакумента Эпштэйн пазначыў, што перадаў каштоўнасць «у чаканні шлюбу».

Пераводы ў Мінск і верталёт над Нью-Ёркам

Пасля апублікавання першай часткі «файлаў Эпштэйна» ў снежні стала вядома пра два ягоныя пераводы ў Мінск у 2013 годзе на агульную суму 30 тысяч даляраў. Тады імя атрымальніка было схавана, вядомы быў толькі яго адрас — вуліца Карыцкага ў Мінску.

У новай публікацыі больш дэталяў: у плацежным даручэнні ад 16 кастрычніка 2013 года на суму 20 000 даляраў у графе «Бенефіцыяр» пазначана імя: Chouliak Fedor (Шуляк Фёдар). Грошы паступілі на рахунак у «Тэхнабанку».

Днём раней, 15 кастрычніка 2013 года, Карына адправіла меркаванай памочніцы Эпштэйна ліст з банкаўскімі рэквізітамі. У графе «Тэма» быў каментарый: «Гэта банкаўскі рахунак майго бацькі».

У новых файлах ёсць інфармацыя пра яшчэ як мінімум дзве раты. 10 чэрвеня 2014 года з рахунку Эпштэйна ў той жа «Тэхнабанк» Фёдару Шуляку было адпраўлена 25 000 даляраў.

15 красавіка 2016 года на электронную скрыню Эпштэйна прыйшоў ліст з тэкстам: «Перавяла грошы бацькам. Дзякуй табе вялікі!!!» У ім таксама ёсць укладанне — скан квітанцыі, які пацвярджае, што Карына Шуляк пералічыла бацьку 25 000 даляраў.

Такім чынам, толькі паводле апублікаваных дакументаў агульная сума, пераведзеная сям'і Шуляк у Беларусь, складае не менш за 100 тысяч даляраў.

Бізнэс-клас і верталёт за месяц да арышту

Бацькі Карыны — Фёдар і Таццяна — не толькі атрымлівалі грошы са Злучаных Штатаў Амерыкі, але і наведвалі Эпштэйна. Расходы на пералёты браў на сябе бок, які прымаў.

Адзін з візітаў датуецца летам 2012 года. Квіткі былі купленыя праз агенцтва American Express Travel. З перапіскі відаць, што Фёдар Шуляк вылецеў з Мінска ў Маскву, а адтуль — у Нью-Ёрк 8 жніўня 2012 года. Зваротны рэйс быў запланаваны на 20 жніўня. Памочнікі Эпштэйна ўдакладнялі: «Бацька Карыны забраніраваны на той жа рэйс, што і яе мама».

Таццяна і Фёдар Шуляк лёталі ў Амерыку і праз пяць гадоў. У дакументах ёсць квіткі на іх імёны ў бізнэс-клас на рэйс «Аэрафлота» Нью-Ёрк — Масква — Мінск ад 12 снежня 2017 года.

12 чэрвеня 2019 года — менш чым за месяц да арышту фінансіста — Фёдар Шуляк таксама знаходзіўся ў ЗША. Згодна з дакументамі, ён разам з Эпштэйнам і яшчэ двума пасажырамі лётаў над Нью-Ёркам на верталёце Sikorsky. Яны стартавалі з пляцоўкі на 34‑й вуліцы ў Нью-Ёрку і прызямліліся ў аэрапорце на Лонг-Айлендзе.

«З павагай, мама і тата!»

Дакументы сведчаць, што адносіны паміж сям'ёй Шуляк і амерыканскім фінансістам былі даверлівымі. Бацькі Карыны віншавалі Эпштэйна са святамі і днём нараджэння.

У архіве ёсць ліст, адпраўлены 20 студзеня 2014 года з электроннай скрыні Фёдара Шуляка дачцэ, які яна ў той жа дзень пераслала Эпштэйну. Тэма паведамлення «З Днём Нараджэння Jeffrey!». У тэксце ліста па-англійску напісана: «Ад маіх бацькоў». Да яго таксама была прымацаваная спасылка на віншавальную карцінку, размешчаную на расійскім рэсурсе Radikal.ru, які ўжо не працуе.

Эпштэйн тады эмацыйна адказаў Карыне: «Скажы ім, што яны падарылі мне цябе, гэта найлепшы падарунак».

У архіве ёсць яшчэ адно віншаванне, якое Фёдар Шуляк адправіў Эпштэйну ў 2017 годзе. Яго тэкст быў на англійскай мове: «Джэфры, віншуем цябе з днём нараджэння і жадаем моцнага здароўя, шчасця і душэўнага спакою. Заўсёды будзь аптымістам, вер у будучыню, і ўсё будзе добра. З павагай, мама і тата! З любоўю, Карына!»

Сама Карына Шуляк адмаўляецца што-небудзь каментаваць журналістам.

Каментары9

  • 3% у міня
    02.02.2026
    С такімі бабкамі жыць в хрустальнам сасуце будзет не проста ціпер. Еслі толька ана не шпіонка ішчо адна.
  • King
    02.02.2026
    Кардаш і Шуляк - абое рабое .
  • Ясь
    02.02.2026
    Я так понимаю,что это очередной КГБ/ФСБшный подарок для ценного агента.

Цяпер чытаюць

«На 15 хвілін выключылі святло — божа мой, з Украінай параўналі». Лукашэнка патлумачыў, колькі эканоміць на вулічным асвятленні

«На 15 хвілін выключылі святло — божа мой, з Украінай параўналі». Лукашэнка патлумачыў, колькі эканоміць на вулічным асвятленні

Усе навіны →
Усе навіны

У Фінскім заліве ўзарвалася грузавое судна, якое ішло ў Санкт-Пецярбург5

Расія і ЗША дамовіліся аднавіць вайсковы дыялог на высокім узроўні2

З-за дзяржаўных абмежаванняў у Беларусі адмянілі ўжо другі штогадовы фестываль5

У Гродзенскім заапарку паказалі, супраць якой прыманкі не можа ўстаяць ягуар ВІДЭА2

Выйшаў на свабоду Уладзіслаў Беладзед, выкладчык катэхізіса з кафедральнага касцёла3

Кадастравае агенцтва паведаміла пра «гістарычную здзелку з нерухомасцю»4

Пачаўшы эканоміць святло, народ у адзіным парыве стаў на лыжы ФОТАФАКТ4

На МТЗ правялі эксперымент, замарозіўшы трактар «Беларус» ВІДЭА8

«Я толькі не разумею, для каго пабудавалі АЭС?» Даўно ніякая тэма не выклікала такіх эмоцый, як адключэнне святла на загад Лукашэнкі16

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«На 15 хвілін выключылі святло — божа мой, з Украінай параўналі». Лукашэнка патлумачыў, колькі эканоміць на вулічным асвятленні

«На 15 хвілін выключылі святло — божа мой, з Украінай параўналі». Лукашэнка патлумачыў, колькі эканоміць на вулічным асвятленні

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць