Новы мэр Нью-Ёрка Зохран Мамдані ўжо на трэці дзень працы на пасадзе адкрыта выступіў супраць прэзідэнта ЗША Дональда Трампа. Як піша The New York Times, прычынай стаў захоп венесуэльскага лідара Нікаласа Мадура амерыканскімі вайскоўцамі ў Каракасе.

У суботу, 3 студзеня, Мамдані апублікаваў допіс у сацсетцы X, дзе рэзка асудзіў аперацыю, назваўшы яе грубым імкненнем да змены ўлады ў іншай краіне. На яго думку, аднабаковы напад на суверэнную дзяржаву з’яўляецца актам вайны і парушае як федэральнае, так і міжнароднае права. Цяпер Мадура знаходзіцца ў следчым ізалятары ў Нью-Ёрку.
Падчас гаворкі з журналістамі мэр паведаміў, што асабіста патэлефанаваў Трампу і выказаў адкрытую нязгоду з праведзенай сілавой аперацыяй. Па словах Мамдані, ён выразна абазначыў сваю пазіцыю, пасля чаго размова была завершаная. Як адрэагаваў прэзідэнт, мэр удакладняць не стаў. У адміністрацыі Трампа таксама адмовіліся каментаваць сітуацыю.
NYT нагадвае, што яшчэ ў лістападзе сустрэча Трампа і новаабранага мэра ў Авальным кабінеце прайшла нечакана цёпла: тады прэзідэнт хваліў Мамдані і называў яго разважлівым чалавекам. Аднак канфлікт паміж імі ўзнік значна хутчэй, чым можна было чакаць.
Выданне адзначае, што напружанасць сітуацыі ўзмацняецца тым, што Трамп кантралюе размеркаванне федэральнага фінансавання Нью-Ёрка і пры жаданні можа істотна ўскладніць працу гарадской улады.
У Нью-Ёрку жывуць тысячы венесуэльцаў — адна з груп імігрантаў, якая расце хуткімі тэмпамі. Многія з іх уцяклі ад рэжыму Мадура, і Мамдані раней абяцаў ім падтрымку. Пакуль незразумела, ці запатрабуе судовы працэс над Мадура значных выдаткаў з гарадскога бюджэту, у тым ліку на дадатковыя меры бяспекі.
Як нагадвае газета, Нью-Ёрк ужо меў досвед судовых працэсаў над высокапастаўленымі абвінавачанымі. Напрыклад, падчас утрымання ў горадзе мексіканскага наркабарона Хаакіна «Эль Чапа» Гусмана ўлады былі вымушаныя перакрываць Бруклінскі мост падчас яго перавозак, што істотна паралізавала рух транспарту.
Дэмакрат-сацыяліст Зохран Мамдані заступіў на пасаду мэра Нью-Ёрка з 1 студзеня. Ён першы мэр-мусульманін у гісторыі гэтага горада. 2 студзеня ён прынёс публічную прысягу, паклаўшы руку не на Біблію, як гэта было звычайна, а на Каран.
Цяпер чытаюць
Топавы перакладчык паехаў у Беларусь мяняць пашпарт — і сеў за данаты. «КДБ паглядзеў на суму і вырашыў, што ніхто ў здаровым розуме не можа выдаткаваць столькі ўласных грошай»
Каментары