Грамадства22

Аднавілі мост там, дзе яго не магло быць, бо не змаглі знайсці яго рэальнае месца. Што за рэстаўрацыя адбываецца ў Жылічах?

Палацавы комплекс у Жылічах перажывае чарговы этап адраджэння. Пасля рэстаўрацыі раскошных палацавых інтэр’ераў узяліся за аднаўленне парку, сістэмы ставоў і страчаных малых архітэктурных формаў. Аднак у выніку аўтэнтычныя пабудовы былі знішчаныя, а новыя альбо з’яўляюцца грубымі муляжамі, альбо ўзведзеныя ў месцах, дзе гістарычна іх не магло існаваць.

«Аднаўленне» Жыліцкага парку: альтанка, якой ніколі не было, і арачны мост, які знаходзіўся зусім у іншым месцы. Фота: bobr.by

Палацава-паркавы комплекс Булгакаў у Жылічах з’яўляецца адным з найлепшых узораў позняга класіцызму ў Беларусі. Велічны палац, пабудаваны ў 1830‑я гады па праекце Караля Падчашынскага на беразе ракі Добасны, уражвае сваімі маштабамі і захаванасцю. Пасля доўгіх гадоў заняпаду палац нарэшце пачалі рэстаўраваць у 2009 годзе, ператварыўшы яго ў турыстычную жамчужыну. 

Альтанкі, мост, купальня і цэнтральны партэр былі «адрэстаўраваныя» ў 2025 годзе. Да кожнага з гэтых аб’ектаў узнікае мноства сур’ёзных пытанняў. Фота: фэйсбук-суполка «Нашы архітэктурныя каштоўнасці»

Парк Булгакаў

Сёлета ў Жылічах актыўна вялася чацвёртая чарга рэстаўрацыі, якая закранула прылеглы да палаца сядзібны парк. Праект, распрацаваны інстытутам «Магілёўграмадзянпраект», прадугледжваў маштабныя працы: добраўпарадкаванне парку і ставоў, рэканструкцыю карэтнай, узвядзенне арачнага моста, аднаўленне страчаных павільёна-купальні на востраве і альтанак.

Мадэль парку. Фота: з праектнай дакументацыі

Парк у Жылічах задумваўся гаспадарамі як грандыёзны ансамбль плошчай каля 18 гектараў (а разам з садамі — усе 100). Паводле апісанняў Афтаназы, ён спалучаў рэгулярную планіроўку з алеямі, пракладзенымі пад прамым вуглом, і англійскі пейзажны стыль.

Тут расло мноства экзатычных дрэў: веймутавыя хвоі, срэбныя клёны, амерыканскія ліпы, італьянскія таполі. Парк упрыгожвалі кветкавыя дываны і групы дэкаратыўных кустоў. Сістэма каналаў і ставоў з выспамі, злучанымі масткамі, стварала маляўнічыя віды.

Схема парку з праекта рэстаўрацыі. Як выявілася, гістарычная планіроўка была зусім іншай, але праз няведанне праекціроўшчыкі нацягнулі гістарычныя збудаванні на савецкі стаў. Фота: з праектнай дакументацыі
Гістарычна Добасна ўлівалася ў стаў і выцякала з яго праз шлюз, на якім быў перакінуты мост. Галоўны пад’езд да палаца праходзіў праз доўгую алею ў парку на ўсходнім беразе ракі — аднак існаванне паловы парку і адзінага магчымага пад'езду да палаца ў праекце было цалкам праігнаравана

Праект рэстаўрацыі парку сёлета быў пададзены на XXII Рэспубліканскі конкурс на найлепшы праект і пабудову ў намінацыі «Рэстаўрацыя», праўда, пры невялікай канкурэнцыі так нічога і не атрымаўшы.

Менавіта ў конкурснай дакументацыі аўтары тэлеграм-канала «Спадчына» звярнулі ўвагу на дзіўную дэталь: праекціроўшчыкі прызнавалі, што натурныя абследаванні выявілі «поўную адсутнасць слядоў апор каменнага моста-дамбы» ў тым месцы, дзе было запланавана яго аднаўленне. Гэта вельмі дзіўна для такога грунтоўнага збудавання.

Пасля дэталёвага вывучэння гістарычных фотаздымкаў, планаў і спадарожнікавых здымкаў актывісты прыйшлі да высновы, што прычына ў тым, што моста ў гэтым месцы не было і быць не магло — сто гадоў таму гэта была сярэдзіна вадаёма.

Адзінай дарогай, што злучала сядзібу з трактам, была паркавая алея, якая ўпіралася ў стаў, пасля чаго паварочвала ўбок і па мосце-дамбе абыходзіла вадаём, прыводзячы гасцей да палаца. Цяпер тая частка парку аказалася адрэзаная ад палаца Добаснай. Фота: з праектнай дакументацыі

Кур’ёз з мостам

Фізічная адсутнасць якіх-небудзь слядоў апор моста была не адзінай прычынай засумнявацца ў правільнасці выбранага месца. Скарыстаўшыся гістарычнымі фотаздымкамі і ўласнай 3D-мадэллю, даследчыкі правялі супастаўляльны аналіз, які паказаў: мост ніяк не мог знаходзіцца ў тым ракурсе, у якім яго запраектавалі цяпер — амаль дакладна насупраць палаца, перпендыкулярна да галоўнай паркавай восі. Аднак гэтая нестыкоўка была праігнараваная.

Арачны мост. Фота: з праектнай дакументацыі

Новы мост-дамбу ўзвялі на пратоцы, якая сёння злучае стаў з ракой Добаснай. Але, як пераканаўча давялі актывісты, спасылаючыся на тыя ж фотаздымкі і гістарычныя планы, што і праекціроўшчыкі,

сто гадоў таму гэтай гаці — вузкай палоскі зямлі паміж ракой і ставам — не існавала. У той час Добасна ўпадала непасрэдна ў стаў, які быў значна большы за сучасны, а мост-дамба знаходзіўся ў адзіным лагічным месцы — там, дзе рака выцякала са става, выконваючы ролю шлюза. Сучасная ж гаць паміж ставам і ракой з’явілася толькі ў савецкі час.

Праекціроўшчыкі былі блізкія да разгадкі, аднак супастаўленне 3D-мадэлі з гістарычнымі здымкамі не дазволіла ім заўважыць, што мост апынуўся ў зусім іншым ракурсе, а палова парку з гістарычным пад'ездам да палаца аказаліся адрэзаныя ракой. Фота: з праектнай дакументацыі
Схема Жыліцкага парку. Пункцірам паказаныя сучасныя абрысы ракі і става, а таксама месца, дзе пабудавалі мост. Тлустымі лініямі паказаныя гістарычныя абрысы става, алеі і адзінае месца, дзе мог размяшчацца мост. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»

Супастаўленне гістарычных планаў, сучаснага рэльефу і размяшчэння старога рэчышча ракі, якое таксама было выпраставана ў савецкі перыяд, дазваляе даволі дакладна лакалізаваць сапраўднае месца гістарычнага моста. Аднак гэтая праца ў межах праекта праведзеная не была.

Парк Жыліцкай сядзібы размешчаны па абодва берагі Добасны. Адзінай дарогай, што злучала сядзібу з трактам паміж Бабруйскам і Рагачовам, была алея на супрацьлеглым беразе ракі — менавіта на яе восі стаіць палац. Алея праходзіла праз увесь парк на тым баку Добасны, упіралася ў стаў, пасля чаго паварочвала ўбок і па мосце-дамбе абыходзіла вадаём, прыводзячы гасцей да палаца.

Перспектыва, якая адкрывалася з балкона Жыліцкага палаца ў пачатку XX стагоддзя і цяпер. Можна заўважыць, што па галоўнай паркавай восі няма ніякага моста, які з'явіўся летась. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»
Від з мостам у пачатку XX стагоддзя. Подпіс у праектнай дакументацыі, імаверна, памылковы: на здымку паказаны не цэнтральны партэр, а востраў, на якім пазней была пабудаваная купальня. Фота: з праектнай дакументацыі

Сёння ж узнікла парадаксальная сітуацыя: галоўны пад’езд да сядзібы фактычна абрываецца на рацэ і нікуды не вядзе, бо адноўлены мост перакінуты не там, дзе ён знаходзіўся гістарычна. Гэтая нестыкоўка таксама не выклікала сумневаў у праекціроўшчыкаў.

Купальня ў стылі катэджа

Шмат пытанняў выклікае і адноўлены павільён-купальня на выспе. Даследчык гісторыі беларускіх сядзіб Раман Афтаназы апісваў гэты будынак як найбольш цікавы ў архітэктурным плане аб’ект парку. Гэта быў класіцыстычны павільён, акружаны каланадай, які служыў летняй купальняй.

Від на мост, купальні і палац у пачатку XX стагоддзя. Фота: з праектнай дакументацыі

У распараджэнні рэстаўратараў былі якасныя фотаздымкі Яна Булгака 1910 года, аднак сучасная версія атрымалася толькі аддалена падобнай да арыгінала. Па-першае, былі парушаныя прапорцыі: крок каланады не адпавядае гістарычным, а цэнтральную вежку-бельведэр выканалі амаль у два разы ніжэйшай, чым на архіўных здымках. У выніку тэрмальнае акно на сцяне вежкі, добра бачнае на старых фота, у новай версіі немагчыма ўбачыць ні з аднаго ракурсу — яго закрывае балюстрада. Пры гэтым, як адзначаюць актывісты, праблему была відаць ужо на этапе праектавання, яна добра счытвалася з 3D-мадэляў, але была праігнараваная.

Павільён-купальня ў пачатку XX стагоддзя. На вежачцы добра бачнае тэрмальнае акно. Фота: з праектнай дакументацыі
Візуалізацыя праекта. Вежа занадта нізкая, і акно на ёй цалкам схаванае за балюстрадай — дакладна ў такім выглядзе павільён і быў рэалізаваны. Фота: з праектнай дакументацыі
Драўляная купальня адбудоўвалася з жалезабетону. Фота: bobr.by

Па-другое, па ўзроўні дакладнасці паўтарэння гістарычнага павільёна і дэталізацыі купальня хутчэй нагадвае прыватны катэдж, чым помнік архітэктуры. Замест класічных калон, якія абавязкова павінны мець вытанчанае патанчэнне ствала ў верхняй частцы (энтазіс), з бетону адлілі простыя цыліндрычныя слупы. Спрасцілі і капітэлі: замест квадратнай пліты зверху (абакі), характэрнай для дарычнага ордара, з’явілася круглая форма. Самі калоны аказаліся значна танчэйшымі за гістарычныя. У тым жа ключы выкананыя і альтанкі-ратонды.

Нягледзячы на існаванне гістарычных фотаздымкаў і тысячагадовага архітэктурнага канону, калоны купальні не маюць ні абавязковага звужэння дагары, ні правільнай базы, ні капітэлі. Фактычна гэта простыя бетонныя цыліндры з прапорцыямі, што не адпавядаюць гістарычным. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»
Капітэлі калон на гістарычным здымку купальні. Верхні элемент капітэлі — абака — у класічным ордары абавязкова мае квадратную форму. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»
Капітэлі калон адноўленай купальні не адпавядаюць ні гістарычным здымкам, ні архітэктурным канонам. Такія формы звычайна сустракаюцца ў прыватнай катэджнай забудове, але ніяк не ў выніку рэстаўрацыі помніка. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»

Усё гэта груба парушае законы ордарнай архітэктуры, якія былі выпрацаваныя за тры тысячы гадоў і якія, як адзначаюць актывісты, вывучаюць на першым курсе архітэктурнага факультэта. Але яны па нейкай прычыне невядомыя тым, хто ўзяўся за аднаўленне Жылічаў.

Не ўдалося паўтарыць і гістарычныя балюстрады паміж калонамі — выглядае, што зрабіць гэта нават не спрабавалі. На фотаздымках 1910 года прасветы паміж калонамі запоўненыя складанымі балюстрадамі з фігурнымі балясінамі і прафіляванымі завяршэннямі, а ў іншых месцах гэта былі лавы, чые спінкі служылі балюстрадамі. У сучасным жа варыянце ўсё заменена на прымітыўныя канструкцыі з бакавымі слупкамі, падобныя да тыпавых элементаў з бібліятэкі нейкай праграмы 3D-праектавання.

Знос карэтнай

Але нават тыя аўтэнтычныя аб’екты сядзібы, якія нейкім цудам дайшлі да нашага часу, не былі належным чынам захаваныя. Замест навуковай рэстаўрацыі некаторыя з іх проста знішчылі дашчэнту і «аднавілі» з нуля, не надта звяртаючы ўвагу на дэталі.

Гістарычная карэтная да зносу. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»
Знос карэтнай у сядзібе Булгакаў у 2024 годзе. Фота: bobr.by

Так, у 2024 годзе быў без лішняга шуму разабраны будынак карэтнай, а на яго месцы ўзведзены навабуд — грубы муляж «па матывах».

У новай версіі будынка аніводная дэталь або форма не адпавядаюць гістарычным, зафіксаваным на архіўных фотаздымках, прытым што некаторыя з гэтых архітэктурных дэталяў захоўваліся аж да самага зносу.

Адбудаваная з нуля карэтная. Здалёк можа здавацца, што ўсё гэтак жа, як і было раней, але д'ябал у дэталях. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»
Адбудаваная з нуля карэтная. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»

Знікла складаная пластыка фасадаў: прафіляваныя карнізы і раскрапоўкі, уласцівыя класіцыстычнай архітэктуры. Аркады атрымалі грубы, празмерна выяўлены аб’ём, хаця гістарычна былі значна больш плоскімі і далікатнымі. Афармленне часткі аконных праёмаў увогуле выглядае выдуманым.

Адноўлены будынак карэтнай атрымаў вельмі спрошчаны, прымітыўны дэкор. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»
Гістарычна аркады карэтнай і захаванай лядоўні былі амаль плоскімі. Але ў «адноўленай» з нуля карэтнай яны моцна выступаюць вонкі. Відаць, гістарычны будынак быў знішчаны без належных абмераў. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»
Многія дэталі карэтнай былі страчаныя разам з аўтэнтычнымі сценамі. Замест прафіляванага карніза, які агінаў архітэктурныя элементы фасада, з’явіліся грубыя плоскія выступы. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»
Пры аднаўленні карэтнай архітэктары кіраваліся ўласнымі ўяўленнямі пра тое, як будынак мусіў выглядаць, а не тым, якім ён быў перад зносам. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»

«Гэта і ёсць фальсіфікацыя гісторыі, калі замест аўтэнтыкі і навуковай рэстаўрацыі прапануюць нешта адноўленае абы-як, без аніякага разумення архітэктуры», — падсумоўваюць сітуацыю ў Жылічах аўтары тэлеграм-канала «Спадчына».

Чаму так адбылося

Заказчыкам чацвёртай чаргі работ выступае Упраўленне капітальнага будаўніцтва Магілёва. У штаце ўстановы працуе Таццяна Мацвеенка, якая мае пасведчанне на кіраўніцтва распрацоўкай навукова-праектнай дакументацыі для правядзення рамонтна-рэстаўрацыйных работ на матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцях.

Менавіта яна адказвае за падрыхтоўку комплекснага навуковага даследавання аб’екта перад рэстаўрацыяй, на аснове якога адбываецца праектаванне, за навуковае абгрунтаванне прынятых праектных рашэнняў, а таксама за аўтарскі нагляд за іх рэалізацыяй.

Відавочна, што ў Жылічах адбыўся прамы канфлікт інтарэсаў: штатны навуковы кіраўнік не можа не абгрунтаваць зручныя і выгадныя для свайго працадаўцы рашэнні.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары2

  • Эдмунд
    05.01.2026
    Тое адчуванне калі рубішся з архітэктарам за вышыню ветшахты на тыпавой панэльцы, і ён табе даказвае, што вышэй нельга, бо тады прапорцыі будуць не тыя і гэта не будзе задавальняць архітэктурным законам... А тут...😭
  • А
    05.01.2026
    Эдмунд, калі архітэктар не дбае пра архітэктуру, то гэта не архітэктар, а чарціла.

Цяпер чытаюць

«Сядзеў ужо 50 сутак, затрымалі яго дзяўчыну і брата». Сукамернік расказаў пра радыёаматара, арыштаванага за здраду дзяржаве4

«Сядзеў ужо 50 сутак, затрымалі яго дзяўчыну і брата». Сукамернік расказаў пра радыёаматара, арыштаванага за здраду дзяржаве

Усе навіны →
Усе навіны

Літоўскі міністр: Было б добра, каб Ціханоўская сама абвясціла пра свае планы15

У Італіі знайшлі базіліку, спраектаваную старажытнарымскім архітэктарам Вітрувіем3

Памерла Ірына Быкава, удава Васіля Быкава7

Гомель у гэтыя дні стаў сталіцай снегавога мастацтва ФОТЫ

Чаму Мерц так стрымана рэагуе на Трампаў замах на Грэнландыю? Бо Германія найбольш залежная ад ЗША6

Новы трэнд у планіроўцы памяшканняў: санвузлы ўнутры пакояў за рассоўнымі сценамі ці нават без іх9

Трамп расказаў пра новую гукавую зброю, дзякуючы якой захапілі Мадура2

«Дразды» перазапісалі сваю знакамітую песню «Хата бацькоў» на рускай мове20

Зяленскі заўтра паедзе ў Давос, каб сустрэцца з Трампам

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Сядзеў ужо 50 сутак, затрымалі яго дзяўчыну і брата». Сукамернік расказаў пра радыёаматара, арыштаванага за здраду дзяржаве4

«Сядзеў ужо 50 сутак, затрымалі яго дзяўчыну і брата». Сукамернік расказаў пра радыёаматара, арыштаванага за здраду дзяржаве

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць