У Івацэвіцкім раёне лесаводы знайшлі рэдкі грыб — ежавік, ці герыцый каралападобнны, які занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі. Ён атрымаў сваю назву з-за незвычайнай формы, якая нагадвае марскі карал, піша Times.by.

Грыб знайшлі спецыялісты сектара аховы лесу Даманаўскага лясгаса падчас палявых работ на тэрыторыі Дабрамысльскага лясніцтва. Дакладныя каардынаты знаходкі не паведамляюцца, паколькі гэта ахоўны від. На месцы ўжо паставілі фотапастку, каб назіраць за грыбам.
Інфармацыю пра знаходку лесаводы перадалі ў Івацэвіцкую раённую інспекцыю прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Галоўная спецыялістка інспекцыі Вольга Белякова пацвердзіла ўнікальнасць знаходкі і адзначыла, што раней гэты від у Івацэвіцкім раёне не фіксаваўся.

Каралападобны ежавік звычайна расце на мёртвай драўніне лісцевых дрэў, найчасцей дуба, асіны, вяза і бярозы. У прыродзе ён сустракаецца паасобку або невялікімі групамі.
Маладыя экзэмпляры гэтага грыба ядомыя, аднак збіраць іх нельга праз рэдкасць віду і яго ахоўны статус. Далейшае назіранне за месцам знаходкі і меры па яго ахове будуць праводзіцца ў адпаведнасці з прыродаахоўным заканадаўствам.
Каментары
Назва "ежавІк" - гэта проста поўная копія з расейскай. Ніхто больш у сьвеце так яго не называе. Так што правільна пісаць "ён атрымаў сваю назву таму што так гаспадары з Масквы яго называюць". Дарэчы нават на беларускіх паштовых марках ён быў напісаны як "Яжовік", а не "ежавІк" - ўжо самі заблыталіся што ў іх як нызываецца. А беларусы завуць яго сямірога, барада, баран, дуплянка, булаўніца, капусыр, баранеча галава. А ўвогуле сваю першую назву ён атрымаў яшчэ ў 1794 годзе - "зубы мядзьведзя" (bear`s head tooth).
> Далейшае назіранне за месцам знаходкі і меры па яго ахове будуць праводзіцца ў адпаведнасці з прыродаахоўным заканадаўствам
Вось гэта асабліва сьмешна.
[Зрэдагавана]