У Мінску закрылі вуліцу Масюкоўшчына адразу ажно на пяць гадоў. Што там адбываецца?
Вуліца Масюкоўшчына застаецца часткова перакрытай з 2011 года, а абяцаны дублёр даўжынёй менш за кіламетр так і не пабудавалі. Цяпер больш за 50 дамоў могуць аказацца заблакаванымі з абодвух бакоў: побач пачнецца будаўніцтва буйной развязкі.

Рух на ўчастку вуліцы Масюкоўшчына ад вуліцы Міхася Лынькова да вуліцы Калеснікава будзе закрыты да 17 лістапада 2030 года. Пра гэта гаворыцца ў свежым рашэнні Мінгарвыканкама.
Гэта азначае, што жыхары дамоў 34—88 на гэтым адрэзку, а таксама дамоў на Ждановіцкай вуліцы, якая прымыкае да перакрытага ўчастка, могуць застацца без аніякай магчымасці пад’езду да сваіх участкаў. Вуліца заціснутая паміж чыгуначнымі пуцямі і гаражным масівам, і іншых выездаў з яе проста няма.

У дакуменце не тлумачыцца, як пры поўнай забароне руху будуць арганізаваныя праезд хуткай дапамогі, пажарнай або камунальнай тэхнікі, якой у хуткім часе трэба будзе расчышчаць снег — ніякіх выключэнняў у тэксце не прапісана.
Як Масюкоўшчына стала праблемнай
Вуліца Масюкоўшчына з’явілася ў Мінску пасля ўключэння аднайменнай вёскі ў межы горада ў 2004 годзе. Да таго часу яна называлася Цэнтральнай.
Вуліца была асноўным выездам з жылога раёна Масюкоўшчына на МКАД. Сітуацыя пагоршылася, калі ў канцы 2000‑х — пачатку 2010‑х гадоў вуліцу Ціміразева закрывалі на рэканструкцыю.

Дадалося і тое, што ў 2010‑я гады пачалося актыўнае будаўніцтва Каменнай Горкі. Цэнтральная вуліца былой вёскі стала транзітнай сувяззю паміж старым і новым жылымі раёнамі на захадзе горада. Побач таксама з’явілася вялікая паркоўка каля праходу пад чыгункай да рынку Ждановічы, што прыцягнула яшчэ больш аўтамабіляў.


Вузкая вясковая вуліца не была разлічаная на такі трафік, які парушаў камфорт і бяспеку яе жыхароў. Людзі гадамі звярталіся ў ДАІ, адміністрацыю раёна і Мінгарвыканкам з просьбай перакрыць транзіт, падкрэсліваючы, што не зробленыя тратуары і няма бяспечных умоў для руху пешаходаў.
Пастаўленыя дарожныя знакі, якія забаранялі транзітны рух, ляжачыя паліцэйскія і рэйды ДАІ не дапамагалі. У 2011 годзе рух упершыню перакрылі фізічна — на ўездзе з боку вуліцы Лынькова паставілі бетонныя блокі.
Гэта часткова паменшыла паток машын, хоць рух заставаўся актыўным, а бліжэй да вуліцы Калеснікава вуліца нагадвала стыхійную паркоўку для наведвальнікаў рынку, якія не хацелі плаціць за месца на платнай паркоўцы.
Абяцаная вуліца-дублёр


У 2012 годзе ўлады прынялі рашэнне пабудаваць вуліцу-дублёр уздоўж чыгункі, якая б абышла сядзібную забудову і злучыла вуліцу Лынькова з вуліцай Калеснікава, а далей — працягнулася да МКАД.
Даўжыня новай вуліцы-дублёра была меншай за 900 метраў — але сродкаў на яе так і не знайшлося.
Планавалася, што вуліцу-дублёр адкрыюць да 2018 года разам з пуцеправодам цераз чыгунку, які б звязаў Каменную Горку з Лебядзіным. Аднак будаўніцтва нават не пачыналася.
Бетонныя блокі з боку Лынькова сапраўды прыбралі, але ў 2020 годзе рух зноў абмежавалі — на пяць гадоў, «у сувязі з пагрозай бяспецы дарожнага руху, у тым ліку жыццю і здароўю грамадзян». Тэрмін гэтага рашэння і скончыўся цяпер.


Развязка і пуцеправод над чыгункай
Пасля заканчэння дзеяння абмежавання паўстала пытанне: ці адкрываць вуліцу. Але Мінгарвыканкам прыняў новае рашэнне — замест ранейшага абмежавання руху была ўведзена забарона на пяць гадоў.
Адной з прычын можа быць тое, што ў 2025 годзе нарэшце пачалося праектаванне пуцеправода, які мае звязаць Ратамскую вуліцу з вуліцай Калеснікава. Пачатак будаўніцтва плануецца ў 2026 годзе.

Аднак, згодна з праектам дэталёвай планіроўкі 2022 года, новая развязка не толькі не вырашае праблемы жыхароў вуліцы Масюкоўшчына, але можа зрабіць яе больш вострай. У праекце няма абяцанага дублёра ўздоўж чыгункі: блізкасць вясковых могілак робіць яго пракладку немагчымай.
Замест гэтага вуліцу, якая адыходзіць ад вуліцы Калеснікава, пабудуюць так, што яна пройдзе перад могілкамі, для чаго плануюць знесці шэраг дамоў, і створыць Т-падобнае скрыжаванне з вуліцай Масюкоўшчына. Яе працяг праз гаражны масіў пазначаны толькі ў перспектыве — і можа зацягнуцца на дзесяцігоддзі.
Праўда, магчыма, будзе рэалізаваны іншы варыянт, таму што ў праекце дэталёвай планіроўкі быў паказаны кароткі чыгуначны пуцеправод над вуліцамі Калеснікава — Ратамскай, аднак гэтым летам гендырэктар «Мінскбуда» Аляксандр Церахаў заявіў, што тут з’явіцца пуцеправод даўжынёй каля 400 метраў.
Такая вялікая даўжыня можа сведчыць, што плануецца не чыгуначны, а аўтамабільны пуцеправод цераз чыгунку: ад вуліцы Ціміразеўскай да вуліцы Масюкоўшчыны. У такім выпадку выезд з вуліцы Масюкоўшчына да вуліцы Калеснікава можа быць цалкам перакрыты будаўнічай пляцоўкай.
У такой сітуацыі лагічна было б адкрыць праезд з боку вуліцы Лынькова, бо калі ён застаецца закрытым, а выезд у бок Калеснікава можа быць перакрыты будаўніцтвам, жыхары вуліцы Масюкоўшчына рызыкуюць апынуцца заблакаваныя з двух бакоў.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары
І звярніце ўвагу на крыж перад вёскай. Хоць фармальна яна даўно і ў межах горада.