«Хавалі Сашу ў сукенцы, якую яна выбрала сабе на вяселле». Блізкія дзяўчыны, якая памерла пасля тату, расказалі пра трагедыю
Навіна пра смерць 21‑гадовай Сашы, якая зрабіла татуіроўку і памерла напярэдадні ўласнага вяселля, усё яшчэ навіна нумар адзін у Маладзечне, яе родным горадзе. Трагедыі папярэднічала татуіроўка, зробленая ў хатніх умовах. Дакладную прычыну смерці пакуль высвятляюць эксперты. Блізкія ж расказалі, што незадоўга да хваробы Саша кантактавала з малечай, у якой пасля таксама знайшлі схаваную пнеўманію, піша Onlíner.

«У Сашкі ўсё цела было ў ягоных татуіроўках»
7 кастрычніка Дзяржкамітэт судовых экспертыз паведаміў пра смерць 21‑гадовай дзяўчыны з Маладзечна, якая напярэдадні гібелі зрабіла сабе татуіроўку. Родныя дзяўчыны расказалі Onlíner, што пакуль не атрымалі вынікаў экспертызы, дзе была б пазначана дакладная прычына яе смерці, але пагадзіліся расказаць пра абставіны, якія папярэднічалі трагедыі.
— Саша і А. збіраліся пажаніцца 30 жніўня, і ўсё-ўсё ўжо было гатова да ўрачыстасці: запрошаны госці, заказаная сядзіба, куплены сукенка і падарункі. Пасля ўсе гэтыя ж госці прыйшлі не на вяселле, а на пахаванне, — не можа стрымаць слёз Вера (імя зменена), блізкая сваячка з боку жаніха. — І сукенку Сашы надзелі тую, якую яна сама выбрала ў якасці вясельнай.
Саша жыла ў Маладзечне, працавала ў адным з гарадскіх кафэ поварам. Яе бацькі развяліся, калі ёй было ўсяго пяць гадоў. Саша засталася жыць з бацькам, другая жонка якога была для яе як маці.
Два гады таму яна пазнаёмілася з А., у канцы жніўня ў іх павінна было адбыцца вяселле. Яе хлопец, акрамя асноўнай працы, захапляўся татуіроўкамі і рабіў іх на даму ў асноўным сябрам і блізкім знаёмым.
— У Сашкі ўсё цела было ў ягоных татуіроўках, — успамінае Вера. — А. вельмі адказна да ўсяго падыходзіў, выконваў усе правілы, стэрыльнасць. Зразумела, што дома… Мне ён таксама зрабіў татуіроўку. У мяне высокі парог болю, даводзілася часта выходзіць паліць, дык А. заўсёды мяняў іголку. І Сашцы рабіў, не мог ёй адмовіць…
Незадоўга да ўласнага вяселля, 19 жніўня (у аўторак), Саша папрасіла А. дапрацаваць татуіроўку. На той час у яе на левым перадплеччы ўжо быў набіты контур малюнка. А., па словах блізкіх, угаворваў Сашу працягнуць ужо пасля вяселля, але дзяўчына настаяла, і хлопец правёў другі сеанс: хвілін 40 рабіў растушоўку чорным колерам.
— А. апрацаваў, як і належыць, месца татуіроўкі, не ведаю, як яна дакладна называецца, заклеіў спецыяльнай плёначкай. Гаенне ішло добра. У чацвер у Сашы паднялася тэмпература, яна прыняла гарачкапаніжальнае, і ў пятніцу ёй палягчэла. Але ў суботу Сашы стала горш, яна страціла прытомнасць, і А. выклікаў ёй хуткую дапамогу.
«КТ паказала двухбаковую пнеўманію»
Медыкі, якія прыехалі, па словах суразмоўніцы, звярнулі ўвагу, што ў Сашы ўтварыўся ацёк на месцы татуіроўкі, і павезлі на шпіталізацыю з папярэднім дыягназам «сепсіс». У бальніцы дзяўчыну адразу ж паклалі ў рэанімацыю.
— Калі ў яе ўзялі ўсе аналізы і зрабілі КТ — выявілася двухбаковая пнеўманія, — расказала Вера. — Яшчэ да Сашы з Бараўлянаў выклікалі доктара, думалі перавезці яе туды. Але ў выніку вырашылі, што дарогу яна не перанясе, і пакінулі ў Маладзечанскай ЦРБ. А ў нядзелю, 24 жніўня, нам патэлефанавалі і сказалі, што Саша памерла. Пасля да іх дадому прыходзілі следчыя, узялі яе рэчы і машынку, якой А. набіваў татуіроўку <…>.
Па словах Веры, незадоўга да вяселля Саша толькі казала, што схуднела на два кілаграмы, хоць харчавалася як звычайна.
— Але на здароўе яна не скардзілася. У сераду (на наступны дзень пасля нанясення татуіроўкі) яна была ў сваіх бацькоў, яны разам яшчэ куплялі падарункі да вяселля, і выглядала «здаровым дзіцем», — расказала Вера і дадала, што блізкія дзяўчыны і яе хлопец глыбока перажываюць трагедыю.
Па словах суразмоўніцы, родныя Сашы ні ў чым не вінавацяць А., наадварот, вельмі імкнуцца яго падтрымаць: хлопец, які напярэдадні страціў нявесту, зараз «сам не свой».
— Ён вельмі цяжка перажывае смерць Сашы. Мала таго што ён сам сябе вінаваціць у тым, што здарылася, дык яшчэ пасля выхаду навін усе сталі пісаць напрамую, што гэта ён вінаваты. Але мы так не думаем. Таму і бацькі Сашы, і блізкія А. — усе яго спрабуюць падтрымаць, і хтосьці заўсёды імкнецца быць побач з ім.
Яшчэ адзін блізкі да сям'і дзяўчыны чалавек расказаў, што незадоўга да таго, як у Сашы паднялася тэмпература, яна даглядала малечу блізкіх сваякоў. Праз нейкі час у той таксама была выяўлена схаваная форма пнеўманіі, якая працякала бессімптомна. Вось што ён расказаў:
— Пнеўманію ў дзіцяці выявілі выпадкова, калі яны ў паўгода праходзілі ўсіх дактароў і здавалі аналізы. Яе нават забіралі ў рэанімацыю, на шчасце, усё абышлося. Саша хацела быць яе хроснай мамай.
Цяпер чытаюць
«Пераапрануўся ў амапаўца і дырыжыраваў чорнай дубінкай». Адзін з заснавальнікаў «Вольнага хору» — пра акцыі ў гандлёвых цэнтрах у 2020‑м і працу ў філармоніі ў Літве

Каментары
У псіхіятрыі выкананне татуіровак класіфікуецца як самаразбуральны афект (тое ж самае, што і суіцыдальныя паводзіны).
Выходзіць, што імкненне да зняцця трывогі праз татуіроўкі прывяло чалавека на той свет. Трэба было лячыць дзяўчо.