У ЗША пахаваюць беларускага пісьменніка, які знік без звестак у 1976 годзе
Мікола Цэлеш прапаў без звестак амаль 50 гадоў таму.

24 кастрычніка, амаль праз 50 гадоў пасля смерці адбудзецца пахаванне беларускага пісьменніка Міколы Цэлеша. Ён знік без вестак у 1976 г.
Нядаўна ягонае цела, знойдзенае, як высветлілася, яшчэ ў 1991 г., змаглі ідэнтыфікаваць і цяпер яно будзе пахаванае на могілках царквы Жыровіцкай Божай Маці БАПЦ у Іст-Брансвіку (штат Нью-Джэрсі), паведаміла ў сваім фэйсбуку даследчыца беларускай эміграцыі Наталля Гардзіенка.
У пятніцу, 24 кастрычніка, а 10.00 адбудзецца адпяванне ў Пахавальным доме Малішэўскага, а потым уласна пахаванне на могілках у Іст-Брансвіку.
Падрабязнасцяў гэтай справы няма. Наталля Гардзіенка ў каментарах да свайго допісу напісала, што на пахаванні будуць паліцэйскія, а яна паспрабуе даведацца падрабязнасці.
Мікола Цэлеш нарадзіўся 25 ліпеня 1900 г. у вёсцы Зазер’е (цяпер Лепельскі раён). Вучыўся ў Бялыніцкай народнай вучэльні да 1914 г., калі бацьку адправілі ў войска. Ад 1916 г. жыў у Варонежы, працаваў на пошце, потым перабраўся ў Кадзіеўку ва Украіне. У 1919 г. скончыў агульнаадукацыйныя курсы і быў мабілізаваны ў Чырвоную Армію. Дэмабілізаваўся ў 1922 г. і прыехаў у Мінск.
Ад 1929 г. пачаў друкавацца ў перыёдыках. Працаваў у часопісе «Паляўнічы Беларусі», выдаў кнігі апавяданняў, у тым ліку й для дзяцей: «Апавяданні паляўнічага» (1931), «Са стрэльбай і сабакам» (1932), «Курылка: запіскі вучня царкоўнапрыходскай школы» (1935, 1938), «Знаходка» (1939) і «Буська» (1939).
У часе нямецкай акупацыі Мікола Цэлеш працаваў у «Беларускай газэце». Ад лета 1944 г. жыў на эміграцыі. Спачатку — у Нямеччыне. У 1949 г. выехаў у ЗША. Жыў у Нью-Ёрку. Зарабляў фізічнай працай.
Быў сябрам Беларуска-амерыканскага задзіночаньня. На эміграцыі выйшлі «Дзесяць апавяданняў» (1965) і пасмяротна выдадзены Беларускім інстытутам навукі й мастацтва збор твораў «Хмары над Бацькаўшчынай» (укладзены Лявонам Юрэвічам, 1995). Пісаў пад псеўданімам Марцін Люціч.
Бясследна прапаў у 1976 годзе.

Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары
Хмары над Бацькаўшчынай
https://kamunikat.org/khmary-nad-batskawshchynay-tselesh-mikola
Лепшае што я магу зрабіць , гэта пачытаць .
Вечная памяць.