Гісторыя11

З беларускай драўніны пабудаваная не толькі Рыга, але і палацы ў Брытаніі

Шырокая і павольная Дзвіна на працягу многіх стагоддзяў была гандлёвым шляхам, які злучаў беларускія лясы з портам Рыгі, а праз яго — з усёй Заходняй Еўропай. Апошнія навуковыя даследаванні паказваюць, наколькі беларускі лес быў важным і запатрабаваным нават у такіх аддаленых месцах, як Англія.

Літэм-хол у паўночна-заходняй частцы Англіі, пры будаўніцтве якога выкарыстоўвалася беларуская драўніна. Фота: Wikimedia Commons

Беларускі навуковец Максім Ярмохін з Універсітэта Берна (Швейцарыя) разам з гісторыкам Марысам Зундэ з Інстытута гісторыі Латвіі паказалі ў артыкуле ў часопісе Dendrochronologia, што вялікая частка драўніны, вядомай у Еўропе як «рыжская сасна» або «балтыйскі дуб», паходзіла з тэрыторыі сучаснай Беларусі. 

На публікацыю звярнуў увагу канал «De facto. Беларуская навука».

Сасна — самы распаўсюджаны від дрэў на тэрыторыі Беларусі. Лясы з дамінаваннем гэтага віду складаюць больш за палову лясоў, што зрабіла яе асноўным будаўнічым матэрыялам яшчэ з глыбокай старажытнасці.

Лясы, у складзе якіх пераважае сасна, складаюць больш за палову ад усіх лясоў на тэрыторыі Беларусі. Фота: Фотаэнцыклапедыя Беларусі

Пачынаючы з XIII стагоддзя, драўніна з тэрыторыі сучаснай Беларусі — не толькі сасна, але і дуб — пачала трапляць у Еўропу, часта пад назвамі «балтыйскі дуб» або «рыжская сасна» (Rigaholt). Такія пазнакі могуць уводзіць у зман, бо яны не абазначалі месца паходжання драўніны, а толькі маршрут яе пастаўкі. Беларуская драўніна сплаўлялася па буйных рэках да Балтыкі: па Нёмане — з заходняй часткі краіны, па Дзвіне — з поўначы і таксама з басейна Дняпра, які ахоплівае паўднёвыя і ўсходнія рэгіёны Беларусі, а часткова і з тэрыторыі сучасных Расіі ды Украіны. Па Дзвіне беларускі лес сплаўлялі ў Рыгу, адкуль большая яго частка экспартавалася ў Заходнюю Еўропу.

Было вядома, што Беларусь была важным пастаўшчыком драўніны ў порт Рыгі, аднак у большасці даследаванняў гэтая тэма амаль не распрацоўвалася: драўніну згадвалі толькі між іншымі таварамі, якія транспартавалі па Дзвіне, без указання парод, крыніц, аб’ёмаў і маршрутаў паставак. 

Краявід Рыгі з левага берага Даўгавы. Гравюра 1547 года. Фота: Wikimedia Commons

«Рыжская сасна», значная частка якой паступала з Беларусі, высока цанілася як мачтавы лес — яна мела высокія, прамыя ствалы, сфарміраваныя пры спецыфічных кліматычных умовах: вялікі снежны покрыў узімку і адносна доўгі вегетацыйны сезон. Шатландскі батанік Джон Клодыус Лаўдан (1783—1843) нават апісаў яе як асобную разнавіднасць сасны — var. rigensis (то-бок рыжская).

Паводле гістарычных крыніц, яшчэ ў XIII-XIV стагоддзях амаль уся драўніна паходзіла з тэрыторыі сучаснай Латвіі. Але з XV стагоддзя ў Рыгу пачала трапляць драўніна з Літвы і паўночнай Беларусі. Да XVI стагоддзя драўніна з Беларусі ўжо ў значнай колькасці экспартавалася ў Рыгу. У другой палове стагоддзя пайшла драўніна з басейна Дняпра. 

Напрыканцы XVIII стагоддзя драўніну нават здабывалі ў лясах за 1500 км ад Рыгі — у басейне Волгі. Тым не менш розныя гістарычныя запісы паказваюць, што на працягу некалькіх стагоддзяў большасць драўніны, экспартаванай праз порт Рыгі, паходзіла з Беларусі.

Дом Даненштэрна ў Рызе, пры будаўніцтве якога выкарыстоўвалася беларуская драўніна. Фота: Wikimedia Commons

Сведчанні па беларускую драўніну засталіся не толькі ў дакументах па гісторыі гандлю Рыгі, але ў археалагічных знаходках і ў канструкцыйных элементах гістарычных аб’ектаў на тэрыторыі горада. У канцы XX стагоддзя было праведзена дэндрахраналагічнае датаванне вялікіх сасновых перакрыццяў у доме вядомага галандскага гандляра і караблебудаўніка Эрнста Мэц’ю фон Даненштэрна ў Рызе. Выявілася, што Даненштэрн рэгулярна набываў і экспартаваў лес з маёнткаў роду Чартарыйскіх, гэта значыць, з тэрыторыі Рэчы Паспалітай. 

Навукоўцы выказалі здагадку, што драўніна для рыжскага дома, пабудаванага ў канцы XVII стагоддзя, магла быць нарыхтавана ў беларускіх лясах.

Англійскі палац Дэнсан-хаус пад Лонданам, пры будаўніцтве якога выкарыстоўвалася беларуская драўніна. Фота: Wikimedia Commons

Пры гэтым выявілася, што гадавыя кольцы драўніны з дома Даненштэрна вельмі дакладна супадалі з кольцамі драўніны, якая выкарыстоўвалася ў паладыянскіх англійскіх палацах сярэдзіны XVIII стагоддзя — у Дэнсан-хаусе (Danson House) у лонданскім прыгарадзе Бэкслі і Літэм-холе (Lytham Hall) на паўночна-заходнім узбярэжжы Англіі — за больш як 2000 км ад Рыгі па моры. Абодва будынкі — помнікі 1‑й катэгорыі ў брытанскім рэестры.

У апошнія дзесяцігоддзі ў Беларусі была распрацаваная 831‑гадовая дэндрахраналогія для сасны з паўночнай Беларусі, якая дазволіла пацвердзіць ранейшыя здагадкі. Так, рады гадавых кольцаў з дома Даненштэрна вельмі падобныя да тых, што былі выяўлены ў Віцебску і Смаленску. Далейшыя даследаванні паказалі, што прынамсі ў дванаццаці значных гістарычных аб’ектах у Рызе — цэрквах, дамах, умацаваннях і набярэжных — драўляныя канструкцыі найбольш верагодна зроблены з беларускай драўніны.

Каб палепшыць дакладнасць, у беларускую шкалу былі дададзены ўзоры з дома Даненштэрна, пасля чаго вялікае падабенства выявілася і з некалькімі іншымі канструкцыямі рыжскіх будынкаў канца XVI — пачатку XVIII стагоддзяў: рэшткі будынка на вуліцы Мясніеку, участкі берагоў Даўгавы і Рыдзэнэ, зніклага рукава Даўгавы, а таксама дзве канструкцыі ў Рыжскім саборы.

Касцёл Святога Якуба ў Рызе, пры будаўніцтве якога выкарыстоўвалася беларуская драўніна. Фота: Wikimedia Commons

Адна з найбольш ранніх канструкцый з, верагодна, беларускай драўніны датуецца 1397 годам — палевае збудаванне, выяўленае на вуліцы Англіканю. Яшчэ дзве, у тым ліку ў касцёле Святога Якуба і ва ўмацаваннях берага Даўгавы, датуюцца канцом XV стагоддзя. Колькасць такіх аб’ектаў павялічваецца ў наступным стагоддзі, дасягнуўшы піку ў XVI—XVII стагоддзях: сем — XVI стагоддзе, восем — XVII стагоддзе. З канца XVI стагоддзя супадзенне ўзораў рыжскай драўніны максімальна супадае з беларускай дэндрахраналагічнай шкалой. 

Такое ж супадзенне паказваюць і ўзоры з брытанскіх арыстакратычных сядзіб сярэдзіны XVIII стагоддзя, што пацвярджае гіпотэзу, што драўніну да іх прывезлі з паўночнай або паўночна-ўсходняй Беларусі.

Яшчэ ў пачатку XX стагоддзя лес сплаўлялі па беларускіх рэках плытагоны. Фота: Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў

Гэты пік супадае са звесткамі гістарычным крыніц. Напрыканцы XVIII стагоддзя экспарт быў настолькі значны, што ў Беларусі пабудавалі тры сістэмы каналаў для злучэння басейна Дняпра з рэкамі, якія ўпадаюць у Балтыку: Дняпроўска-Бугскі (1786), які злучыў Прыпяць і Буг; Агінскі (1783), які злучыў Прыпяць і Нёман, і Бярэзінскі (1805), які злучыў Бярэзіну і Дзвіну. Аднак у сярэдзіне XIX ст. экспарт драўніны па каналах рэзка скараціўся праз вычарпанне высокаякасных лясоў, і сістэмы пачалі занепадаць. 

Беларусь стагоддзямі была адной з галоўных крыніц будаўнічага лесу для Рыгі, а праз яе — для гарадоў Заходняй Еўропы. Цяпер, калі ў руках даследчыкаў ёсць доўгая храналогія гадавых кольцаў, навукоўцы не проста могуць паказваць на кірункі гандлю ў мінулыя стагоддзі, а звязваць канкрэтныя помнікі з канкрэтнымі мясцовасцямі, дзе здабываліся будаўнічыя матэрыялы. Гэта ўключае Беларусь у гістарычны кантэкст еўрапейскага гандлю і адкрывае новыя напрамкі даследаванняў.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары1

  • Отец Засандалий
    16.10.2025
    Классический колониализм.

Азараў моцна пакрыўдзіўся на словы «псеўдалідаркі Ціханоўскай», што яго План Перамога быў памылкай32

Азараў моцна пакрыўдзіўся на словы «псеўдалідаркі Ціханоўскай», што яго План Перамога быў памылкай

Усе навіны →
Усе навіны

Невялічкі эцюд Мікеланджэла прадалі за 27,2 мільёна даляраў. Гэта рэкорд1

«Бро, не купляй сабе бульбяны мяшок — ідзі ў залу»: беларускі вядучы ТНТ раскрытыкаваў мужчынскія касцюмы оверсайз13

Беларуска Марына Зуева заняла на Алімпіядзе 15‑е месца2

«Чароўны трусік» Юрый Дземідовіч узначаліў расійскі правінцыйны оперны тэатр13

Ціханоўская прызналася, што мала чым можа памагчы беларусам у Грузіі10

Адключэнне ад Starlink запаволіла тэмпы расійскага наступлення. Але ці надоўга?6

На Магілёўшчыне будуць вырабляць чырвоную ікру, але не для таго, каб яе есці5

Заходнія спецслужбы сумняюцца, што за замахам на генерала Аляксеева стаіць Украіна4

Люксавы італьянскі брэнд Miu Miu выпусціў калекцыю, якую параўналі з халатамі з ЦУМа5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Азараў моцна пакрыўдзіўся на словы «псеўдалідаркі Ціханоўскай», што яго План Перамога быў памылкай32

Азараў моцна пакрыўдзіўся на словы «псеўдалідаркі Ціханоўскай», што яго План Перамога быў памылкай

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць