Прэзідэнт Сірыі Ахмед аш-Шараа заявіў у сераду, што перамовы паміж яго ўрадам і Ізраілем па пытаннях бяспекі могуць даць вынік ужо ў «найбліжэйшыя дні». Кіраўнік сірыйскага МЗС выказаўся асцярожней, сказаўшы, што пагадненне аб бяспецы можа быць дасягнутае да канца года. У кожным разе, адзначаюць эксперты, сам факт дыпламатычных зносін паміж гэтымі дзвюма краінамі ўнікальны, піша Руская служба Бі-бі-сі.

Перамовы паміж Дамаскам і Тэль-Авівам ідуць ужо некаторы час, і ў чацвер дэлегацыі бакоў сустракаюцца ў Баку для новага раўнда. Па даных выдання Sky News Arabia, на гэтым этапе будзе разгледжаная прапанова Ізраіля аб пагадненні пра буферную зону на ўзор мірнай дамовы з Егіптам 1979 года.
Па сутнасці гэта азначае, што Ізраіль прапануе падзяліць тэрыторыю на паўднёвы захад ад Дамаска да ізраільскай мяжы на тры зоны з рознымі абмежаваннямі на размяшчэнне войскаў і ўзбраенняў.
Паводле звестак крыніц, блізкіх да перамоў, на якія спасылаецца Al Jazeera, план таксама прадугледжвае пашырэнне наяўнай буфернай зоны на два кіламетры з сірыйскага боку. У паласе, непасрэдна прылеглай да ізраільскай мяжы, сірыйскаму боку будзе забаронена размяшчаць цяжкае ўзбраенне і авіяцыю, але гэтую зону змогуць ахоўваць паліцэйскія і падраздзяленні ўнутранай бяспекі. Увесь паўднёва-заходні сектар Сірыі павінен стаць беспалётнай зонай для сірыйскай авіяцыі, паведамляюць крыніцы.
Узамен Ізраіль прапануе паэтапны вывад войскаў з тэрыторый, акупаваных ім у апошнія месяцы, але настойвае на захаванні сваёй прысутнасці на гары Хермон.
Па даных крыніц выдання Axios, для Ізраіля адным з найважнейшых пытанняў на перамовах з'яўляецца захаванне магчымасці выкарыстоўваць паветраную прастору Сірыі ў якасці калідора для патэнцыйных удараў па Іране.
Дамаск пакуль не даў афіцыйнага адказу, але, як заявіў у чацвер агенцтву AFP сірыйскі чыноўнік на ўмовах ананімнасці, «у перамовах з Ізраілем назіраецца прагрэс».
Таксама Сірыя рыхтуе сустрэчную прапанову. Чакаецца, што, як толькі яна паступіць, яе будуць абмяркоўваць міністр замежных спраў Сірыі Асад Аль-Шыбані і ізраільскі міністр стратэгічнага планавання Рон Дэрмер разам са спецпрадстаўніком ЗША Томам Баракам падчас іх трэцяй трохбаковай сустрэчы.
Спецпраект Трампа
Яшчэ нядаўна любыя перамовы паміж Ізраілем і Сірыяй здаваліся немагчымымі.
Толькі за першы тыдзень пасля падзення рэжыму Башара Асада Ізраіль нанёс амаль 500 удараў з паветра, мора і з сушы па вайсковых аб'ектах на ўсёй тэрыторыі Сірыі. Па даных ізраільскага камандавання, усяго за два дні было знішчана каля 80% сірыйскага вайсковага патэнцыялу. Гэта была ізраільская аперацыя на апярэджанне: кіраўніцтва краіны хацела прадухіліць пераход сірыйскага арсенала ў рукі паўстанцаў, якіх у той момант узначальваў цяперашні часовы прэзідэнт Ахмед аш-Шараа.
Тады ж ЦАХАЛ высунуў свае войскі ўглыб дэмілітарызаванай буфернай зоны, створанай у раёне акупаваных Галанскіх вышынь пад кантролем ААН пасля Шасцідзённай вайны 1967 года.
Прэм'ер-міністр Ізраіля Біньямін Нетаньяху ў першыя ж дні прыходу паўстанцаў да ўлады заявіў, што пагадненне аб размежаванні, заключанае паміж Ізраілем і Сірыяй у 1974 годзе, больш не дзейнічае. Гэта азначала, што ў новай рэальнасці Ізраіль развязвае сабе рукі ў пытаннях абароны сваіх межаў.
Ізраіль лічыў новыя сірыйскія ўлады непрадказальнымі, асабліва з улікам таго, што шэраг паўстанцкіх груповак, якія ўдзельнічалі ў звяржэнні Асада, і сам аш-Шараа былі звязаны з джыхадзістамі. Усё гэта адбывалася ў лютым 2024 года, а ў ліпені 2025‑га Ізраіль наносіў удары па сірыйскіх урадавых войсках у Сувейдзе для абароны друзаў.
Паводле звестак крыніц, без умяшання Вашынгтона ніводзін з бакоў, хутчэй за ўсё, не ініцыяваў бы збліжэнне ці хаця б супрацоўніцтва ў галіне бяспекі.
Ізраіль сілавымі спосабамі дамогся прымальнага для сябе раскладу сіл паблізу сваіх межаў і не спяшаўся наладжваць дыпламатычныя каналы, а Сірыя не хацела псаваць адносіны з важным для сябе саюзнікам Турцыяй, якая канчаткова пасварылася з Ізраілем.
Але, як паведамляюць крыніцы, для Дональда Трампа з яго амбіцыйным блізкаўсходнім парадкам дня гэта было важнае пытанне. Яго адміністрацыя спяшаецца дамагчыся дастатковага прагрэсу ў сірыйска-ізраільскіх перамовах да пачатку Генасамблеі ААН, якая адкрыецца ў канцы верасня.
Прэзідэнт ЗША хоча мець падставы паведаміць сусветным лідарам пра прарыў, які адбыўся з яго дапамогай, і нават сціплае пагадненне бакоў было б для яго вялікім дасягненнем, сказалі агенцтву Reuters адразу некалькі крыніц у Вашынгтоне.
18 верасня міністр замежных спраў Сірыі Асад аль-Шыбані павінен прыбыць у Вашынгтон з першым афіцыйным візітам пасля прыходу да ўлады новых сірыйскіх уладаў. Ён стане першым кіраўніком МЗС Сірыі, які наведаў ЗША за больш чым 25 гадоў. Чакаецца, што аль-Шыбані сустрэнецца з амерыканскімі заканадаўцамі, каб абмеркаваць зняцце рэшты санкцый ЗША ў дачыненні да яго краіны.
Карабах без армян: Трамп заканчвае войны, якія заканчваюцца самі
Трамп заявіў, што Пуцін яго падвёў сваім нежаданнем завяршаць вайну
Польскія вайскоўцы б'юць трывогу праз залежнасць ад амерыканскай зброі, якую ЗША могуць заблакаваць адным клікам
«Тыранiя зноў пагражае Еўропе». У Лондане адбыўся банкет у гонар Дональда Трампа
Каментары