Свет11

Польскія вайскоўцы б'юць трывогу праз залежнасць ад амерыканскай зброі, якую ЗША могуць заблакаваць адным клікам

Закупка Польшчай знішчальнікаў F-35 і танкаў Abrams павінна была стаць гарантыяй яе ваеннай моцы і тэхналагічнай перавагі ў рэгіёне. Аднак польскія ваенныя эксперты б'юць трывогу праз поўную залежнасць ад ЗША, якая ў крытычны момант можа ператварыць найдаражэйшую тэхніку ў бескарысны метал.

Самалёт F-35. Скрын відэа: RTKPoznan / YouTube

Праблемы, схаваныя за маштабным пераўзбраеннем, падрабязна раскрывае ў сваёй кнізе «Кардоннае войска» (Wojsko z tektury) польская журналістка Эдыта Жэмла (Edyta Żemła). Яна паразмаўляла з афіцэрамі розных рангаў — ад спецназа да Ваенна-паветраных сіл, — якія на ўмовах ананімнасці падзяліліся сваімі асцярогамі наконт будучыні польскай арміі. Выданне Onet.pl прыводзіць урывак з кнігі.

Адной з ключавых праблем, якую раскрывае аўтар, з'яўляецца адсутнасць кантролю над уласным узбраеннем. Як адзначае польскі афіцэр спецназа, уся ключавая інфармацыя і коды доступу да закупленай тэхнікі знаходзяцца за акіянам.

«Мы купілі неверагодна дарагі самалёт F-35. Гэта машына настолькі нашпігаваная тэхналогіямі, што без згоды амерыканцаў мы нічога не зможам вырашаць у пытанні яе выкарыстання. Тое самае і з артылерыяй далёкага радыусу дзеяння. Мы купляем амерыканскія ракеты на Маскву. Калі Трамп вырашыць, што яны ўсё ж не павінны ляцець на Маскву, то яны і не паляцяць. Танкі Abrams таксама не паедуць», — сцвярджае ён.

Танк Abrams. Фота: laned.ru

Як адзначае ананімны спецыяліст па ўзбраенні, праблема мае сістэмны характар для ўсёй Еўропы, але для Польшчы як прыфрантавой дзяржавы яна асабліва актуальная.

Спецыяліст тлумачыць, што код доступу да праграмнага забеспячэння F-35 не проста сакрэтны — усе даныя аб выкананых місіях павінны апрацоўвацца на серверах вытворцы ў ЗША. Гэта азначае, што амерыканскія вайскоўцы ў любы момант могуць адключыць інфармацыйныя сістэмы самалётаў, набытых Польшчай і іншымі еўрапейскімі краінамі.

Афіцэр ВПС сцвярджае, што, набыўшы такія сістэмы, як F-35 і «Абрамс», польская армія атрымала тэхналагічныя «маналіты», якія не паддаюцца самастойнай мадыфікацыі. Паводле яго слоў, прычынай нявыгадных кантрактаў стала адсутнасць тэхналагічнай экспертызы ў перамоўшчыкаў і наіўная вера ў тое, што «амерыканец прыйдзе і абароніць».

«Геапалітыка змянілася настолькі, што цяпер нашы афіцэры здзіўлена праціраюць вочы», — кажа ён. Толькі сёння прыходзіць усведамленне неабходнасці мець хаця б частковы доступ да зыходных кодаў для інтэграцыі з беспілотнікамі, а таксама валодаць уласнымі сэрвіснымі магчымасцямі і запасам дэталяў.

Дастаткова аднаго званка з Вашынгтона

Як адзначае ваенны лётчык, хоць украінцы і змаглі самастойна дастасаваць F-16 да сваёй зброі без кодаў, гэты метад быў вельмі прымітыўным.

Паводле яго слоў, украінскія спецыялісты пайшлі шляхам імправізацыі — умоўна кажучы, «працягнулі кабель да тэрмінала» і спрабуюць праграмаваць сістэмы ўручную. У выніку, як сцвярджае лётчык, самалёт ва Украіне не можа выкарыстоўваць увесь свой баявы патэнцыял.

Афіцэр польскіх ВПС прызнае, што падчас вучэнняў ваенныя спрабавалі выканаць сакрэтнае заданне па ўзлому кодаў, аднак нічога не атрымалася. Тэхнічная залежнасць ад ЗША з'яўляецца абсалютнай, а працаздольнасць самалётаў наўпрост залежыць ад амерыканскага спадарожнікавага сігналу.

У сваю чаргу, высакакласны праграміст лічыць, што польскія хакеры, напэўна, маглі б узламаць гэтыя коды, але гэта бессэнсоўна, бо саюзнікі павінны купляць коды, як гэта робіць Ізраіль.

Ілюстрацыйнае фота. Крыніца: MinisterstwoObrony / Facebook

Як падкрэслівае афіцэр ВПС, зыходныя коды — гэта толькі адна з праблем. Нават калі Расія нападзе, Польшча зможа выкарыстоўваць амерыканскія самалёты толькі для абароны, але не для нанясення ўдараў у адказ па тэрыторыі Расіі — гэтак жа, як гэта забаронена Украіне.

«Насамрэч не патрэбна ніякіх чырвоных, цудоўных кнопак, нейкіх зыходных кодаў. Адзін тэлефонны званок з Вашынгтона вырашае справу. І не трэба мець ілюзій, што гэта інакш», — сцвярджае афіцэр.

Праблема з разведданымі: саюзнікі, але не ва ўсім

Афіцэр спецназа пашырае думку пра залежнасць, заяўляючы, што яна не абмяжоўваецца толькі баявым прымяненнем. У выпадку палітычнага канфлікту з ЗША Польшча можа застацца без запчастак, мадэрнізацыі і, што не менш важна, без крытычна важных даных разведкі.

Іншы афіцэр са структур NATO тлумачыць, што ў Альянсе няма правіла, якое б абавязвала краіны дзяліцца ўсёй інфармацыяй разведкі. Існуе агульная сетка, але кожны саюзнік «укладае туды тое, што лічыць патрэбным, а астатняе трымае пры сабе».

Амерыканцы ж маюць асобныя каналы і перадаюць партнёрам толькі тое, што лічаць неабходным у канкрэтны момант. У выпадку вайны, папярэджваюць эксперты, не варта спадзявацца, што саюзнікі будуць шчодра дзяліцца інфармацыяй.

Ізраільскі шлях: поўны кантроль як альтэрнатыва

У якасці альтэрнатывы стратэгіі, абранай Польшчай, эксперты ў кнізе прыводзяць ізраільскую мадэль. Як тлумачыць ананімны генерал ВПС, Ізраіль, дзякуючы свайму асабліваму статусу, быў дапушчаны да «нулявога ўзроўню» доступу да праграмы F-35. Гэта дае яму магчымасць умешвацца ў зыходныя коды самалёта і інтэграваць з ім уласную зброю.

Гэты падыход тычыцца ўсёй ваеннай тэхнікі Ізраіля. Эксперт па ўзбраеннях даводзіць, што ізраільцяне ва ўсіх сваіх сістэмах забяспечылі поўны нацыянальны кантроль над сувяззю, крыптаграфіяй, доступам да запчастак і сэрвісам.

«У сваіх найноўшых танках «Меркава» яны маюць, напрыклад, дваццацігадовыя радыёстанцыі, і яны не ўсталёўвалі найноўшыя амерыканскія рашэнні менавіта таму, што хацелі поўнага кантролю над сістэмай сувязі. Ніхто не адключыць іх радыёстанцыі — ні ў танках, ні ў самалётах, ні ў любой іншай тэхніцы. Амерыканцы не могуць ім нічога навязаць», — падкрэслівае ён.

Israeli tanks Ізраільскія танкі Израильские танки
Ізраільскія танкі на мяжы з Ліванам. 11 кастрычніка 2023 года. Фота: AP Photo/Ariel Schalit

Лагістычны кашмар польскай арміі

Залежнасць польскай арміі не абмяжоўваецца праграмным забеспячэннем. Яна праяўляецца і ў пытаннях сэрвісу і рамонту. Па словах дасведчанага ваеннага лётчыка, амерыканцы могуць аказваць ціск, ствараючы праблемы з пастаўкамі запчастак. Яскравы прыклад — рамонт рухавікоў для польскіх F-16. Самалёты месяцамі стаялі ў ангарах, таму што амерыканскі бок не дасылаў дэталі.

Польскі афіцэр ВПС тлумачыць, што прычынай стала блізарукасць уласных кіраўнікоў:

«На пэўным этапе трэба было выкупіць так званыя «рамонтныя слоты». Мы гэтага не зрабілі. […] Калі ты не ўдзельнічаеш у праграме і не плаціш унёскі, то запчастак можна чакаць гадамі. І мы так чакаем».

У выніку флот шматмэтавых знішчальнікаў у Польшчы аказаўся часткова недзеяздольным.

Афіцэр ВПС прызнаецца:

«Два гады таму з-за адсутнасці запчастак (…) былі спраўныя толькі чатыры транспартныя самалёты CASA з шаснаццаці, якія ў нас ёсць. Толькі дыпламатычная праца з Іспаніяй — краінай-вытворцам самалётаў і наша добрая рэпутацыя ў НАТА дазволілі нам улезці ў чаргу і трохі палепшыць стан нашага транспартнага флоту. Але быў час, калі ў нас было ўсяго чатыры спраўныя самалёты!».

Фота: empik.com

Стратэгічная блізарукасць і ненадзейнасць саюзнікаў

Усе гэтыя праблемы, на думку суразмоўцаў Эдыты Жэмлы, з'яўляюцца вынікам стратэгічнай памылкі польскага кіраўніцтва — поўнай стаўкі на замежных партнёраў без развіцця ўласных кампетэнцый.

Вайсковы лагістык з вопытам працы ў NATO рэзюмуе, што польскія кіраўнікі не разумеюць важнасці забеспячэння ўсяго жыццёвага цыклу прадукту. Ён таксама перасцерагае ад залішняй веры ў трываласць саюзаў:

«Выдатна, што ў нас будзе карэйскае і амерыканскае ўзбраенне, але… панская ласка на наравістым кані ездзіць. Амерыканцы ўжо не такія стабільныя, як раней. Да нядаўняга часу карэйцы здаваліся нам надзейнымі партнёрамі. Але хапіла ўсяго аднаго палітычнага ўзрушэння, каб сітуацыя там стала небяспечнай (пасля разгромнай паразы на парламенцкіх выбарах у красавіку 2024 года партыя прэзідэнта Карэі страціла кантроль над парламентам, што паставіла пад пагрозу фінансаванне і выкананне ваенных кантрактаў з Польшчай — НН)».

Па словах эксперта, пакуль Паўднёвая Карэя пастаўляе замоўленае абсталяванне, але ў выпадку буйнога міжнароднага крызісу, напрыклад, канфлікту з Кітаем ці Паўночнай Карэяй, ланцуг паставак можа быць імгненна разарваны.

Каментары1

  • Жэка
    18.09.2025
    Расейская агентура, канешне, хоча каб Польшча перастала набываюць амерыканскую зброю. Бачыш ты - яны могуць захацець "ракеты на Маскву, а Трамп не дасьць ". Гэта тыя, што дроны ў сваім небе збіць баяцца.

Цяпер чытаюць

Бізнэс не ведае, як зараз даставіць тавары з Еўрасаюза ў Беларусь. Цэны на дастаўку шакуюць

Бізнэс не ведае, як зараз даставіць тавары з Еўрасаюза ў Беларусь. Цэны на дастаўку шакуюць

Усе навіны →
Усе навіны

Бабруйчанін праз тыкток запрасіў ахвотных на сельскую дыскатэку ў Глускім раёне. Паглядзіце, што атрымалася4

У Мінскім заапарку наведвальнікі напаілі аленя колай2

ЗША паслабілі санкцыі «Белавія», але забаранілі выкарыстоўваць амерыканскія самалёты для палётаў у Расію14

Алег Газманаў аддаў махляру грошы, якія адкладаў на пенсію 10 гадоў13

«У выніку ён сказаў мне: «Хопіць мяне шантажаваць, я хачу палюбавацца гэтымі дрэвамі». Аксана Колб расказала, пра што размаўляла са Статкевічам на мяжы8

«Два-тры тыдні». Ад Арастовіча да Буданава — 5 гучных прагнозаў пра вайну, якія не спраўдзіліся13

Дзяўчына з «кавуновага батальёна» Лукашэнкі атрымала ў Рыме прапанову рукі і сэрца. Хто ж жаніх?41

«Паліто за заробак?» Агляд асартыменту і цэн у краме «Элема» здзівіў беларусаў5

Пракуратура будзе патрабаваць смяротнага пакарання для забойцы Чарлі Кірка. Новыя падрабязнасці затрымання6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Бізнэс не ведае, як зараз даставіць тавары з Еўрасаюза ў Беларусь. Цэны на дастаўку шакуюць

Бізнэс не ведае, як зараз даставіць тавары з Еўрасаюза ў Беларусь. Цэны на дастаўку шакуюць

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць