Бізнэс не ведае, як зараз даставіць тавары з Еўрасаюза ў Беларусь. Цэны на дастаўку шакуюць
У дзень завяршэння беларуска-расійскіх вучэнняў «Захад-2025» Польшча пацвердзіла, што не адновіць руху праз мяжу. Бізнэс, які спадзяваўся на хуткае адкрыццё мяжы, не ведае, што рабіць далей.

Тарыфы растуць, але бізнэс не губляе надзею
Закрыццё мяжы Польшчай амаль поўнасцю паралізавала рух грузаў з Еўрасаюза ў Беларусь.
Рэч у тым, што праз адзіны грузавы пункт пропуску на мяжы з Польшчай «Казловічы» за суткі праязджала каля 700—800 фур, калі праз два пераходы на мяжы з Літвой і адзін на мяжы з Латвіяй — усяго 200—250.
Пастаўшчык тавараў з Еўропы, які спадзяваўся на хуткае адкрыццё мяжы, кажа, што не ведае, як цяпер даставіць тавары ў Беларусь.
«Раней за фуру, якая дастаўляла груз з Польшчы ў Беларусь, плацілі ад 1700 да 2000 еўра. Цяпер за дастаўку просяць 5000‑5500 еўра, і знайсці вольную фуру складана, бо польскія перавозчыкі не могуць заязджаць у Беларусь праз Літву і Латвію».
Праз Турцыю — не варыянт
Па словах бізнэсмена, таксама рэзка выраслі стаўкі на дастаўку праз Турцыю.
«Нядаўна можна было знайсці фуру за 6000 еўра, цяпер просяць 10 тысяч», — сцвярджае суразмоўца.
Іншы бізнэсмен, які дастаўляе тавары праз Літву, кажа, што старая партыя выехала па старым тарыфе, але перавозчык ужо паведаміў, што, калі сітуацыя не зменіцца, то наступная дастаўка будзе каштаваць даражэй.
Але рост цэн на дастаўку — не адзіная праблема, якая можа стаць пастаяннай, калі Польшча ў хуткім часе не адновіць рух праз сваю мяжу.
Разам з цэнамі будуць расці і тэрміны дастаўкі грузаў.

Узялі тыдзень на пачакаць
Суразмоўцы, з якімі пагутарыла «Наша Ніва», кажуць, што пакуль не гатовыя замаўляць дастаўку па новых тарыфах.
«Дамовіліся з партнёрамі, што пачакаем як мінімум да пачатку наступнага тыдня, бо ўсе мы спадзяёмся, што мяжу адкрыюць», — кажа пастаўшчык.
Агулам жа бізнэсмены адзначаюць, што пасля ўвядзення апошняга пакета санкцый паток тавараў у Беларусь з Еўрасаюза зменшыўся нават з улікам таго, што частка падсанкцыйных тавараў паехала праз Турцыю.
«Кожныя падобныя дзеянні, якія выклікаюць рост выдаткаў на дастаўку, прыводзяць да таго, што тавары, якія можна замяніць кітайскімі, расійскімі або нейкімі іншымі аналагамі, перастаюць пастаўляць з Еўропы, бо праз узрослы кошт яны становяцца мала каму цікавыя», — тлумачыць бізнесмен.
Тым не менш суразмоўца лічыць, што калі мяжа з Польшчай застанецца закрытай, то гэта прывядзе да вялікіх праблем з дастаўкай тавараў.
«Цяпер многія чакаюць, што вось-вось сітуацыя зменіцца, таму па магчымасці прытрымліваюць грузы на складах у Еўропе. Калі раптам Польшча так і не адкрые мяжу, то ўсе ламануцца праз Літву і Латвію, а з іх прапускной здольнасцю можна чакаць з’яўлення вялізарных чэргаў».
Што з чэргамі?
Па стане на 15 верасня ў электроннай чарзе на выезд з Беларусі праз закрыты ПП «Казловічы» знаходзілася больш за 1700 фур.
Растуць чэргі і на мяжы з Латвіяй і Літвой. Так, выезду з Беларусі ў Латвію чакаюць каля 240 грузавікоў. Чарга пачала збірацца з выходных. Тыдзень і два таму чаргі на выезд у Латвію не было.
Выезду ў Літву праз «Каменны Лог» цяпер чакаюць 440 грузавікоў, а ў «Беняконях» — 480 грузавікоў.
Цяпер чытаюць
«У выніку ён сказаў мне: «Хопіць мяне шантажаваць, я хачу палюбавацца гэтымі дрэвамі». Аксана Колб расказала, пра што размаўляла са Статкевічам на мяжы

Каментары