«Дык гэта вызваленне ці новае катаванне? Падман!» Алексіевіч пракаментавала дэпартацыю 51 палітвязня і ўчынак Статкевіча
11 верасня Аляксандр Лукашэнка адпусціў з беларускіх турмаў 52 палітычных зняволеных. Сярод іх быў і Мікалай Статкевіч, які адмовіўся прымусова пакідаць Беларусь. Нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч на сустрэчы з чытачамі ў Берліне пракаментавала гэта, піша DW.

Алексіевіч сказала, што ў выпадку з Лукашэнкам, які стаў вызваляць палітвязняў, «мы маем справу з палітычным жанглёрам».
«Яму трэба зняць санкцыі, стаць выязным у Еўропу, і таму ён ідзе на такі падман: выпускае 50 чалавек, але саджае яшчэ 100. Ніхто насамрэч не вызваляе гэтых людзей: калі іх адпускаюць, то тут жа дэпартуюць. Дык гэта вызваленне ці новае катаванне? Я лічу, што новае катаванне».
Яна нагадала публіцы, што ў Беларусі палітзняволеных прымушаюць пісаць прашэнні аб памілаванні на імя Лукашэнкі, каб атрымаць шанец на датэрміновае вызваленне. Паводле слоў Алексіевіч, яна прыхільніца таго, каб людзі падпісвалі гэтыя паперы.
«Гэта толькі папера для дыктатара. Найважнейшае — каб яны засталіся жывымі: для сваіх дзяцей, мацярок, жонак і мужоў. Але тут мы зноў сутыкаемся з культурай: з аднаго боку, з культурай гвалту, з другога — культурай гераізму. Я ўсё ж за тое, што жыццё важней за ўсё. Нельга дапусціць, каб правілы для нашага ўнутранага свету і маралі дыктаваў дыктатар».
Алексіевіч сказала, што яе моцна ўражвае бездапаможнасць чалавецтва.
«Я нядаўна была ў краінах Балтыі. Пра што там кажуць людзі? Пра вайну. І ўсе бездапаможныя. Усе могуць даць Украіне зброю, але потым сказаць, каб ёю не стралялі далёка. Патрэбныя самалёты, але іх не пастаўляюць. Трэба аддаць належнае, што ўкраінцы ваююць не толькі з Пуціным, але і з нашай бездапаможнасцю — у палітыцы, дыпламатыі. Найбольш уражвае — гэта наша бездапаможнасць. Два маленькія дыктатары, а свет перад імі бяссільны».
Паводле слоў Алексіевіч, яна зразумела, што сваім учынкам хацеў сказаць Мікалай Статкевіч: «Нам не трэба зноў саступаць, каб нехта за нас вырашаў, дзе нам жыць: на радзіме ці ў чужой краіне».
Аднак пісьменніца лічыць, што нельга патрабаваць такой жа мужнасці ад іншых.
«Статкевіч вельмі моцны, прыгожы чалавек. Але патрабаваць такой сілы ад усіх людзей, якія ў турмах, можа, і нельга», — разважае Алексіевіч.
Каментары
Если Трамп идёт на эту акцию с параллельной посадкой новых беларусов в тюрьмы лукашенко лукашенком, значит Трамп согласен с таким развитием событии.
Про животное в виде лукашенко молчу, там нет НИЧЕГО от человека и человеческого.
И да, как тут писали, когда снимут все санкции с лукашенко, выменяв 1400 беларусов из тюрем лукашенко, что делать с другой тысячей посаженных им параллельно и после ?
Опять вводить санкции, закрыть на это глаза и оставить как есть ?
Это Трампа не волнует в отличии от Алексеевич.