Беларус, які ўдзельнічаў у дыверсіі ў Мачулішчах, цяпер пад арыштам ва Украіне. І вось чаму
У Кіеве затрымалі грамадзяніна Беларусі паводле падазрэння ў незаконным набыцці і захоўванні з мэтай далейшага продажу 2,44 кілаграма асабліва небяспечнага псіхатропнага рэчыва PVP. Згодна з Крымінальным кодэксам Украіны, яму пагражае пазбаўленне волі на тэрмін ад 9 да 12 гадоў з канфіскацыяй маёмасці. Падазраваны адмаўляе віну. Як стала вядома «Радыё Свабода», ідзе гаворка пра беларуса, які ўдзельнічаў у дыверсійнай аперацыі Службы бяспекі Украіны на аэрадроме ў Мачулішчах пад Мінскам, у выніку якой быў пашкоджаны расійскі самалёт А-50.

«Свабодзе» вядомыя яго імя і прозвішча, але згодна з Цывільным кодэксам Украіны «імя фізічнай асобы, якая затрыманая, падазраецца ці абвінавачваецца ва ўчыненні злачынства, ці асобы, якая ўчыніла адміністрацыйнае правапарушэнне, можа быць выкарыстана (абнародавана) толькі ў выпадку набыцця законнай сілы абвінаваўчага прысуду». Следства ў яго справе яшчэ працягваецца.
У Беларусі яго завочна асудзілі на 15 гадоў зняволення па справе аб дыверсіі ў Мачулішчах.
Затрыманне на шашы ў Кіеве
Як паведамілі «Свабодзе» ў Галоўным упраўленні Нацыянальнай паліцыі ў Кіеве, расследаванне пачалі 7 траўня 2025 года.
Беларуса спынілі на Гастомельскай шашы ў Кіеве. Да таго з ім пэўны час праводзілі таемныя аператыўныя дзеянні. У кіеўскай паліцыі «Свабодзе» не адказалі, што стала падставай для такіх дзеянняў і як доўга яны працягваліся.
Пасля спынення аўтамабіля падазраваны, паводле версіі следства, нібыта выкінуў на зямлю тры поліэтыленавыя пакункі. Гэта адбылося 7 траўня прыблізна ў 12:30. Месца падзеі аглядалі амаль чатыры гадзіны, і толькі пасля 16:06 каля правага кола аўтамабіля Toyota Land Cruiser знайшлі тры пакункі «з белым крышталічным рэчывам, якое змяшчала асабліва небяспечнае псіхатропнае рэчыва вагой 2044,00 грама».
Першыя 24 гадзіны грамадзянін Беларусі знаходзіўся ў ізалятары. Следчыя звярнуліся ў суд з хадайніцтвам аб яго арышце, але суддзя ўзяў да ўвагі «ўдзел у аперацыі ў Мачулішчах» і прыняў пастанову аб кругласутачным хатнім арышце з абавязковым нашэннем электроннага бранзалета. Суд дазволіў яму выходзіць з дому толькі на час паветранай трывогі, але цягам 15 хвілін пасля яе адмены ён абавязаны вярнуцца дадому.
Адметна, што ў пастанове суда аб хатнім арышце фігуравала яшчэ адна лічба — пра знойдзеныя нібыта пры вобшуку 6 пакункаў з наркотыкамі. Але далей у матэрыялах згадваюцца толькі тыя тры, што знайшлі каля машыны.
Расследаванне працягнулі
Паводле ўкраінскага заканадаўства, расследаванне мусіла завяршыцца 8 жніўня, але следчыя не паспелі за 2 месяцы правесці ўсе неабходныя дзеянні.
«Цяпер дасудовае расследаванне працягваецца, праводзяцца ўсе неабходныя следчыя (пошукавыя) дзеянні», — паведаміла кіеўская паліцыя ў адказе на афіцыйны запыт «Свабоды».
Як стала вядома «Свабодзе» з іншых інфармаваных крыніц, тэрміны расследавання падоўжылі да 8 кастрычніка. За дадатковы час следчыя хочуць вывучыць усе тэлефонныя размовы падазраванага і маршруты яго перамяшчэння, правесці следчы эксперымент з удзелам падазраванага, прааналізаваць рух грошай на яго банкаўскіх рахунках, каб пацвердзіць або выключыць атрыманне сродкаў за незаконны збыт наркотыкаў, атрымаць рассакрэчаныя матэрыялы таемных следчых дзеянняў. На падставе гэтага аналізу канчаткова вызначаць і кваліфікацыю злачынства.
Цяпер беларусу інкрымінуюць «дзеянні, учыненыя ў складзе арганізаванай групы, прадметам якіх былі наркатычныя сродкі, псіхатропныя рэчывы ці іх аналагі ў асабліва вялікіх памерах». У той жа час у дакументах нічога не паведамляецца пра іншых удзельнікаў гэтай групы.
Беларус адмаўляе віну
Як вынікае з дакументаў, якія ў сваім распараджэнні мае «Свабода», сам беларус катэгарычна аспрэчвае датычнасць да інкрымінаванага яму злачынства.
Яго адвакат мяркуе, што абвінавачанне не падало ніводнага аб’ектыўнага доказу, а кваліфікацыя дзеянняў базуецца выключна на здагадках і неправераных сцвярджэннях.
Што вядома пра асобу падазраванага
Падазраваны нарадзіўся ў Мінску, мае вышэйшую адукацыю. Да пераезду ва Украіну (не пазней за 2016 год. — РС) жыў у Бараўлянах.
У Кіеве ён стварыў прадпрыемства, асноўны від дзейнасці якога — раздробны гандаль у неспецыялізаваных крамах. Як вынікае з дакументаў фінансавай справаздачнасці, прадпрыемства не працуе з 2022 года, адзіным працаўніком у ім быў сам беларус, уласнік кампаніі. «Свабода» спрабавала звязацца з ім праз зарэгістраваны на прадпрыемства нумар тэлефона, але нумар цяпер не абслугоўваецца.
У судовых дакументах шмат супярэчлівай інфармацыі. У адных матэрыялах пісалі, што ён «беспрацоўны, нежанаты і раней не судзімы», а ў іншых — што ён прадпрымальнік, жанаты і выхоўвае малую дачку, якая знаходзіцца на лячэнні і патрабуе сталага дагляду.
На час расследавання суд арыштаваў усю яго маёмасць — кватэру агульнай плошчай 94,24 кв. м, нежылую нерухомасць 7,4 кв. м і 15 сотак зямлі пад будаўніцтва лецішча ў так званым «залатым поясе» Кіева — у Браварскім раёне Кіеўскай вобласці. Аўтамабіль Toyota Land Cruiser арыштавалі адразу пасля затрымання беларуса.
Ва Украіне грамадзянін Беларусі знаходзіцца на падставе дазволу на сталае жыхарства. Пасля пачатку расійскага ваеннага ўварвання ў лютым 2022 года ён добраахвотна пачаў супрацоўнічаць са спецслужбамі Украіны, вынікам чаго стала аперацыя на беларускім вайсковым аэрадроме ў Мачулішчах.
У Беларусі завочна асудзілі на 15 гадоў
26 лютага 2023 года на вайсковым аэрадроме ў Мачулішчах пад Мінскам прагучалі два выбухі, крыніцамі якіх былі дроны. Такім чынам падарвалі і вывелі з ладу расійскі самалёт далёкай разведкі А-50.
Пэўны час улады Беларусі адмаўлялі гэты інцыдэнт, але пазней прызналі і правялі «антыдыверсійную аперацыю».
Пад «зачыстку», паводле праваабаронцаў «Вясны», трапілі сама меней 614 чалавек — тыя, хто праходзіў паводле адміністрацыйных палітычных артыкулаў пасля 2020 года. У іх рабілі ператрусы, затрымлівалі, дапытвалі. Частку пазней адпусцілі. Са слоў супрацоўнікаў «Вясны», затрымлівалі людзей як з блізкіх да Мачулішчаў раёнаў, так і па ўсёй Беларусі. Масавыя затрыманні былі сярод псіхатэрапеўтаў, рэканструктараў, стралкоў, страйкбалістаў.
У пачатку сакавіка 2023 года КДБ паведаміў, што ў справе праходзяць каля 30 чалавек, затрымалі больш за 20. Супраць іх завялі крымінальныя справы за «акт тэрарызму, учынены арганізаванай групай» (ч. 3 арт. 289 Крымінальнага кодэкса).
4 кастрычніка 2024 года Мінскі гарадскі суд прыгаварыў 12 фігурантаў справы да тэрмінаў ад двух гадоў і трох месяцаў да 25 гадоў пазбаўлення волі. У справе праходзілі Максім Лапацін, Андрэй Сцепурка, Алег Сычоў, Дзяніc Сакалоў, Аляксандр Азараў, Яўгенія Тачыцкая, Міхаіл Дзёмін, Сяргей Лапароў, Анастасія Пілько, Віталь Якуцік, Ала Яцута і Мікалай Швец.
Шасцёра асуджаных на момант суда ў Беларусі не знаходзіліся.
Фігуранта цяперашняй украінскай крымінальнай справы завочна асудзілі на 15 гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
У СБУ адмовіліся каментаваць
У сакавіку 2024 года старшыня Службы бяспекі Украіны Васіль Малюк прызнаў, што пашкоджанне расійскага самалёта ў Мачулішчах стала вынікам дыверсійнай аперацыі Службы бяспекі Украіны, у якой «хірургічна спрацавалі», пашкодзіўшы антэну. Праўда, колькі беларусаў дапамагалі СБУ ў гэтай аперацыі, ён не сказаў.
Сёлета ў жніўні Васіль Малюк у інтэрв’ю выданню «Українська правда» паведаміў, што ва Украіне працуе праграма абароны «таемных агентаў», якія дапамагаюць ажыццяўляць спецыяльныя аперацыі ў тыле ворага.
«Найважнейшы элемент — перадусім бяспека гэтых людзей. І калі яны вяртаюцца з варожых тылоў пасля выканання той ці іншай вельмі складанай аперацыі, то найперш [трэба] забяспечыць іх бяспеку. Таму тут, у нас, дзейнічае цэлая праграма, цэлы комплекс мер бяспекі. У тым ліку, пры неабходнасці і ўзгадненні з гэтай непасрэднай крыніцай, мы змяняем у рэальнасці ім аблічча», — сказаў ён.
Згаданы беларус удзельнічаў у спецаперацыі ў Мачулішчах, імаверна, знаходзячыся на тэрыторыі Украіны. Але яго імя стала вядома следчым з КДБ. Ці прапанавалі яму праграму абароны — невядома, бо ў СБУ адмовіліся паведаміць дэталі гэтай спецаперацыі і функцыі, якія ў ёй выконваў беларус.
У адказе на афіцыйны запыт «Свабоды» з гэтай нагоды ў Службе бяспекі абмежаваліся толькі агульнай лічбай праведзеных з пачатку расійскага ваеннага ўварвання спецыяльных аперацый.
«За час поўнамаштабнай вайны падраздзяленні Службы бяспекі Украіны рэалізавалі вялікую колькасць спецаперацый і пацэлілі ў больш за 200 аб’ектаў ворага ў яго глыбокім тыле. Разам з тым, СБУ інфармуе грамадскасць пра вынікі сваёй дзейнасці з улікам існых абмежаванняў на раскрыццё інфармацыі і такім чынам, каб не раскрываць усіх метадаў сваёй працы і не паддаваць небяспецы людзей, якія бяруць удзел у аперацыях спецслужбы», — паведаміў прэс-сакратар СБУ Арцём Дзехцярэнка.
Ні ў паліцыі, ні ў СБУ таксама не адказалі на пытанне, ці могуць у выпадку прызнання беларуса вінаватым скасаваць яго дазвол на жыхарства ва Украіне і дадатковую абарону.
Закон Украіны пра ўцекачоў і асоб, якія патрабуюць дадатковай або часовай абароны прадугледжвае магчымасць скасавання дадатковай абароны, калі іншаземец «займаецца дзейнасцю, што нясе пагрозу нацыянальнай бяспецы, грамадскаму парадку або здароўю чалавека».
Паводле дзейнай працэдуры, такое рашэнне ўхваляе Дзяржаўная міграцыйная служба Украіны на падставе адпаведнага звароту Службы бяспекі Украіны ці іншых органаў дзяржаўнай улады.
У законе таксама пералічаныя падставы, на якіх скасоўваюць і дазвол на сталае жыхарства ва Украіне. Адна з іх — парушэнне іншаземцам законаў Украіны.
Пакуль невядома, ці будуць пры разглядзе гэтых пытанняў улічваць дапамогу беларуса ў пашкоджанні расійскага самалёта на вайсковым аэрадроме ў Мачулішчах.
Вынеслі прысуды фігурантам справы аб падрыве самалёта на аэрадроме ў Мачулішчах — да 25 гадоў
За дыверсію ў Мачулішчах судзяць 11 беларусаў. А таксама Мікалая Швяца, якога ўжо вярнулі ва Украіну
«Гэта была просьба прэзідэнта Расіі». Лукашэнка раскрыў падрабязнасці абмену Міколы Швеца — дыверсанта з Мачулішчаў
Украіна вярнула пяць сваіх палітвязняў з Беларусі. І нават Міколу Швеца, дыверсанта з Мачулішчаў
«Спрацавалі хірургічна». Кіраўнік СБУ прызнаў датычнасць Украіны да пашкоджання расійскага самалёту ў Мачулішчах
Каментары