Грамадства3434

Ігар Тур з жонкай пасяліўся ў лукашэнкаўскім эксперыментальным пасёлку. Каб метр яму абышоўся танней, усе камунікацыі аплацілі з бюджэту

Мы высветлілі, дзе жыве сям’я прапагандыста і што гэта за пацёмкінская вёска, аглядаць якую прыязджаў асабіста Лукашэнка.

Забудова Юбілейнай вуліцы ў Новай Аколіцы. Фота: stroykonkurs.by

Сям’я прапагандыста з АНТ Ігара Тура — ён сам, жонка Ксенія і двое дзяцей — гэтым летам перасялілася з Мінска ў прыватны дом пад сталіцай. З таго часу Тур і яго жонка рэгулярна дэманструюць у сацсетках, як абжываюць новае жыллё — спачатку яны пахваліліся дарагой кухняй, нядаўна паказалі дзіцячы пакой.

Раней было невядома, дзе дакладна пасялілася сям'я Тураў, толькі тое, што іх дачка пайшла ў школу ў Астрашыцкім Гарадку — тую самую, дзе калісьці вучыўся Коля Лукашэнка.

Дом Ігара Тура ў Новай Аколіцы. Скрыншот відэа 

Фасад дома ні разу не трапляў у кадр, але па дэталях інтэр’ераў, архітэктурных элементах і па краявідах, якія адкрываюцца з акон дома, нам удалося вызначыць яго месцазнаходжанне.

Ігар Тур з сям'ёй пасяліўся ў эксперыментальным пасёлку Новая Аколіца ў Астрашыцкагарадоцкім сельсавеце, на Другой мінскай кальцавой дарозе, побач з Раўбічамі.

Дом Ігара Тура ў Новай Аколіцы з боку Народнай вуліцы. Скрыншот відэа 
Дом Ігара Тура ў Новай Аколіцы з боку Народнай вуліцы. Скрыншот відэа 

Гэты пасёлак у дзяржаўных выданняў прэзентаваўся як пілотны праект, які мусіў закрыць патрэбу мясцовых жыхароў у жыллі. Будаваць без аглядкі на законы і нормы яго загадаў Лукашэнка, плануючы пашырыць практыку на ўсю краіну. 

Як мы вылічылі месца, дзе жыве прапагандыст Тур

Наша ўвага адразу спынілася на пасёлку Новая Аколіца. На кадрах з інтэр’еру, якія паказвалі Тур і яго жонка, за вокнамі былі бачныя фрагменты дамоў з аднолькавым архітэктурным афармленнем — што зусім не характэрна для тыповай катэджнай забудовы, дзе пануе поўны разнабой стыляў, матэрыялаў і колераў.

У межах сельсавета з цэнтрам у Астрашыцкім Гарадку ёсць няшмат месцаў, дзе ўзводзілі цэлыя кварталы па адзіным праекце. Гэта значна звузіла кола пошуку фактычна да адной Новай Аколіцы, якая на слыху з 2023 года, калі раптоўна ўсе даведаліся, што яна ўжо будуецца.

Кухня ў доме Ігара Тура. Скрыншоты відэа з інстаграма жонкі
Дзіцячы пакой у доме Ігара Тура. Скрыншоты відэа з інстаграма жонкі

Асноўнай падказкай для вызначэння канкрэтнага дома сталі вокны. Т-падобная разбіўка французскіх акон з глухой ніжняй часткай, як у доме сям’і Тура, сустракаецца тут толькі ў дамах, пабудаваных па праекце «Брэстжылбуда». Але і гэтага было недастаткова: кампанія ўзвяла больш за паўтузіна падобных дамоў на Юбілейнай вуліцы, прычым у двух варыянтах — з перападзістым схільным дахам і з плоскім.

Дэталі з кадраў унутры дома дазволілі звузіць пошук яшчэ больш. У дзіцячым пакоі за акном бачны невялікі лапік з елак і бяроз, за якім — адкрытая пляцоўка і сілуэты двухпавярховых чорна-белых дамоў удалечыні. Пры гэтым тыя дамы размешчаныя не проста насупраць, а, відавочна, пад іншым вуглом.

На кухні, за белай занавескай, якая закрывае вялікае акно, можна заўважыць яшчэ адзін дом — аднапавярховы, са схільным дахам, што знаходзіцца значна бліжэй. Але ён таксама размешчаны пад іншым вуглом, чым дом Тура.

Схема размяшчэння дома Ігара Тура ў Новай Аколіцы і аб'екты, якія бачныя з яго акон. Спадарожнікавы здымак Google Earth, калаж — «Наша Ніва»
Аб'екты, якія можна разгледзець з акон дзіцячага пакою і кухні ў доме Ігара Тура. Скрыншоты з сацсетак, калаж — «Наша Ніва»

Два дадатковыя бакавыя вокны кухні з відам на дзіцячую горку дазволілі дакладна звузіць выбар. На планах дамоў «Брэстжылбуда» толькі ў варыянце са схільным дахам на гэтай сцяне запраектаваны два акны, а не адно вузкае, як у варыянце з плоскім дахам. Такім чынам, засталіся толькі тры магчымыя дамы.

Два вузкія акны на бакавой сцене сталовай, сумешчанай з кухняй, у доме Ігара Тура. Такое размяшчэнне акон характэрнае толькі для аднаго з двух падобных варыянтаў дамоў ад «Брэстжылбуд». Фота: скрыншот відэа; «Мінская праўда»

Супастаўленне планіроўкі, відаў з вокнаў і спадарожнікавых здымкаў Новай Аколіцы дазволіла вызначыць канкрэтны будынак. Усе прыкметы супалі з домам па адрасе вул. Юбілейная, 37 — на рагу з Народнай вуліцай.

Як і на кадрах з дзіцячага пакоя, за яго заднім фасадам праходзіць вузкая паласа дрэў, за якой адкрываецца пустая пляцоўка будучага сквера, а яшчэ далей — шэраг двухпавярховых дамоў з чорна-белымі фасадамі.

Новая Аколіца — што гэта за раён?

Пра новы жылы раён у вёсцы Аколіца Мінскага раёна, цяпер вядомы як Новая Аколіца, стала вядома ў чэрвені 2023 года, калі Аляксандр Лукашэнка расказаў, што было вырашана пабудаваць вёску і што гэтую справу даручылі Анатолю Сіваку.

Схема забудовы жылога раёна Новая Аколіца. Першы этап вылучаны чырвонай курсіўнай лініяй. Фота: «Мінская праўда»
Фрагмент схемы забудовы. Кожны колер азначае асобны тып жылога дома, які пабудуюць у Новай Аколіцы. Скрыншот відэа АНТ

У Беларусі амаль кожны праблемны аб'ект — ад закінутых будоўляў да пустых бізнэс-цэнтраў у цэнтры Мінска — пачынаўся з асабістага дазволу і пратэкцыі Лукашэнкі. 

Эксперыментальны пасёлак у Аколіцы пачаўся з тых жа грабляў: Лукашэнка даў Сіваку поўны карт-бланш, заявіўшы, што той можа «хоць пальцам на пяску» чарціць — будуць так і будаваць.

Лукашэнка расказваў, як людзі будуць з задавальненнем купляць ўчасткі ў Новай Аколіцы, але два дамы за яго спінай, пабудаваныя яшчэ ў 2023 годзе, не прададзеныя дагэтуль. Скрыншот відэа АНТ.

«Трэба пабудаваць хутка і эфектыўна прыгожую вёску — людзі з задавальненнем там будуць жыць, купяць гэтыя ўчасткі», — заяўляў тады Лукашэнка.

Ужо ў жніўні 2023 года тагачасны міністр архітэктуры і будаўніцтва Руслан Пархамовіч паведаміў, што пачаліся работы па ўзвядзенні новага жылога раёна — Новая Аколіца.

Забудова Новай Аколіцы. Фота: stroykonkurs.by

У той жа час гендырэктар «Брэстжылбуда» Аляксандр Раманюк распавёў, што кампанія правяла мадэрнізацыю сваёй вытворчасці, каб перайсці ад тыповых шматпавярховак да будаўніцтва малапавярховых дамоў. У Новай Аколіцы прадпрыемства планавала пабудаваць дзесяць аднакватэрных дамоў. 

Паводле афіцыйнай версіі, гэтыя дамы павінны былі стаць арэндным жыллём для вайскоўцаў. І гэта выглядала лагічна — пасёлак узводзіцца на тэрыторыі былога палігона пры вайсковай часці №3310, дзе базуецца 2‑я асобная спецыяльная міліцэйская брыгада Унутраных войскаў.

Аднак у выніку ў адным з дамоў, пабудаваных «Брэстжылбудам», пасяліўся зусім не вайсковец, а баец інфармацыйнага фронту — прапагандыст Ігар Тур.

Лукашэнкаўскія агледзіны

Літаральна праз два месяцы — 27 кастрычніка 2023 года — у Новую Аколіцу прывезлі Аляксандра Лукашэнку, каб паказаць яму першую гатовую вуліцу — Юбілейную, дзе ўжо стаяла больш за дзясятак дамоў.

Да будаўніцтва «ўзорнага» раёна прыцягнулі дванаццаць будаўнічых арганізацый з Мінскай вобласці, а таксама прадпрыемствы Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва і рэгіянальныя структуры з іншых абласцей.

Гэта была класічная аўральная будоўля, добра знаёмая Пархамовічу яшчэ з часоў працы ў Магілёўскай вобласці, дзе падобнай усебеларускай талакой разбудоўвалі малую радзіму Лукашэнкі.

Лукашэнка загадаў будаваць «па-гаспадарску» — то-бок без аглядкі на заканадаўства і нарматывы, якія, паводле слоў чыноўнікаў, абцяжарваюць і зацягваюць будаўніцтва, робяць жыллё даражэйшым.

«Калі ёсць даручэнне прэзідэнта, бюракратыю можна за секунду ліквідаваць», — пракаментаваў тады загад Лукашэнкі Ігар Тур.

Схема, па якой прапаноўвалі змяншаць кошт будаўніцтва на 5,2%. Фота: «Мінская праўда»

Дзяржаўная сістэма сама сабе дала зямлю ў прынадным месцы, сама сабе дазволіла заплюшчыць вочы на ўласныя ўзгадненні, сама ж і прадае гатовыя дамы – ідэальныя пазаканкурэнтныя умовы для дзяржаўных забудоўшчыкаў.

Абсталяваная кватэра ў адным з дамоў у Новай Аколіцы, які быў паказаны Лукашэнку ў час яго візіту. Фота: БелТА

Пры гэтым ідэя не была новай — прыкладна па тым жа прынцыпе дзесяцігоддзямі ўзводзілі аграгарадкі. Толькі цяпер праект зрабілі «прывабным»: не ў глыбінцы, а ў прысталічнай зоне, дзе зямля і без таго дарагая.

Новая Аколіца адрозніваецца выгодным размяшчэннем — сюды не трэба было завабліваць жыхароў, бо побач даўно расце дарагая катэджная забудова. Дамы ў Новай Аколіцы атрымалі крыху асучаснены дызайн, з чорна-белымі фасадамі і імітацыяй металічным сайдынгам дрэва, пазбыліся непатрэбнага цокалю і дзесяці прыступак перад уваходам, але адчуванне таннай казённай кандовасці гэтай забудовы перамагчы не ўдалося.

Дом па адрасе вул. Юбілейная, 37, у які пасля пераедзе Тур з сям'ёй, у час візіту Лукашэнкі. Фота: БелТА
Вуліца Юбілейная у Новай Аколіцы ў час візіту Лукашэнкі. Скрыншот відэа АНТ.

Вуліцу да прыезду Лукашэнкі, як гэта звычайна бывае з «прэзідэнцкімі праектамі», даводзілі да ладу ў спешцы. Гэта бачна нават па дробязях: на прэзентацыйных планшэтах — грубыя памылкі друку, а да дарожак не паспелі выкласці кішэні для паркоўкі машын.

Але для мясцовых будаўнікоў гэта не праблема: у краіне, дзе працоўная сіла танная, дарожку можна перакласці і двойчы, і тройчы. Лукашэнка застаўся задаволены, а гэта, як ведае кожны чыноўнік, важней за ўсё астатняе. 

Цікава, што рэпартаж пра Новую Аколіцу на тэлеканале АНТ рабіў менавіта Ігар Тур. «Хутка некаторыя журналісты моцна пашкадавалі, што гаворка пра часовае карыстанне, а не паўнапраўнае валоданне», — казаў ён у эфіры.

У канцы сюжэта Тур паведаміў, што шэраг дзяржаўных органаў нібыта ўжо выказалі жаданне набыць дамы ў Аколіцы як арэнднае жыллё для сваіх супрацоўнікаў. Ці не стаў адным з такіх шчаслівых арандатараў сам прапагандыст?

Тэрытарыяльныя прырашчэнні да вёскі Аколіца паводле новага генеральнага плана. З дакументацыі грамадскага абмеркавання

Тым часам грамадскае абмеркаванне генеральнага плана Аколіцы, без якога фармальна нельга было пачынаць маштабнае будаўніцтва, адбылося ўжо пасля таго, як першая вуліца была цалкам выбудавана. Правялі яго традыцыйна ў «зручны» час — з 18 снежня па 1 студзеня, калі большасць людзей занятая падрыхтоўкай да святаў і наўрад ці сочыць за сайтамі дзяржаўных органаў.

Што прапаноўваюць

Забудова вуліцы Юбілейнай у Новай Аколіцы. Фота: sb.by
Забудова іншага боку вуліцы Юбілейнай у Новай Аколіцы. Фота: sb.by

Паводле генеральнага плана забудовы, Новая Аколіца ахоплівае каля 210 гектараў зямлі, далучанай да вёскі Аколіца. Зараз пачалі асвойваць каля 50 гектараў, дзе плануецца ўзвесці 228 індывідуальных дамоў у дванаццаць этапаў. Першыя два этапы прадугледжвалі паралельнае праектаванне і будаўніцтва 65 дамоў.

Што да сацыяльнай інфраструктуры, то ў Аколіцы пабудуюць дзіцячы сад на 150 месцаў, школу на 720 месцаў, амбулаторыю на 60 наведванняў у змену. Новыя аб'екты размесцяць бліжэй да новай забудовы.

Па асабістым загадзе Лукашэнкі дарогі ў пасёлку зрабілі з бетону, а не з асфальту. Унутраныя вуліцы маюць аднабаковы рух, а рух грузавога і тэхнічнага транспарту дазволены толькі па ўскраінах.

У Новай Аколіцы прадстаўлены 19 тыпаў дамоў ад розных дзяржаўных вытворцаў. Фота: «Мінская праўда»

Усяго ў пасёлку прадстаўлены 19 тыпаў дамоў рознай архітэктуры і планіроўкі. Усе яны падключаныя да водаправоду, каналізацыі і электраацяплення, а кошт квадратнага метра пачынаецца ад 2400 рублёў — прыкладна 705 даляраў.

Аднак «узорны» праект мае і негатыўныя бакі. Тыпавыя дамы не прадугледжваюць падвалаў, у іх няма гаражоў ці гаспадарчых пабудоў, дзе можна было б захоўваць інвентар. Адсутнічаюць і агароджы — амаль як у амерыканскіх прыгарадах-субурбіях.

Пры гэтым зямля пад дамамі афіцыйна называецца «зямлёй агульнага карыстання», што разам з фінансаваннем інфраструктуры з дзяржаўнага бюджэту істотна зніжае сабекошт квадратнага метра.

Іншымі словамі, падаткі адных беларусаў пайшлі на тое, каб выбраныя іншыя — як шчаслівыя навасёлы кшталту Ігара Тура — атрымалі бясплатна водаправод, каналізацыю і электрасеткі ў чыстым полі, дзе пабудавалі новы раён.

Стэнд з планам, фасадам і агульнымі звестамі пра метраж і цану дома па тым жа праекце, як той, у якім пасяліўся Ігар Тур. Фота: Пул Першага

Дом, у якім пасяліўся Ігар Тур, мае ў плане прыблізныя памеры 10 на 10 метраў. Унутраная планіроўка стандартная для тыпавых дамоў: дзве вялікія спальні па правы бок (першая бацькоўская, другая — дзіцячая) і адна меншая ў дальнім канцы, па левы бок — прасторная гасціная, аб’яднаная з кухняй, асобна выведзены ванны пакой і туалет, а з тамбура пры ўваходзе можна трапіць у кацельню.

Спальня з адасобленай гардэробнай у доме Ігара Тура. Скрыншоты відэа з інстаграма жонкі
Туалетны столік у спальні Ігара Тура (у адлюстраванні бачны дом па вул. Юбілейнай, 38). Трэці жылы пакой, размешчаны паміж гасцінай і дзіцячым пакоем. Тэлевізар у гасціным пакоі. Скрыншоты відэа з інстаграма жонкі

Для «Брэстжылбуда» праект не наватарскі, абодва варыянты аднапавярховых панэльных дамоў ужо былі рэалізаваныя ў Жабінцы і Малых Матыкалах Брэсцкага раёна, праўда, без такіх смелых рашэнняў, як вокны да падлогі.

Колькі каштуе

Агульная плошча дома складае каля 100 квадратных метраў. Паводле даных з прэзентацыйнага планшэта, кошт аднаго квадратнага метра складае 2500 рублёў (705 даляраў), таму агульная цана дома — каля 250 тысяч рублёў, або каля 75 тысяч даляраў. 

Дом такой жа плошчы і цаны паказвалі і Лукашэнку. Амаль усе варыянты, незалежна ад матэрыялаў і складанасці будаўніцтва, якія паказвалі на стэндах Лукашэнку, мелі цану квадратнага метра блізкую да 2500 рублёў.

Для параўнання: незабудаваны ўчастак плошчай 15 сотак на ўскрайку самой вёскі Аколіца каштуе каля 120 тысяч даляраў.

Дзяржаўная газета «Мінская праўда» запэўнівала, што дамы ў Новай Аколіцы прызначаныя для тых, хто жыве ў Мінскім раёне і мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў, нібыта з магчымасцю засяліцца адразу і выплачваць крэдыт на льготных умовах. Але рэальных пацвярджэнняў гэтай інфармацыі няма.

Толькі ўлетку 2025 года на продаж выставілі першыя дамы з першай чаргі забудовы Новай Аколіцы.

Дом па вул. Юбілейная, 38 у Новай Аколіцы, выстаўлены дагэтуль на продаж. Фота: au.nca.by
Дом па вул. Юбілейная, 38 у Новай Аколіцы, выстаўлены дагэтуль на продаж. На заднім фоне — дом Тура. Фота: au.nca.by

Першы дом — па адрасе вул. Юбілейная, 38, проста праз дарогу ад дома Ігара Тура. Плошча дома, узведзенага паводле праекта Гомельскага ДБК — 93 квадратныя метры, участак — 7 сотак. Пачатковая цана — 285 тысяч рублёў (прыкладна 95 тысяч даляраў) або каля 1000 даляраў за квадрат.

На стэндзе, паказаным Лукашэнку ў 2023 годзе, гэты ж дом ацэньваўся ўсяго ў 235 тысяч рублёў (каля 70 тысяч даляраў), з разлікам 2437 рублёў за квадрат (прыкладна 715 даляраў).

Дом па вул. Народная, 1 у Новай Аколіцы, выстаўлены дагэтуль на продаж. Фота: au.nca.by
Дом па вул. Народная, 1 у Новай Аколіцы, выстаўлены дагэтуль на продаж. Фота: au.nca.by

Наступны — размешчаны адразу за гэтым дом па адрасе вул. Народная, 1. Таксама аднапавярховы панэльны дом, але ўжо па праекце Салігорскага ДБК. Яго плошча складае 129 м², участка — 8 сотак. Пачатковая цана — 365 тысяч рублёў (каля 123 тысяч даляраў), або 950 даляраў за квадрат.

На стэндзе 2023 года такі дом ацэньваўся ў 327 тысяч рублёў (каля 96 тысяч даляраў) — 2500 рублёў за метр (каля 750 даляраў).

Праект тыпавога дома ад Салігорскага ДБК на стэндзе ў Новай Аколіцы. Фота: pristalica.by

Такім чынам, за два гады цана дамоў вырасла амаль на траціну — і гэта яшчэ да пачатку таргоў, якія звычайна толькі павышаюць цану. Хаця таргі былі прызначаныя на 11 ліпеня 2025, абодва лоты ўсё яшчэ не прададзеныя. Больш ніякія дамы з Новай Аколіцы на продаж публічна не выстаўляліся.

Ці ёсць хоць нейкія суседзі ў Ігара Тура і якім чынам яны атрымалі сабе катэджы, пакуль невядома.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары34

  • пул бутэльки
    14.11.2025
    Кто ОНИ, эти участники последнего парада, "простые" ребята.....
    А Гришуня, говорят, употребляет сильно.
  • ...
    14.11.2025
    Одно понятно, охранять его, как Лукашенко или других прикорытников, не собираются. А значит....
  • Андрэй
    14.11.2025
    Игарок счастлив. Колхознику, который прожил большую часть жизни с туалетом на улице, такой дом достался, и почти в Минске - мечта, а не жизнь. Однако, деревню из девушки (из Игарочка) вывезти невозможно - дешевый, вредный МДФ, серый цвет, нары, решетки …и это в детской!!!Безвкусица и колхоз. Интересно, а он в курсе, что биде, это не фонтанчик для питья?)

Цяпер чытаюць

Каля рэзідэнцыі Лукашэнкі на машыну раптам зваліўся трос і прарэзаў яе наскрозь13

Каля рэзідэнцыі Лукашэнкі на машыну раптам зваліўся трос і прарэзаў яе наскрозь

Усе навіны →
Усе навіны

Трамп заявіў, што не верыць у атаку Украіны на рэзідэнцыю Пуціна

У Беларусь завезлі «Чабурашку 2». Паглядзелі гэты расійскі хіт, каб вам не прыйшлося13

Прэм’ерка Даніі заклікала Трампа спыніць «пагрозы» ў дачыненні да Грэнландыі1

Трамп прыгразіў Кубе і Калумбіі4

Аднавілі мост там, дзе яго не магло быць, бо не змаглі знайсці яго рэальнае месца. Што за рэстаўрацыя адбываецца ў Жылічах?2

Расія даказвае, што УСУ ударылі ў Купянску па сваіх, але Z-блогеры прызнаюць, што авіябомбамі накрылі кінутых расіян2

У Гане мясцовы «прарок» абяцаў на Каляды сусветны патоп і падмануў. Людзі абураныя8

Жанчына набыла ў фірмовай краме «Беліты» падарункавы сертыфікат. У іншай краме яго не прынялі5

У Аўстраліі спатрэбілася 11 чалавек, каб пачысціць зубы аднаму кракадзілу2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Каля рэзідэнцыі Лукашэнкі на машыну раптам зваліўся трос і прарэзаў яе наскрозь13

Каля рэзідэнцыі Лукашэнкі на машыну раптам зваліўся трос і прарэзаў яе наскрозь

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць