Грамадства11

У Аколіцы пад Мінскам адшукалі магілу настаўніка Янкі Купалы

На праваслаўных могілках каля касцёла Святога Мацвея ў Аколіцы Мінскага раёна выпадкова адшукалі магілу настаўніка Янкі Купалы Мікалая Турчановіча, піша тэлеграм-канал «Спадчына».

Мікалай Фёдаравіч Турчановіч быў настаўнікам маладога Івана Луцэвіча ў Бяларуцкім народным вучылішчы, даўшы яму першую афіцыйную пуцёўку ў жыццё.

Каменны абеліск надмагілля хоць і павалены са свайго пастамента, але сама магіла дагледжаная і ўпрыгожаная кветкамі.

На надмагіллі па-руску выразана:

«Здесь покоится народный учитель Николай Фёдорович Турчанович. Умер 8 апреля 1911 г. на 62 году жизни. Память жены и детей».

Касцёл Святога Мацвея Апостала ў вёсцы Аколіца. Фота: Wikimapia

Надмагілле хоць і ляжыць на праваслаўных могілках, але размешчанае яно перад вядомым псеўдагатычным касцёлам Святога Мацвея, дзе цяпер дзейнічае Музей беларускага народнага мастацтва. Прычына такой дзіўнай сітуацыі ў тым, што мураваны касцёл быў скончаны толькі ў 1862 годзе, а ўжо пасля паўстання 1863 года быў адабраны і пасля перароблены пад царкву, якая дзейнічала да 1920-х гадоў. Каталіцкія могілкі існавалі на іншым канцы вёскі і за савецкім часам сталі агульнымі. 

Купала і Турчановіч

Вандроўнае жыццё перашкаджала маладому Івану атрымаць сістэматычную адукацыю. З 1895 да 1904 года сям'я Луцэвічаў жыла ў засценку Селішча, на зямлі, арандаванай у памешчыцы Манюшкі. У Селішчы Купала пераканаў свайго бацьку, каб той паслаў яго вучыцца ў народнае вучылішча ў Бяларучах.

Іван быў ужо пераросткам. З восені, пакуль была дарога, Ясь кожны дзень хадзіў з Селішча ў Бяларучы, якія знаходзіліся за якіх восем кіламетраў, а як пачалася зіма ды пазаносіла дарогу, бацька прывёз хлопца ў інтэрнат.

Абодва класы вучылішча вучыліся ў адным памяшканні — у вялізнай, на чатыры акны, сялянскай хаце. Ясь звычайна першы выконваў сваё заданне і ўключаўся ў заняткі настаўніка з другім класам. Адказваў ён заўсёды першы, з ходу, доўга не думаючы, але правільна. 

Мікалай Турчановіч ведаў замежныя мовы і меў багатую на той час бібліятэку, якой, як сцвярджаюць сведкі, дазваляў карыстацца Івану. 

Праз які месяц настаўнік Турчановіч перасадзіў хлопца ў другі клас. Такім чынам будучы паэт скончыў вучылішча, можна сказаць экстэрнам, у 1898 годзе.

Працяг дынастыі

Мікалай Турчановіч скончыў настаўніцкі інстытут у Нежыне на Палтаўшчыне. Настаўнічаць пачаў на Беларусі, у мястэчку Ракаў. Вандраваў Мікалай Турчановіч са школы ў школу. Пасля Ракава пераехаў у Бяларучы, дзе было народнае вучылішча, потым у вёску Дуброва.

Усяго ў сям'і Турчановіча было чатыры дачкі і адзін сын. Яшчэ ў час жыцця ў Ракаве, у 1885 годзе нарадзілася малодшая дачка Таццяна. Старэйшыя дочкі павыходзілі замуж за багатых гаспадароў, а Таццяна пайшла па шляху бацькі. Яна скончыла педагагічныя курсы пры Мінскай духоўнай семінарыі і працавала настаўніцай пачатковых класаў у Раўбічах.

Уладзімір Юрэвіч, унук настаўніка Янкі Купалы, сябраваў з паэтам і шмат пісаў пра яго і ягоную творчасць. Фота: Wikimedia Commons

У суседняй вёсцы Дуброва настаўнічаў Міхась Юрэвіч, малодшы сын у сям'і, якому выпадала ісці ў адыход і які выбраў сабе настаўніцтва. Неўзабаве Таццяна і Міхась пажаніліся. 

У 1916 годзе ў сям'і нарадзіўся сын Уладзімір Юрэвіч, які стаў вядомым літаратурным крытыкам і літаратуразнаўцам. У 1930-я гады Уладзімір пасябраваў з Янкам Купалам, пакінуўшы пра яго ўспаміны, артыкулы пра жыццё і творчасць і нават склаў некалькі зборнікаў ягоных твораў. 

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары1

  • Мясцовы
    05.09.2025
    Дарэчы касцёл быу вернуты католикам на непрацяглы час, калi у гэтыя мясцiны увайшлi войскi Пiлсудзкага. А пасля адыходу ix, увогуле святыня была зачынена аж да сёння.

Цяпер чытаюць

Трамп заклікаў іранцаў захопліваць дзяржаўныя будынкі. «Дапамога ўжо блізкая!»12

Трамп заклікаў іранцаў захопліваць дзяржаўныя будынкі. «Дапамога ўжо блізкая!»

Усе навіны →
Усе навіны

Трамп увёў 25‑працэнтныя мыты для кожнай краіны, якая вядзе бізнэс з Іранам5

Дзе была зніклая Яна ў свой апошні дзень і дзе яе знайшлі КАРТА11

Анатоль Вайцяхоўскі спакойна прыехаў у Беларусь рэйсавым аўтобусам7

«Такіх скоцкіх адносін, як у баранавіцкім СІЗА, я нідзе не сустракала». Пенсіянерка Алена Гнаўк расказала, як з яе здзекаваліся за кратамі6

На БТ заявілі, што шпіён Уладзімір Усер пісаў з Польшчы ў камісію па вяртанні6

Расійскі дыпламат, які загінуў на Кіпры, хутчэй за ўсё, працаваў на ГРУ. Магчыма, ён хацеў перабегчы на Захад1

Расійская разведка рэзка наехала на канстанцінопальскага патрыярха23

Мая Санду выступіла за аб'яднанне Малдовы з Румыніяй15

Іранскія ўлады навязваюць кантакты з кіраўніцтвам ЗША2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Трамп заклікаў іранцаў захопліваць дзяржаўныя будынкі. «Дапамога ўжо блізкая!»12

Трамп заклікаў іранцаў захопліваць дзяржаўныя будынкі. «Дапамога ўжо блізкая!»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць