Паглядзіце, якія рэчы стварылі беларускія дызайнеркі, натхняючыся Палессем і пераасэнсоўваючы асабісты боль
Атрымалася вельмі незвычайна.
У межах рэзідэнцый пад патранажам польскай фундацыі «Краіна» беларускія дызайнеркі стварылі калекцыі, натхнёныя беларускімі традыцыямі і актуальнымі перажываннямі.
Так, дызайнерка Таша Кацуба выпусціла новую капсулу пад назвай Transition. Для Ташы гэтая калекцыя і яе паказ — гэта асабістая гісторыя пра боль, памяць і ацаленне праз тканіну і форму.




Дзяўчына і раней выказвалася на балючыя для яе тэмы мовай шыцця — адзін са сваіх касцюмаў «Надзея» яна стварыла падчас пратэстаў 2020 года ў Беларусі. Працэс яго нараджэння быў для Ташы глыбока тэрапеўтычным. Праўда, касцюм прыйшлося пакінуць у Беларусі, таму на адным з майстар-класаў за мяжой яна разам з іншымі ўдзельнікамі ўзнавіла такую асабістую для сябе рэч.


Дызайнерка, мастачка, этнаграфістка Маша Мароз у сваіх працах натхняецца беларускай традыцыйная культурай, у прыватнасці — гісторыямі і вобразамі Палесся.
Яна не толькі стварае адзенне і ўпрыгожванні, але і, напрыклад, ілюструе кнігі. Адну з іх — «Мое баба — діректор морга» Марыя праілюстравала здымкамі са сваіх сямі гадоў экспедыцый на Палессе.

Яе апошні праект «Рунь» — капсульная калекцыя жаночага адзення — таксама заснаваны на этнічных касцюмах і абрадах Палесся.







Новай порцыяй творчасці парадавала сваіх прыхільнікаў Настасся Рыдлеўская — мастачка, спявачка і паэтка.
Традыцыйна Настасся працуе з палотнамі як жывапісец і графічны дызайнер, ствараючы невялікія аб'екты — такія, як завушніцы і брошкі, розныя маскі, што нагадваюць рытуальны рэквізіт ці эзатэрычныя знакі, — а таксама маштабныя інсталяцыі вышынёй у некалькі метраў. Яе творчасць такая ж яркая, як і сама дзяўчына. Агулам да мастацтва Настасся ставіцца як да спосабу атрымліваць асалоду ад жыцця і даваць рады з паўсядзённымі складанасцямі — сіндромам Турэта, біпалярным расстройствам і павышанай чуллівасцю.





Праект, які яна рэалізоўвала ў межах рэзідэнцыі, прысвечаны беларускім палітычным вязням.
«Гэта манументальная сцэнаграфія, якая зліваецца з выявай твару, найвышэйшым выразам прысутнасці адчувальнасці. Твар робіцца тут кропкай сустрэчы, праз якую ўзнікаюць этычная перспектыва і адраджэнне чалавечага вымярэння. Для мяне гэта спосаб вярнуць годнасць тым, каго рэпрэсіі пазбавілі твару», — расказвала мастачка.
Гэтая сцэнаграфія будзе прэзентаваная 30 жніўня ў Варшаве на паказе мод з удзелам беларускіх дызайнераў. У гэты ж дзень адбудзецца фінальная імпрэза праграмы Refashioned — ініцыятывы, што аб'ядноўвае маладых творцаў з Беларусі, Украіны і Польшчы для стварэння калекцый экалагічнага адзення. Свае працы там прадэманструюць Аля Хляба, Воля «Этыка», Насця «Канва», Кацярына Несцяровіч (Froufrouandloukoum) і іншыя.
На мерапрыемстве беларускія дызайнеры пакажуць свае працы, створаныя з выкарыстаннем перапрацаваных матэрыялаў, якія спалучылі ў сабе розныя традыцыйныя і сучасныя тэхнікі, каб расказаць свае гісторыі праз адзенне.
Тры беларускія дызайнеркі паказалі калекцыі на прэстыжным паказе ў Брусэлі ФОТЫ
Mark Formelle выпусціла калекцыю на балотную тэматыку
«Муж забраў у закладнікі маіх котак». Дызайнерка Вольга Кардаш — пра развод з мужам, уласную краму і самага стылёвага беларуса
Сукенкі за 135 рублёў, футболкі — за 120. У Мінску адкрылася новая крама беларускіх дызайнераў
«Дактары давалі 50%, што буду на інвалідным вазку». Чым сёння жыве мадэльер Саша Варламаў
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары