Расійскія вайскоўцы стралялі адзін у аднаго дзеля выплат і ўзнагарод за раненні
Сюжэты пра іх «баявыя подзвігі» выпускаў «Першы канал».

СК РФ завяршыў расследаванне першых крымінальных спраў аб махінацыях з раненнямі ў 83-й асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой брыгадзе, піша «Агенцтва».
Усяго пад падазрэннем 35 чалавек. Адзін з падазраваных — падпалкоўнік Канстанцін Фралоў (пазыўны «Палач») — прызнаўся ў тым, што атрымаў чатыры раненні не ў баі, а ад саслужыўцаў дзеля выплат у 3 млн рублёў (каля 37 тысяч даляраў).
Усё, што ён казаў да гэтага, у тым ліку ў СМІ, аказалася няпраўдай. Як высветліла «Агенцтва», сюжэт пра яго выйшаў на «Першым канале» ў Дзень абаронцы Айчыны.
Паводле звестак «Коммерсанта», начальнік групы спецыяльных аперацый 83-й брыгады Канстанцін Фралоў быў арыштаваны ў чэрвені 2024 года, праз некалькі дзён узялі і яго камандзіра, палкоўніка Арцёма Гарадзілава. Гарадзілаву інкрымінуюць махлярства ў асабліва буйным памеры, Фралову — яшчэ і дачу хабару, незаконны абарот зброі, боепрыпасаў і выбуховых прылад. Абодва прызналі сваю віну.
Следства таксама ўстанавіла 35 удзельнікаў махінацый, якія стралялі адзін у аднаго. Ім за раненні і траўмы з бюджэту выплацілі больш за 200 млн рублёў (каля 2,5 млн даляраў), уручалі ордэны Мужнасці і медалі «За адвагу».
Канкрэтна Фралоў атрымаў чатыры раненні, ён сам насіў знакі за два лёгкія і пяць цяжкіх раненняў. Дзякуючы паказанням і экспертызам высветлілася, што ўсе раненні былі атрыманы не ў баявой абстаноўцы.
Вайсковец прызнаўся, што па яго ж просьбе ў яго стралялі саслужыўцы, якія цэліліся так, каб не зачапіць жыццёва важныя органы. Чатыры ордэны Мужнасці і два медалі «За адвагу» былі ўручаны яму незаконна, мяркуе следства.
Следства лічыць сюжэты пра Фралова ў федэральных СМІ не адпавядаюць рэчаіснасці. Сярод іх відэа пра тое, што ён, будучы бацькам трох дачок, удачарыў нібыта выратаваную з-пад абстрэлу дзяўчынку.
Сумненні выклікалі публікацыі СМІ пра тое, што Фралоў камандаваў самай выніковай групай снайпераў на так званай «СВА». Фэйкавым назвалі і сюжэт пра тое, як Фралова з-пад абстрэлу выратаваў яго саслужывец-палкоўнік.
«Агенцтва» знайшло тыя фэйкавыя сюжэты. «Першы канал» 23 лютага 2024 года паказаў 4-хвіліннае відэа пра «ўнікальную групу снайпераў». Групай, як гаварылася ў сюжэце, кіраваў «адзін з самых выніковых снайпераў у зоне СВА» з пазыўным «Палач».
Карэспандэнт распавёў, што праз афіцэрскі гонар вайсковец пасля сёмага ранення адмовіўся ад рэабілітацыі і вярнуўся ў строй.
Менавіта ў сюжэце «Першага канала» «Палач» распавёў, як нібыта вынес з-пад абстрэлу параненую дзяўчынку, а затым удачарыў яе. Паводле звестак «Першага канала», байцы групы ўвесь час дапамагаюць параненым дзецям і сіротам, выдаткоўваючы на гэта большую частку свайго забеспячэння.
У сюжэце «Першага канала» ваенны быў у шапцы і балаклаве. Але сэрвіс распазнання твараў па адкрытай частцы твару вызначыў, што з верагоднасцю да 98% на відэа быў менавіта Канстанцін Фралоў.
«Агенцтва» высветліла, што 38-гадовы Канстанцін Фралоў — сын Алега Фралова, былога намесніка кіраўніка «Раскосмаса», якога таксама цяпер судзяць за махлярства на дзяржкантрактах.
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары