«Яго пагарда да Украіны ўзмацнілася». Як цяпер жыве Пабла Гансалес — агент ГРУ, які вярнуўся ў Расію пасля абмену
Год таму, 1 жніўня 2024 года, адбыўся самы маштабны абмен зняволенымі паміж Расіяй і Захадам пасля Халоднай вайны. Расія вызваліла групу палітвязняў, дадаўшы да іх асуджанага ў Беларусі да смяротнага пакарання немца Рыка Крыгера, а ўзамен атрымала пераважна сваіх шпіёнаў і кілера Вадзіма Красікава. Сярод абмененых быў і Пабла Гансалес (ён жа Павел Рубцоў) — агент расійскай вайсковай разведкі, які працаваў у Еўропе пад выглядам журналіста з Краіны Баскаў. Што з ім цяпер, даведалася выданне «Медуза».

Пабла Гансалес нарадзіўся ў сям’і іспанкі і савецкага навукоўца. Яго маці пасля разводу пераехала ў Іспанію, узяўшы з сабой дзевяцігадовага Паўла. Там ён стаў Пабла Гансалесам. У 2003 годзе атрымаў расійскі пашпарт. Паводле звестак выдання El Mundo, у 2010 годзе ГРУ завербавала яго падчас паездкі ў Расію.
Гансалес прадстаўляўся палітолагам і журналістам, наведваў зоны канфліктаў на Балканах і ва Украіне, удзельнічаў у канферэнцыях, сябраваў з расійскімі апазіцыянерамі і нават заводзіў рамантычныя адносіны (у тым ліку з Жаннай Нямцовай) — і ўсё гэта пад прыкрыццём. На самай справе ён перадаваў інфармацыю ГРУ. El Mundo сцвярджае, што ён нават сачыў за Аляксеем Навальным у Еўропе.
Сярод іншага Гансалес спрабаваў працаваць і сярод беларускай палітычнай эміграцыі — як мінімум два разы ён прыходзіў у варшаўскі офіс Паўла Латушкі.
У 2022 годзе, пасля пачатку вайны ва Украіне, польскія спецслужбы арыштавалі Гансалеса каля мяжы з Украінай. Спачатку яго абаранялі журналісцкія арганізацыі, лічачы ахвярай пераследу. Але ў жніўні 2024-га яго абмянялі на палітвязняў і ён вярнуўся ў Маскву. Са свайго самалёта шпіён выйшаў у футболцы з надпісам «Імперыі патрэбны ты» і паціснуў руку Уладзіміру Путіну.
Па словах знаёмых, за гэты год Гансалес стаў больш суровым, «яго пагарда да Украіны ўзмацнілася», а да таго ж ён пастаянна хрыпіць, калі гаворыць. У яго фіброз лёгкіх — сур’ёзная хвароба, якую ён звязвае з перанесеным у турме COVID-19. Аперацыю ён пакуль адкладае.
Абменены шпіён жыве ў Маскве, разводзіцца з жонкай, якая засталася ў Іспаніі, сумуе па дзецях і мае даўгі з-за судоў у Польшчы. Працу нейкую мае, але якую — невядома. Ён адмовіўся супрацоўнічаць з Russia Today, хоча пісаць і рыхтуе нейкія навучальныя праекты.
Раней Гансалес сцвярджаў, што ён, маўляў, не шпіён, а палітычна пераследаваны журналіст. Нібыта яго «прэсавалі» за рускую і баскскую ідэнтычнасць, за левыя погляды і антыпатыю да «кіеўскага рэжыму». Аднак, паводле расследавання выдання The Insider, Гансалес карыстаўся дакументамі той жа серыі, што і вядомыя агенты ГРУ, уключна з тымі, хто атруціў сям'ю Скрыпалёў.
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары
але не зрабілі гэтага .
І ў гэтым артыкуле НН не хапае хаця б сказу, што Ганзалеса ў Польшчы моцна бараніла левае асяроддзе, бо той рэгулярна атакаваў урад ПіС. У тым ліку расійскага шпіёна пасля затрымання бараніў ЛГБТ актывіст Барт Сташэўскі.
Можа, калі б НН карысталася не толькі расейскімі крыніцамі і/або была больш аб'ектыўная, пра гэта беларускія чытачы таксама маглі б даведацца.