Грамадства3636

«Разагнаць дармаедаў! Аддаць людзям зямлю!» Трактарыст з Хойнікаў, які цяпер жыве ў Латвіі, параўнаў сельскую гаспадарку там і ў нас

Механізатар з Хойніцкага раёна Яўген Васількоў у 2020 годзе актыўна выказваўся супраць беларускай улады. Пасля затрыманняў ён разам з сям'ёй выехаў у Латвію і папрасіў палітычнага прытулку. Амаль пяць гадоў беларус працуе там па спецыяльнасці і шмат разважае, як беларуская сельская гаспадарка адрозніваецца ад латвійскай. Сваімі думкамі ён падзяліўся з «Нашай Нівай».

Яўген Васількоў у трактары. Скрыншот з відэа: Хронікі механізатара / YouTube

«Тут у людзей свая зямля»

Цяпер Яўген Васількоў жыве ў прыгарадзе Рыгі. Першы час у Латвіі ён разам з сям’ёй — жонкай і дзвюма дачкамі — здымаў кватэру. Цяпер старэйшая дачка выходзіць замуж і ўжо жыве ў Дзвінску (Даўгаўпілсе), а сам ён з рэштай сям'і перабраліся ў прыватны дом — паставілі на ўчастку нават парнікі і лазню.

Жонка Яўгена раней працавала на заводзе, а цяпер уладкавалася ў краму прыбіральшчыцай. Сам беларус працуе па спецыяльнасці — механізатарам. Кожны дзень а восьмай раніцы ён на трактары выязджае апрацоўваць палі кліентаў.

Праца мужчыну даспадобы, асабліва тым, што ў яго няма «лішніх начальнікаў», толькі адзін кіраўнік. Да таго ж на трактары ён шмат ездзіць па Латвіі і назірае, як там уладкавана жыццё і сельская гаспадарка. Яе ён шмат параўноўвае з беларускай, якая значна больш цэнтралізаваная. У латвійскай гаспадарцы аснова — прыватная ўласнасць, кажа Яўген.

Яўген Васількоў. Скрыншот з відэа: Хронікі механізатара / YouTube

«Тут у людзей свая зямля. Ён яе набыў ці яна яму ў спадчыну засталася. Я цяпер (падчас размовы — НН) сяджу ў трактары, раблю на ўчастку: у чалавека гектар зямлі, яго асабісты. Цяпер яго распрацоўвае. Ён пабудуе сабе дом тут, будзе касіць траўку нейкую, яго дзеці будуць жыць тут. Усё ягонае тут. Тут думаюць пра будучае пакаленне», — разважае Яўген.

«Калі штосьці незапатрабаванае, гэтым перастаюць займацца»

У беларускіх саўгасах Яўген адчуваў, што яго часта прымушалі рабіць бязглуздую працу: напрыклад, выходзіць у поле ў дождж, калі трактар пачынаў гразнуць у балоце. Трэба было б падыходзіць да спраў у сельскай гаспадарцы больш індывідуальна, лічыць механізатар.

«Тут больш гібкая сістэма. Калі штосьці незапатрабаванае, гэтым перастаюць займацца — пачынаюць чымсьці іншым. А ў нас жа не расце, а будуць садзіць. Тут ён паглядзеў: у гэтым годзе добрыя цэны на рапс будуць. Яны пасеюць рапс, збяруць ураджай і прададуць. Тут разлічана на выгаду, на прыбытак.

І мінімум рабочых, мінімум. Усё механізавана, мінімум задзейнічана ў ланцужку людзей. Няма тут нейкіх эканамістаў, бухгалтараў, механікаў, інжынераў. Сам сабе дырэктар, сам сабе начальнік. Менш пасярэднікаў. Няма дармаедаў такіх. І працуюць, у асноўным, па гадзіннай аплаце».

«Жыць стала прасцей»

За чатыры гады ў Латвіі Яўген змог абжыцца ўсім, што ў яго было набыта ў Беларусі за 40 гадоў. Два разы памяняў машыну, набыў аўто для дачкі і дом-прычэп на калёсах для сябе, каб вандраваць з начоўкамі. Напрацаваў на лядоўню, тэлевізар і іншую патрэбную тэхніку.

Яўген у адпачынку ў літоўскай Клайпедзе. Скрыншот з відэа: Хронікі механізатара / YouTube

Матэрыяльныя каштоўнасці, заўважае Яўген, не такія важныя ў Латвіі.

«Я ў Беларусі, працуючы трактарыстам, такое сабе дазволіць не мог. Каб за чатыры гады дзве машыны змяніць, прыйшлося б ехаць у Маскву на будоўлю. (…) Жыць стала прасцей. Грошай, канечне, не хапае. Проста ёсць магчымасць зарабіць. Калі хочаш больш грошай, больш працуй. Ніхто не забараняе».

Падпрацоўкі ў Латвіі — нармальная справа, тлумачыць беларус. Такога ў яго не было ў Беларусі, дзе афіцыйна ўладкавацца на другую працу было складана. У суседняй краіне можна браць хоць па пяць падпрацовак: «А калі будзеш ляжаць цыцкі мяць, то, вядома, нічога і не будзе».

Не ўдалося Яўгену пакуль купіць толькі свой дом, але і ў Беларусі сям’я жыла на саўгасным участку з пажыццёвай арэндай, якая залежала ад працы Яўгена.

«Я там 40 гадоў пражыў, у мяне ж там няма ні кавалка зямлі. А мне пісалі каментары, памятаю: «Жэнька, ты ж радзіму прадаў, як табе там спіцца?». А што я прадаў? Што я мог прадаць?»

У сваім гарадку сям'я Васільковых любіць адпачываць — там часта ладзяць канцэрты, прыязджае цырк. Можна паесці ў кавярні ці арандаваць сядзібу разам са знаёмымі і рабіць шашлыкі. На дзень нараджэння жонкі Яўген заказваў да хаты мабільную саўну.

Яўген каля латвійскай вадакачкі, якую перабудавалі ў скаладром. Скрыншот з відэа: Хронікі механізатара / YouTube

«Была звычайная старая вадакачка. Трошкі грошай, трошкі жадання — і атрымаўся прыгожы арт-аб'ект, культурны. Лазяць спартсмены. Гэта ж час праводзяць людзі, адпачываюць. Божа мой! Скажыце, няўжо ў нас у Хойніках нельга такое зрабіць?» — пытаецца Яўген у адным са сваіх відэа.

Кажа, у яго родных Хойніках жыло прыблізна столькі ж людзей, але там была «адна шаўрма, адзін рэстаран, адна гасцініца». Такога выбару для забаў на вольны час не было.

«Гэта ж самае святое для бульбаша, а бульбы няма»

Механізатар усё яшчэ пільна сочыць за беларускімі навінамі, абмяркоўвае іх з сябрамі. На нястачу бульбы ў беларускіх крамах ён рэагуе вельмі эмацыянальна.

«Гэта ж смех і грэх, такія гаспадары, што дажыліся — бульбы няма. Гэта ж нонсэнс, гэта каму сказаць?! — кажа Яўген і заўважае, што рэгулярна бачыць ад знаёмых цэны на гародніну ў краіне. — Дакіравацца! Гэта ж самае святое для бульбаша, а бульбы няма. Гэта смех».

Кажа, у латвійскіх крамах заўсёды ёсць бульба, але ў гэтым годзе сям’я нават вырашыла для цікавасці пасадзіць сваю. Каштуе ў суседняй краіне яна 40 цэнтаў за кіло (каля 1,5 рубля).

«Не ведаю, што можа быць, калі ўжо дазволілі нават з Еўропы закупляць бульбу, капусту — гэта ж смех».

Дома ў сям'і заўсёды ляжаць набытыя ў краме агурок, тамат, цыбуля — яны вельмі танныя і «парыцца не трэба». Дарагое ў Латвіі паліва для машыны, як і агулам энергарэсурсы.

«У горадзе людзі вітаюцца, калі ў супермаркет заходзіш»

У Латвіі Яўген працягвае здымаць відэа і распавядаць пра сваю працу. Нярэдка да яго звяртаюцца мясцовыя вытворцы па рэкламу сваёй тэхнікі — тады здымаюць прыгожыя відэа трактара з вышыні. У горадзе беларуса пазнаюць, кажуць, што бачылі яго канал.

«Гэта не лічыцца чымсьці асаблівым. Тут цалкам нармальна нешта здымаць, паказваць, рабіць. Тут ніхто гэтага не саромеецца. Я ў Беларусі нешта здымаў пра работу і мне прылятала пастаянна. Спрабавалі ўсё гэта забараніць. А тут нармальна — наадварот, рэклама», — тлумачыць Яўген.

@hronikimehanizatora #баня #лазня#веник #букет ♬ оригинальный звук - Хроники Механизатора

Пасябраваць яму ўдалося як з мясцовымі беларусамі, так і з латышамі — старэйшае пакаленне добра размаўляе па-руску.

«Здаецца, што даўно тут жывеш. Толькі чатыры гады, а ўжо здаецца, што ўсіх ведаеш. Ужо ў горадзе людзі вітаюцца, калі ў супермаркет заходзіш».

Вывучаць латышскую мову ў Яўгена не ўдаецца. На пяты год ён яшчэ не можа размаўляць, бо мае вельмі мала практыкі. Больш сказаць можа жонка, што працавала з людзьмі на заводзе і ў краме, — яна можа і нейкія дакументы аформіць, і ў адміністрацыю горада схадзіць, і зрабіць хатняе заданне з малодшай дачкой.

«А я сяджу суткамі ў трактары адзін. З бусламі я хіба вывучу гэту мову? Не асабліва. Тут усе па-руску разумеюць выдатна, маладыя толькі што часам не ведаюць», — кажа ён.

«Усе даўно павыдалялі тэлефоны і паадпісваліся»

Родная вёска ў Хойніцкім раёне Беларусі яму сніцца. Але кантактаў з былымі сябрамі там ён амаль не падтрымлівае — шмат хто павыдаляў ягоны кантакт, а калі і піша, то праз жонку ці зусім іншых людзей.

«Таму што я такі элемент, што са мной лепей у такі час не размаўляць. Усе даўно павыдалялі тэлефоны і паадпісваліся. Я іх цудоўна разумею. Што зробіш? У параўнанні з Украінай ужо не страшна. Часам, так, цяжкавата: маці ўзімку памерла, і я не з’ездзіў», — кажа беларус.

Каб нешта ў роднай краіне, у беларускай гаспадарцы, хутчэй змянілася, трэба, каб людзям аддалі зямлю, лічыць Яўген. 

«Першае — разагнаць дармаедаў. Усе гэтыя сельсаветы, райвыканкамы… Аддаць людзям зямлю. Пакуль чалавек не будзе гаспадаром на зямлі сваёй…».

Пра тое, што выказваўся супраць улады ў 2020 годзе, Яўген не шкадуе.

«У мяне над ложкам сцяг вісіць (бел-чырвона-белы — НН) — я сваё перакананне не змяню».

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары36

  • Імя
    19.06.2025
    “Пачіму латыш хазяін на сваей зімле?”

    Мо таму, што не брудзіць расейшчынай вакол сябе, пачнем з таго?
  • Я руззкий я иду до конца
    19.06.2025
    Жыстачайшы кстрымист
  • Тэкля
    19.06.2025
    Няхай у Вас і Вашых дзяцей усё атрымаецца як найлепш!

Цяпер чытаюць

Офіс Ціханоўскай пераязджае ў Польшчу75

Грамадствадапоўнена75

Офіс Ціханоўскай пераязджае ў Польшчу

Усе навіны →
Усе навіны

Рэдкага чорнага ваўка забілі паляўнічыя ў Лідскім раёне4

У Вільні праходзіць пратэст перавозчыкаў у сувязі з блакаваннем фур беларускімі ўладамі15

Стала вядома, з кім яшчэ сустракаўся Дзмітрый Лукашэнка ў Інданезіі7

У Кіеве знайшлі мёртвым сына першага касманаўта незалежнай Украіны

Украінскі пастаянны прадстаўнік у ААН, адказваючы расійскай дэлегацыі, дзеля некалькіх словаў перайшоў на расійскую мову26

У «Паўночным Беразе» нешта добра гарыць

Зяленскі паведаміў пра існаванне трох дакументаў, якія датычацца завяршэння вайны ва Украіне

Міністэрства ЖКГ расказала, як «дармаеды» ды іх сямейнікі павінны плаціць за камуналку5

Як правільна выбраць салодкі падарунак дзіцяці і якіх дабавак трэба пазбягаць2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Офіс Ціханоўскай пераязджае ў Польшчу75

Грамадствадапоўнена75

Офіс Ціханоўскай пераязджае ў Польшчу

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць