Літаратура

«Вядуць нелюдзімы лад жыцця, размаўляюць па-беларуску». Уладзімір Арлоў расказаў пра новую кнігу і згадаў, як суседзі пісалі на яго даносы

«Сярод новых герояў кнігі будуць вельмі дарагія нашы сучаснікі — і Алесь Пушкін, і Вітольд Ашурак, Раман Цымбераў…»

У Варшаве 19 лютага адбылася творчая сустрэча з пісьменнікам і гісторыкам Уладзімірам Арловым. Вечар пачаўся з размовы пра Уладзіміра Караткевіча — чалавека, які «адчыніў акно ў іншую гісторыю», — а працягнуўся асабістымі гісторыямі пра літаратурныя мары і даносы за беларускую мову.

У беларускай краме Vyraj перад пачаткам сустрэчы гаспадар частуе гасцей палескай гарбатай з травяным зборам «Шляхта» і, разліваючы кіпень, жартуе: «Пах пайшоў, як з лазні». Людзі паціху падцягваюцца, абдымаюцца са знаёмымі. У зале — пісьменнікі Зміцер Дзядзенка і Валянціна Аксак, гісторык Алесь Смалянчук.

Сустрэчу Арлоў пачынае вершам, якім адкрываецца яго кніга «Паром празь Ля-Манш» — іранічнай «Спробай завершанага жыццяпісу», дзе ёсць і Полацк, і Сафійскі сабор, і князь Усяслаў Чарадзей, і нават будучая арфаграфічная памылка на надмагіллі. Самапрэзентацыя — як літаратурны міф, дзе асабістая гісторыя пераплятаецца з нацыянальнай.

Арлоў згадвае сваё дзяцінства. Маленькім, ён марыў быць вадалазам, бо на Дзвіне тыя «шмат адпачывалі і мала працавалі». Потым ён хацеў быць патолагаанатам — бо ад суседа-патолагаанатама «прыемна пахла парфумай» і здавалася, што яго праца — выпускаць парфуму. Марыў пра кар’еру савецкага шпіёна, але на ўступных у камсамол на пытанне пра любімую кнігу адказаў: «Нязнайка на Месяцы» — і «пайшоў ні з чым».

Насуперак волі бацькоў, якія хацелі бачыць сына вайсковым медыкам, ён паступіў на гістфак БДУ. І пазней прызнаваўся: факультэту ўдзячны «не за атрыманыя веды з беларускай мінуўшчыны, а за разуменне таго, што якраз гэтых ведаў нам там і не давалі».

«Нас вучылі, што ў беларусаў не было сваёй дзяржавы да 1917 года, вучылі міфам пра старажытнарускую народнасць… Але на наша вялікае шчасце нам трапілі ў рукі творы Уладзіміра Караткевіча, якія адчынялі нам акно ў зусім іншую гісторыю. Не тую, дзе не было герояў, чые партрэты хацелася б павесіць над ложкам».

Менавіта Караткевіч падтрымаў маладога аўтара пасля разгромнай крытыкі яго апавядання «Добры дзень, мая шыпшына» на семінары маладых літаратараў. Адзін з мэтраў — Ян Скрыган — абвінаваціў герояў у «распусце», і тэкст пайшоў па руках з яшчэ большай цікавасцю. Пакрыўджаны Арлоў адшукаў адрас Караткевіча і даслаў яму рукапіс.

«Ён хутка адказаў — бісерным, вельмі чытэльным почыркам. Там было шмат кампліментаў. Пісаў: вось лілеі зачыняюць свае кветкі на ноч, а вашы героі глядзяць на сузор’і жоўтых гарлачыкаў… Праверце, казаў, напэўна і яны закрываюцца. А я ўжо ведаў з асабістага досведу, што не».

Гэтая падтрымка стала для Арлова вырашальнай — і сімвалічна, што пазней ён прысвяціў памяці Караткевіча частку сваіх тэкстаў.

Пісьменнік згадваў, як пасля выхаду першай кнігі звольніўся з газеты, як праз два гады яму і жонцы спрабавалі «шыць» крымінальную справу, абвінавачваючы ў падпольных абортах, а ў даносе суседзяў фігураваў радок: «Ведут нелюдимый образ жизни, разговаривают на белорусском языке». У 1997 годзе яго звольнілі з выдавецтва «Мастацкая літаратура» «за выпуск гістарычнай і іншай сумнеўнай літаратуры».

Свой цяперашні экзістэнцыйны стан пісьменнік называе проста: «У дарозе».

Арлоў прызнаўся, што ідэі для напісання кніг могуць прыйсці адусюль — з нетыповага сну, з тэлефоннага званка, калі на тым канцы «ўсхвалявана маўчаць», ці нават з імгненна пачутага водару жаночай парфумы. Асабліва дарагой для сябе назваў кнігу «Каханак яе вялікасці», першыя апавяданні якой пісаў пасля смерці Караткевіча.

Ён таксама паведаміў, што рыхтуе другую частку «Імёнаў Свабоды» — кнігі, дзе ўжо сабрана больш за 400 лёсаў.

«І, канешне, сярод новых герояў будуць вельмі дарагія нашы сучаснікі — і Алесь Пушкін, і Вітольд Ашурак, Раман Цымбераў…»

Напрыканцы сустрэчы пісьменнік прачытаў сваё эсэ «Незалежнасць — гэта», напісанае ў 1990 годзе — тэкст, які і сёння гучыць актуальна.

«Незалежнасць — гэта калі ад нараджэння да скону пачуваешся сваім чалавекам на сваёй зямлі. Я веру, што калі-небудзь так будзе. Бо іначай проста не варта жыць».

Каментары

Цяпер чытаюць

Памерла палітзняволеная Алена Панкова. Паўгода назад яе асудзілі за ўдзел у пратэстах6

Памерла палітзняволеная Алена Панкова. Паўгода назад яе асудзілі за ўдзел у пратэстах

Усе навіны →
Усе навіны

Беларускі хакеіст-мільянер Аляксей Протас другі раз стаў бацькам17

У Гродне перавярнуўся катафалк, на дарогу выпала труна

Расійскі газавоз атакаваны ў Міжземным моры. Яго стан безнадзейны3

У Беларусі абмяжоўваюць хуткасць мабільнага інтэрнэту. А якія цэны і ўмовы ў Польшчы і Літве?16

Лукашэнка: Вераломны напад Ізраіля пры падтрымцы ЗША на Іран непрымальны17

Два беларускія тэнісісты не могуць вылецець з ААЭ. Эвакуацыю прапануюць за 5 тысяч еўра5

Стаў вядомы вынік налёту дронаў на порт у Новарасійску: пашкоджаны пяць вайсковых караблёў4

Названая самая вялікая сям'я ў Беларусі, у ёй 15 дзяцей4

Польшча ўводзіць абмежаванні на палёты авіяцыі ўздоўж межаў Беларусі і Украіны

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Памерла палітзняволеная Алена Панкова. Паўгода назад яе асудзілі за ўдзел у пратэстах6

Памерла палітзняволеная Алена Панкова. Паўгода назад яе асудзілі за ўдзел у пратэстах

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць