Кіно1010

Расіяне і беларусы знялі кіно пра дранікі з мукой — там жа былі Какабай і зорка «Чабурашкі»

Беларускія кіношнікі знялі разам з расіянамі камедыю пра вёску і дранікі. У гэтай старамоднай стужцы зняліся таксама блогер Какабай і зорная расійская актрыса-тынейджарка.

Фота: кадр з трэйлера

«Знята ў Беларусі з любоўю» — гэта надпіс, з якога пачынаецца камедыя «Дранікі». Фільм насамрэч здымалі ў нашай краіне, большая частка знятая ў Вілейскім раёне. Да стужкі таксама прыклалі руку беларускія кіношнікі, у тым ліку рэжысёрка Ганна Салаўёва-Карповіч.

Акцёрскі склад, аднак, збольшага расійскі. Галоўную жаночую ролю аддалі Еве Смірновай. Гэта новая зорка расійскага кіно: Смірнова здымаецца ў перазапуску легендарных «Татавых дочак» і адхапіла ролі ў «Чабурашку» і «Чабурашку-2», двух самых касавых фільмах у расійскай гісторыі.

Што да «Дранікаў», гісторыя распачынаецца з кампаніі падлеткаў, якія скончылі вучыцца ў другой чвэрці і чакаюць канікулаў. Дарэчы, адзін з іх згадвае сваіх бацькоў словамі «продкі» — пакаленне альфа сапраўды выкарыстоўвае такія словы?

Адзін з тых падлеткаў, Макс, сустракаецца з бацькамі. Ад свайго таты ён атрымлівае ў падарунак машынку і заўважае, што PlayStation быў бы больш да месца — асабліва калі ўспомніць, што яму 12 гадоў. Але ж сям’і не да дарагіх гаджэтаў, бо тату хлопчыка звольнілі з працы.

Фота: кадр з трэйлера

Пакуль сям’я ў падвешаным стане, яны едуць у вёску да дзядулі, каб, як кажа Максаў тата, рабіць снежкі і парыцца ў лазні — забягаючы наперад, нічога такога ў вёсцы так і не адбудзецца. У вёсцы іх чакае дзядуля, які не перастае намякаць, што калі б прыехалі на год пазней, маглі б яго і не заспець жывым.

Макса ад вёскі ванітуе, прычым ненатуральна моцна, вясковаму сябруку ён кажа: «У, нудота ў вас у вёсцы, як ты тут жывеш увогуле». Але ўсё змяняецца, калі хлопцу даюць пакаштаваць дранікі.

І тут важна заўважыць, што па стужцы не так проста сказаць, у якой краіне яе знялі. У сям’і Макса ставяцца да дранікаў з такім піетэтам, што выглядае натуральным, нібыта гэта беларуская сям’я. Людзі навокал абураюцца — маўляў, як гэта ты, ніколі не еў дранікі? 

Яшчэ адна прычына лічыць, што ўсё адбываецца ў Беларусі — беларускі блогер Какабай, які атрымаў невялічкую ролю ў фінале стужкі. І ўсё ж тыя, хто глядзіць фільм уважліва, заўважаць і расійскія нумары, і расцэнкі, якія не могуць быць беларускімі, накшталт «250 рублёў за дранікі».

Тыя дранікі, якія пакаштаваў Макс, проста магічным чынам змяняюць яго стаўленне да вёскі. Разам з вясковымі сябрамі ён вырашае арганізаваць фуд-трак і прадаваць у ім дранікі. З’яўляюцца, аднак, зразумелыя праблемы, бо падлеткам пакуль рана мець уласны бізнэс.

Фота: кадр з трэйлера

У Мінску правялі для «Дранікаў» асобную прэм’еру, куды прыйшлі і прапагандысты з канала СТБ. Андрэй Ліпаў, адзін з прадзюсараў стужкі, расказваў ім у інтэрв’ю, што «дранікі — той беларускі брэнд, які ведаюць ва ўсім СНД». Маўляў, таму яго і вырашылі паставіць у цэнтр гэтай гісторыі.

Калі не лічыць незразумелую нацыянальную прыналежнасць, нічога дрэннага, як і нічога добрага, у «Драніках» няма. Гэта звычайнае простае і наіўнае беларускае кіно, і нездарма, што на «Дранікі» ёсць багата добрых водгукаў, дзе асабліва адзначаюць «душэўнасць» камедыі. Яе можна спакойна паглядзець з бабуляй і дзядуляй і не хвалявацца, што пачуеце абурэнне — маўляў, што гэта цяпер здымаюць?

Калі ж вы будзеце глядзець гэты фільм у любых іншых акалічнасцях, то майце на ўвазе: сюжэтныя павароты ў ім прадказальныя, жарты не смешныя, а персанажы — поўныя стэрэатыпаў. Ды і дранікі яны гатуюць з мукой, на што пагодзяцца не ўсе беларусы.

Фота: кадр з трэйлера

Бываюць часы бяспечнага кіно, дзе думаць не трэба і ўсё прадказальна, але затое і нічога забароненага там не пакажуць і не ўбачаць. Для такіх часоў «Дранікі» — выдатны прыклад жанру.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары10

  • расейска-беларускае ***но
    04.03.2026
    не гляджу
  • Народ не нацыя
    04.03.2026
    Самае страшнае не тое, што расіяне здымаюць такое кіно, а што беларусы самі не супраць, каб беларускае абмежаваць да дранікаў, вёскі і калгасу.
  • Абу
    04.03.2026
    Нармальны творца ў часы тэрора сыходзіць ва ўнутраную эміграцыю альбо стараецца нешта данесці аўдыторыі эзопавай мовай. Здымаць лайно пра якіясь дранікі, калі тваіх суайчыннікаў забіваюць і катуюць у турмах, калі побач ідзе вайна - гэта справа маральных уродаў.

Лукашэнка: Што творыцца ў краіне, у нас усе гэтую гусь круцяць26

Лукашэнка: Што творыцца ў краіне, у нас усе гэтую гусь круцяць

Усе навіны →
Усе навіны

Штучны інтэлект рашыў задачу Наўе—Стокса, якую людзі не маглі разгадаць 90 гадоў. Гісторыя, аднак, абярнулася скандалам14

Украінскія беспілотнікі атакавалі Махачкалу3

Навукоўцы выявілі нечаканую сувязь паміж прыёмам парацэтамолу падчас цяжарнасці і здароўем дачок2

У Гродне зносілі склад і абрынулі частку сцяны на праезную частку. Аскепкі пашкодзілі аўтамабіль

«Не зразумелі, што гэта бегае». На запраўцы знайшлі ката, які быў увесь у апёках і зялёнцы3

Расійскія беспілотнікі атакавалі гандлёвы цэнтр у Сумах

Трамп заявіў, што «Пуцін хоча заключыць здзелку»12

Украіна аб'явіла ў вышук «Жэню з Гомеля». Што пра яго вядома?1

Беларуска Карына Казлоўская заваявала на чэмпіянаце Польшчы па стральбе з лука сем залатых медалёў. Больш проста не было 8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Лукашэнка: Што творыцца ў краіне, у нас усе гэтую гусь круцяць26

Лукашэнка: Што творыцца ў краіне, у нас усе гэтую гусь круцяць

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць