Што такога адбываецца ў эканоміцы, што Лукашэнка то ашчаджае на электрычнасці, то хоча скараціць чыноўнікаў?
На працягу лютага Аляксандр Лукашэнка ўжо не раз скардзіўся на праблемы ў эканоміцы, загадваў выключаць вулічнае асвятленне і нават запатрабаваў неадкладна скараціць лішнія дзяржаўныя структуры, якія назваў «бюджэтнымі прысоскамі». Спыталі ў эксперта, што ж цяпер з эканомікай.

Сціплыя паказчыкі на фоне росту 2024 года
Эксперт BEROC Настасся Лузгіна лічыць, што нічога нечаканага ў эканоміцы Беларусі не адбываецца.
«Калі паглядзець на паказчыкі студзеня, то мы ўбачым, што ніякіх новых тэндэнцый не назіраецца. Мы бачым тыя ж фактары, што сталі выяўляцца яшчэ з першай паловы 2025 года, калі тэмпы эканамічнага росту сталі зніжацца», — тлумачыць эксперт.
У студзені ВУП скараціўся на 1,2% у параўнанні са студзенем 2025-га.
«З аднаго боку, на беларускую эканоміку паўплывала значнае запаволенне росту расійскай эканомікі. А з іншага — той фактар, што ўжо да канца 2024 года было дасягнута значнае пашырэнне вытворчасці, у выніку чаго далейшае актыўнае нарошчванне аб'емаў выпуску станавілася праблематычным».
Эканаміст падкрэслівае, што найбольш важным момантам з'яўляюцца абмежаваныя магчымасці збыту, пра што гаварылася не толькі на нядаўняй нарадзе ў Лукашэнкі.
«За 2025 год узрос паказчык месячнага аб'ёму гатовай прадукцыі на складах прадпрыемстваў, гэта азначае, што тавар вырабляецца, а аб'ёмаў рэалізацыі недастаткова. Звязана гэта ў першую чаргу з сітуацыяй на знешніх рынках, перш за ўсё расійскім».
Акрамя таго, эксперт звяртае ўвагу на высокую канкурэнцыю, якую беларускія тавары не заўсёды вытрымліваюць праз суадносіны кошту і якасці.

«На кітайскім напрамку беларускі экспарт таксама скараціўся. Калі казаць пра той жа калій, то ў Кітаі нам канкурэнцыю складае ў тым ліку расійскі «Уралкалій»».
Пры гэтым нельга казаць пра падзенне па ўсіх пазіцыях.
Напрыклад, спажывецкі экспарт за студзень-лістапад 2025 года ў адносінах да аналагічнага перыяду 2024 года вырас на 11,3%. А пастаўкі харчавання — на 15,9%.
Аднак імпарт харчавання ў Беларусь павялічыўся на 25,5% — з павелічэннем даходаў беларусы аддаюць перавагу таварам імпартнай вытворчасці, а не айчыннай.

Інвестыцыйны імпарт у той жа час таксама рос, хоць і павольней. Усё гэта ў выніку прыводзіць да пагаршэння сальда знешняга гандлю.
Прамысловасць з драйвера стала тормазам
На гэтым фоне запланаваны рост ВУП на 2,8% выглядае маларэалістычным.
«Да такіх паказчыкаў вельмі далёка. Пакуль, наадварот, назіраецца толькі тэндэнцыя да пагаршэння. У прамысловасці ў нас зніжэнне на 3,4% за студзень.
Асобна па апрацоўчай — мінус 7,5%, што з'яўляецца істотным, паколькі гэта важная галіна, якая складае каля 20% ВУП. Атрымліваецца, тая галіна эканомікі, якая была драйверам у 2024 годзе, цяпер цягне ўсе паказчыкі ўніз», — кажа Анастасія Лузгіна.
Пры гэтым аб'ектыўных перадумоў, якія маглі б пазітыўна паўплываць на сітуацыю, на думку эксперта, не гэтак шмат.
«Вялікую ролю будзе адыгрываць тое, што будзе адбывацца ў расійскай эканоміцы, але гэта ўжо знешні фактар, які ад Беларусі не залежыць.
Унутры краіны, хутчэй за ўсё, улады будуць старацца стымуляваць эканоміку: інвестыцыі, крэдытаванне айчынных тавараў. Але пакуль мы бачым, што ўсе гэтыя дзеянні давалі хутчэй касметычны эфект, паколькі, нягледзячы на іх, эканоміка запавольвалася і працягвае гэта рабіць», — адзначае эксперт.
Каментары