Марыя Калеснікава адказала, хто нясе адказнасць за падзеі 2020 года і чаму не абысціся без размовы з Лукашэнкам
«Можа быць, варта пагаварыць з роднымі палітычных зняволеных, якія сядзяць больш за пяць гадоў? Можа быць, у іх варта спытаць: вы хочаце, каб мы пачалі гэтую дыпламатычную ініцыятыву ці не?»

Былая палітзняволеная Марыя Калеснікава ў эфіры канала DW Беларусь адказала на пытанні пра адказнасць апазіцыйных лідараў у 2020 годзе, а таксама патлумачыла, чаму лічыць неабходным аднаўляць дыпламатычныя ініцыятывы з беларускімі ўладамі.
«Мне складана ўявіць, што ў людзей, якія вырашылі ў 2020 годзе галасаваць, былі нейкія ілюзіі наконт таго, у якой яны краіне жылі»
«Ці несяце вы нейкую адказнасць за вашы заклікі, за тое, што вы прапагандавалі, што можна рэжым перамагчы любоўю, кветкамі, мірнымі словамі, заклікам да міру і дыялогу?» — спыталі ў Марыі.
Калеснікава адказала іранічна:
«Прапаганда любові — гэта, вядома, крымінальна каранае злачынства ў Беларусі. І якраз за прапаганду любові, дабра і агульначалавечых каштоўнасцяў у мяне быў тэрмін 11 гадоў».
Марыя падкрэсліла: «Адказнасць за гвалт над людзьмі, за агрэсію, за тое, як брутальна разганяліся мірныя пратэсты, і тое, якая колькасць людзей ад гэтага пацярпела, ляжыць на тых, хто прымае рашэнні».
Паводле яе, зручна рабіць з апазіцыйных лідараў «хлопчыкаў для біцця», але рашэнні аб рэпрэсіях прымалі іншыя людзі:
«Ніхто з нас не прымаў рашэння разганяць мірныя мітынгі, саджаць тысячы людзей у турмы, выдвараць іх з Беларусі, працягваць рэпрэсіі больш за пяць гадоў».
Калеснікава заўважыла, што падобныя абвінавачванні ў адрас лідараў мірных пратэстаў нагадваюць ёй сітуацыю з гвалтам над жанчынамі, калі ахвяру абвінавачваюць у тым, што яна сама вінаватая ў тым, што яе згвалцілі, «таму што ў яе недастаткова доўгая спадніца або недастаткова шчыльны хіджаб».
На пытанне, ці павінен палітык тэарэтычна несці адказнасць за тое, што людзі натхняюцца ягонымі прамовамі і ідуць на пратэсты, Калеснікава задала сустрэчнае пытанне:
«А медыя нясуць адказнасць за тое, што яны падаюць інфармацыю пра тое, што адбываецца?»
Марыя падкрэсліла: адказнасць за ўчынкі нясуць тыя, хто іх здзяйсняе, і тыя, хто кіруе тымі, хто здзяйсняе.
Згадваючы 2020 год, яна адзначыла:
«Мне складана сабе ўявіць, што ў людзей, якія вырашылі ў 2020 годзе галасаваць і наогул пайсці на выбары, былі нейкія ілюзіі наконт таго, у якой яны краіне жылі. (…)
Мне складана ўявіць, што людзі не ведалі, што ў Беларусі былі і раней палітычныя зняволеныя. Мне складана сабе ўявіць, што яны не ведалі, што ў 2006 годзе адбывалася ці ў 2010 годзе. І якая вялікая колькасць людзей ужо цягам гэтага часу (…) падвяргалася рэпрэсіям.
Мне здаецца, што не было такіх людзей у 2020 годзе, якія б не валодалі такой інфармацыяй».
«Ці рэальныя змены ў Беларусі без адказнасці тых, хто цяпер ладзіць злачынствы?» — спыталі ў Калеснікавай.
Тая заўважыла: адказнасць за злачынствы павінна быць, бо гэта нармальна для прававой дзяржавы.
«У 2020 годзе адбылося тое, што Максім Знак назваў прававым дэфолтам, калі законы перасталі дзейнічаць. Вось тады адказнасці няма.
А калі мы гаворым пра тую Беларусь, у якой будзе дзейнічаць закон, і закон будзе дзейнічаць для ўсіх, вядома, і адказнасць за злачынства таксама будзе дзейнічаць для ўсіх».
Чаму Калеснікава прапануе размаўляць з Лукашэнкам? «Паглядзіце ў вочы родным палітзняволеных»
Адна з вядучых заўважыла, што, атрымліваецца, цяпер Марыя заклікае да дыялогу з тымі, хто і нясе адказнасць за гэтыя злачынствы.
Калеснікава адказала, што гаворка ідзе не пра «сяброўства» і не пра згоду з палітыкай уладаў. Яна падкрэсліла, што мае на ўвазе «неабходнасць аднаўлення дыпламатычных ініцыятыў» і «пачатак наогул размовы пра сітуацыю, у якой цяпер знаходзіцца Беларусь». Яна заўважыла, што ў Еўрасаюза ёсць шмат рычагоў уздзеяння на Лукашэнку.
Для Марыі асабіста вельмі важнымі з’яўляюцца тры мэты: вызваленне ўсіх палітычных зняволеных; поўнае спыненне рэпрэсій; зняцце ізаляцыі з Беларусі.
Тлумачачы, чаму яна настойвае на неабходнасці размовы, Калеснікава звярнула ўвагу на ўласны досвед:
«Прыклад пачатку дыпламатычнай ініцыятывы сядзіць зараз перад вамі. Калі б хтосьці з кімсьці не пачаў размаўляць у нейкі момант, то мяне і многіх людзей, хутчэй за ўсё, яшчэ не было б на волі. І калі ёсць такі шанец, хаця б адзін працэнт, што падобныя ініцыятывы дапамогуць вызваліцца іншым людзям і дапамогуць змяніць гэтую рэпрэсіўную машыну, яе спыніць, мне здаецца, гэта варта таго, каб пра гэта гаварыць».
«Мы выдатна разумеем, што цяпер за ўсё, што адбываецца ў Беларусі, прымае рашэнне Лукашэнка. Ён адзіны, ад каго залежаць жыцці іншых людзей. І калі нам важна ратаваць жыцці іншых людзей, то мы павінны з ім размаўляць».
Былая палітзняволеная заўважыла, што яе лёгка крытыкаваць, але прапанавала звярнуцца да сем’яў палітвязняў:
«Можа быць, варта пагаварыць з роднымі палітычных зняволеных, якія сядзяць больш за пяць гадоў? Можа быць, у іх варта спытаць: вы хочаце, каб мы пачалі гэтую дыпламатычную ініцыятыву ці не? Давайце ў іх спытаем. Паглядзім ім у вочы і ўбачым».
Калеснікава нагадала пра досвед сваёй сям’і, якая не верыла, што яе вызваленне магчымае, але працягвала змагацца.
«Цяпер сітуацыя такая, якая яна ёсць. Нам яна не падабаецца. Мне гэта таксама не падабаецца.
Але Лукашэнка прымае рашэнне пра жыцці людзей. Калі людзей можна выратаваць, значыць, іх трэба ратаваць. Гэта самыя галоўныя чалавечыя і агульнаеўрапейскія каштоўнасці, сусветныя каштоўнасці, якія з нас зрабілі цывілізацыю.
Ратаваць людзей, і кропка. Іншых тлумачэнняў, спробаў неяк па-іншаму падысці да гэтага няма», —
выказала сваю пазіцыю Марыя і патлумачыла, чаму ў гэтым можа быць зацікаўлены Лукашэнка:
«Напэўна, нешта ён хоча таксама і ад Еўрапейскага саюза. Але для таго, каб даведацца, што хоча твой суразмоўца, трэба ў яго пра гэта спытаць. Цяпер ніхто, напэўна, акрамя Трампа, не мае паняцця пра тое, што патрэбна Лукашэнку. Таму што з ім проста ніхто не размаўляе».
Каментары
Хібная аналогія. Ахвяра гвалтавання адказвае толькі за сябе, і у яе хаця б ёсць шанец не сустрэць гвалтаўніка, а ў мірных пратэстоўцаў у 20-м такога шанцу не было. Лукашэнка так даўно загнаў сябе ў кут, столькі крыві на ім, што агітаваць наіўных невероятных на мірныя пратэсты, не маючы за душой плана Б, - гэта дурасць на мяжы злачынства, а можа і за ёй.