«Мне не варта было піць». Топавая аўстралійская журналістка выбачылася за п'яны рэпартаж з Алімпіяды
Вядомая аўстралійская тэлежурналістка Даніка Мэйсан прынесла прабачэнні гледачам пасля таго, як выйшла ў эфір з рэпартажам з зімовай Алімпіяды ў Італіі ў нецвярозым стане. Відэазапіс гэтага стаў вірусным у сацсетках і выклікаў у Аўстраліі агульнанацыянальную дыскусію, да якой далучыўся і прэм'ер-міністр краіны, піша Бі-бі-сі.

Мэйсан з'явілася ў эфіры тэлешоу Today на Дзявятым канале ў сераду раніцай (у той момант у Мілане быў яшчэ вечар). Ёй было відавочна цяжка вымаўляць тэкст, журналістка пастаянна ўсміхалася і блытала словы.
«Ну ўвогуле, цана кавы тут насамрэч нармальная, але вось да цаны кавы ў ЗША нам давядзецца прывыкнуць, — сказала яна. — Не ведаю наконт ігуан, што там з імі ў нас было (па ўсёй верагоднасці, гэтых жывёл у эфіры раней згадвалі вядучыя тэлешоу — Бі-бі-сі)».

Далей яна, запінаючыся і блытаючы Вялікабрытанію з ЗША, расказала пра аўстралійскія спартыўныя навіны. На фоне яе рэпартажу быў чуваць смех у студыі.
«Марознае надвор'е — гэта, канешне, нешта асаблівае, — пракаментаваў яе ўключэнне вядучы праграмы Карл Стэфановіч. — Вусны проста замярзаюць».
Запіс з Мэйсан хутка разышоўся ў сацыяльных сетках і выклікаў ажыўленыя каментары жыхароў краіны.
«Яна малайчына, нічога дрэннага тут няма. Відаць, што ёй там вельмі весела», — напісаў адзін з карыстальнікаў сеткі Х. «З яе здароўем усё ў парадку, яе трэба неадкладна звольніць. Гэта поўны непрафесіяналізм», — напісаў яшчэ адзін чалавек.
У спрэчку ўключыўся нават прэм'ер-міністр Аўстраліі Энтані Альбанезэ. «Я за Даніку, — напісаў ён. — Яна малайчына. Яна ў Італіі… і, напэўна, проста стамілася. Розніца ў часе вялікая, гэта, верагодна, і паўплывала на яе».
Аднак у чацвер раніцай Мэйсан зноў выйшла ў эфір і прызнала, што справа была не толькі ў стомленасці.
«Цалкам бяру віну на сябе, такія мае паводзіны былі недапушчальнымі», — сказала яна, дадаўшы, што ёй сорамна за тое, што здарылася.
Пасля звычайнага аповяду пра спартыўныя навіны яна спытала, «ці можа прынесці прабачэнні», і падзякавала гледачам, якія турбаваліся за яе.
«Са мной усё ў парадку, мне толькі, напэўна, трохі сорамна, — сказала журналістка. — Разумееце, я проста зусім няправільна ацаніла сітуацыю. Мне не варта было піць, асабліва ў гэтых умовах. Тут халодна, мы знаходзімся на вышыні, а я яшчэ і не павячэрала, гэта таксама не дапамагло. Так што, як я ўжо сказала, я прыношу найглыбокія прабачэнні і хачу падзякаваць усім, хто напісаў мне».
Вядучая праграмы Today Джэні Азапардзі адказала ёй: «Мы ведаем, як добра ты працуеш, Даніка».
Даніка Мэйсан — адна з самых вядомых у Аўстраліі спартыўных журналістак, сярод іншага яна асвятляе вельмі папулярныя ў краіне матчы па рэгбі.
Каментары