Свет22

Адміністрацыя Трампа пазбавіла Гарвард права навучаць замежных студэнтаў

Замежнікі, якія ўжо вучацца ў Гарвардзе, будуць вымушаныя перайсці на навучанне ў іншы ўніверсітэт, інакш яны страцяць права на знаходжанне ў краіне.

Фота: Plexi Images/GHI/UCG/Universal Images Group via Getty Images

Адміністрацыя Дональда Трампа пазбавіла Гарвардскі ўніверсітэт права навучаць замежных студэнтаў, пра гэта паведаміла Міністэрства ўнутранай бяспекі ЗША, піша Бі-бі-сі.

Міністр унутранай бяспекі ЗША Крысці Ноэм распарадзілася спыніць дзеянне сертыфіката Гарвардскага ўніверсітэта на права ажыццяўляць праграму па студэнцкіх абменах. Замежнікі, якія плануюць вучыцца ў ЗША, павінны атрымаць візу класа F або M. Толькі навучальныя ўстановы, сертыфікаваныя для прыёму студэнтаў і ўдзельнікаў праграм абмену (SEVP), могуць выдаваць неабходныя для атрымання візы дакументы.

Гэта азначае, што Гарвард больш не зможа прымаць на навучанне замежных студэнтаў. Замежнікі, якія ўжо вучацца ў Гарвардзе, будуць вымушаныя перайсці на навучанне ў іншы ўніверсітэт, інакш яны страцяць права на знаходжанне ў краіне.

Паводле звестак універсітэта, у мінулым навучальным годзе ў Гарвардзе навучалася каля 7000 замежных студэнтаў — гэта 27,2% ад агульнай колькасці навучэнцаў.

«Адміністрацыя лічыць Гарвард адказным за распальванне гвалту, антысемітызму і кантакты з Камуністычнай партыяй Кітая», — сказала Крысты Ноэм, адзначыўшы, што для ўніверсітэтаў «гэта прывілей, а не права — прымаць замежных студэнтаў» і атрымліваць выгаду ад больш высокай аплаты за навучанне.

Гарвард у сваёй заяве назваў гэты крок адміністрацыі Трампа незаконным.

«Мы цалкам адданыя захаванню здольнасці Гарварда прымаць міжнародных студэнтаў і навукоўцаў, якія паходзяць з больш чым 140 краін і моцна ўзбагачаюць Універсітэт — і гэтую краіну», — гаворыцца ў заяве Гарварда.

«Гэта акцыя адплаты пагражае нанесці сур’ёзную шкоду гарвардскай супольнасці і нашай краіне і падрывае акадэмічную і даследчую місію Гарварда», — падкрэсліваецца ў заяве ўніверсітэта.

У сярэдзіне красавіка Міністэрства адукацыі ЗША абвясціла пра замарозку федэральных грантаў для Гарварда. Падставай для гэтага стала адмову ўніверсітэта выконваць патрабаванні ведамства, сярод якіх быў аўдыт «поглядаў студэнтаў і супрацоўнікаў».

У прыватнасці, ад універсітэта патрабавалі распрацаваць сістэму, якая дазволіць прадухіліць прыём замежных студэнтаў, «варожа настроеных да амерыканскіх каштоўнасцяў і інстытутаў». А таксама — правесці аўдыт (зноў жа, з прыцягненнем старонніх экспертаў) праграм, якія былі заўважаныя ў антысемітызме і іншых формах нянавісці. Універсітэт адмовіўся выканаць гэтыя патрабаванні, пасля чаго паследавалі пагрозы Трампа пазбавіць Гарвард спецыяльнага падатковага статусу і магчымасці прымаць замежных студэнтаў.

Універсітэт падаў у суд на адміністрацыю, патрабуючы аднавіць фінансаванне.

У канцы красавіка Гарвардскі ўніверсітэт выпусціў два даклады — адзін пра антысемітызм і антыізраільскія настроі ў універсітэцкім асяроддзі, другі — пра антыісламізм. Абодва даклады крытычна выказваюцца пра культуру ў кампусе і рэакцыю ўніверсітэта на складзеную сітуацыю.

Пасля публікацыі дакладаў прэзідэнт Гарварда Алан Гарбер папрасіў прабачэння за тое, што ўніверсітэт не апраўдаў чаканняў студэнтаў і прафесуры.

Каментары2

  • BBC
    23.05.2025
    Każuć jon z lievatoj zmahajeccav
  • NN, seriously?
    23.05.2025
    > Навіны пра ЗША
    > (зноў) BBC Russian

Цяпер чытаюць

Каб забіць Хаменеі, ізраільская разведка ўзламала дарожныя камеры ў Тэгеране і адключыла вышкі мабільнай сувязі

Каб забіць Хаменеі, ізраільская разведка ўзламала дарожныя камеры ў Тэгеране і адключыла вышкі мабільнай сувязі

Усе навіны →
Усе навіны

З 1 сакавіка з'явіліся дзіцячыя садкі для малых да двух гадоў. Што пра гэта думаюць бацькі?2

У ААЭ, Катары і Амане застаюцца больш за тры тысячы беларускіх турыстаў2

Беларусь ініцыявала хартыю шматпалярнасці з Расіяй, Іранам, КНДР і М'янмай27

Марк Рутэ: Еўропа падтрымлівае ўдары па Іране, але ўдзельнічаць у іх не будзе8

У беларускі не атрымалася прачытаць верш у падручніку для 2‑га класа. Ёй накідалі тысячы каментароў26

У ААЭ аднаўляюць палёты з аэрапортаў

Міністр абароны ЗША запэўніў, што ў «бясконцую вайну» аперацыя супраць Ірана не ператворыцца3

Для беларускіх турыстаў, якія знаходзяцца на Блізкім Усходзе, выдалі інструкцыю3

Трамп расказаў, што для яго стала найбольшай неспадзяванкай пасля ўдараў па Іране4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Каб забіць Хаменеі, ізраільская разведка ўзламала дарожныя камеры ў Тэгеране і адключыла вышкі мабільнай сувязі

Каб забіць Хаменеі, ізраільская разведка ўзламала дарожныя камеры ў Тэгеране і адключыла вышкі мабільнай сувязі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць