З Лондана Мельнікава вылецела на Шры-Ланку, у яе быў каханак спартовага выгляду з Беларусі
Польскі часопіс Polityka выявіў, што спікерка Каардынацыйнай рады лётала на трапічны востраў не першы раз. Ён сабраў і яшчэ некаторыя факты пра яе варшаўскія звычкі.

Пра тое, што Мельнікава перакрочыла мяжу Шры-Ланкі, выданню паведамілі дзве незалежныя адна ад адной крыніцы. Polityka піша, што гэта была не першая паездка зніклай беларускі на гэтую экзатычную выспу. Анжаліка адпачывала там у студзені 2024 года, у мясцовасці Унаватуна. Як піша Polityka, яна была там з мужчынам.
Часопіс цытуе неназваную сяброўку Мельнікавай: «Яна паказвала мне здымак і заручальны пярсцёнак. Расказвала, што ён спартовец з Беларусі і што яна ў яго закаханая».
Паводле выдання, Анжаліка Мельнікава не расказвала пра свае рамантычныя адносіны калегам у апазіцыйным асяродку, паколькі кантакты з мужчынам, які жыве ў Беларусі, маглі занепакоіць яе калегаў.
«Чалавек, які прадстаўляўся «спартоўцам», мог быць супрацоўнікам беларускага КДБ. А апошняя паездка на Шры-Ланку магла быць пасткай спецслужбаў. З вострава можна без праблем трапіць у Расію, а пасля ў Беларусь. Ёсць рэгулярныя злучэнні і чартарныя рэйсы. Магчыма, Мельнікава села на адзін з гэтых самалётаў — па ўласнай волі, пад прымусам ці шантажам», — мяркуюць аўтары тэксту.
Мельнікава, як піша польскае выданне, часта выязджала ў экзатычныя краіны. У Дубаі, напрыклад, яна сустракалася са сваёй маці. У адпачынак яна ездзіла і па тры разы на год. На Балі, у Турцыю, Егіпет, Шры-Ланку.
Увогуле, яна жыла заможным жыццём.
«Яна добра апраналася, дбала пра макіяж і ездзіла да свайго ўлюбёнага цырульніка за 200 км ад Варшавы. Рэгулярна наведвала спартзалу, дзе займалася з асабістым трэнерам. Нядаўна яна пачала займацца кікбоксінгам. Каб не шукаць месца для паркоўкі перад трэнажорнай залай, яна арандавала парковачнае месца ў суседнім падземным гаражы», — высветліла выданне.
Яе выдаткі значна перавышалі заробак, адзначае Polityka. Лічылася, што за яе плаціць былы муж, з якім яны ад 2024 году зноў жылі разам.
На пачатку гэтага года ў паводзінах Мельнікавай калегі і знаёмыя пачалі заўважаць дзіўныя перамены. Яна стала выглядаць прыгнечанай і менш дбала пра свой выгляд. Адна з сябровак расказала часопісу, што падчас дня нараджэння Мельнікавай (12 лютага) іншая дзяўчына выпадкова забрала iPhone Анжалікі. Анжаліка запанікавала.
«Яна папрасіла завезці яе да той дзяўчыны дадому. Як толькі ёй вярнулі тэлефон, яна адразу ж скінула ўсе налады да заводскіх». Анжаліка перастала карыстацца машынай. На сустрэчы ездзіла на Uber. Аказалася, што машына належала яе былому мужу і яе прадалі на пачатку года.
Ранейшы артыкул «Нашай Нівы» пра Мельнікаву чытайце тут.
Было такое адчуванне, што яны планавалі разам уцячы, — піша выданне. — Потым Анжаліка пачала казаць нам усім, што ёй трэба адпачыць і што яна хоча паехаць у Лондан. Яна папрасіла водпуск у НАУ. Вылецела яна 26 лютага. Ці паляцелі з ёй дзеці? Спецслужбы паведамілі Паўлу Латушку, што так, але тут мы не ўпэўненыя», — расказала адна з яе сябровак.
Неўзабаве пасля гэтага, 1 або 2 сакавіка, былы муж Анжалікі Мельнікавай Андрэй спакаваў рэчы ў кватэры, дзе яны жылі, і 3 сакавіка пераехаў на аўтобусе беларускую мяжу.
Калегі Мельнікавай былі перакананыя, што сама яна вярнулася з Лондану. Анжаліка адказвала на званкі, адпісвала смс. Яна казала, што не можа прыйсці ў офіс, бо ў яе кавід і запаленне лёгкіх.
Polityka цытуе Паўла Латушку, які ў той час перапісваўся з ёй: «Я лічыў, што яна дома з дзецьмі і хварэе на ковід. Я ўвесь час ёй пісаў».
Магчыма, гэта было неяк звязана з грашыма, дапускае польскі часопіс. 12 сакавіка на рахунак яе фонду былі пераведзеныя буйныя грантавыя сродкі. Неўзабаве пасля гэтага яны былі знятыя. Агулам гаворка пра 118 000 еўра, піша польскі часопіс.
(Першапачаткова ў пераказе «НН» інфармацыя пра грошы прыводзілася як цытата Латушкі, але гэта словы аўтараў польскага расследавання. Прыносім выбачэнні за недакладнасць).
Polityka нагадала, што грамадскай дзейнасцю Мельнікава занялася ў Беластоку, куды яе сям’я пераехала ў студзені 2021 года з Кіева. Там яна пачала супрацоўнічаць з фондам «Беларусь-2020», які дапамагаў палітуцекачам. Яе былы калега так згадваў той час:
«Анжаліка не рабіла акцэнту на сваёй ідэйнасці. Яна сказала, што ўмее пісаць грантавыя праекты і хацела б гэтым зарабляць. Купіць кватэру, пабудаваць сваё жыццё ў Польшчы».
У красавіку яна ўжо ўдзельнічала ад імя фонду ў сустрэчы наконт грантаў з канадскімі дыпламатамі ў Варшаве. А неўзабаве пасля гэтага Мельнікава прапанавала кіраўніцтву «Беларусі-2020» прадаць фонд ёй. Тых гэта шакавала, яны адмовіліся. Праз некаторы час Анжаліка пераехала ў Варшаву і заснавала свой фонд — Białoruś Liberte.

Тады ж Мельнікава ўладкавалася на працу ў НАУ Паўла Латушкі, а пазней стала спікеркай Каардынацыйнай рады. Аўтары артыкула нагадваюць, што Мельнікава мела доступ да высокапастаўленых польскіх палітыкаў і марыла нават паспрабаваць сябе ў польскай палітыцы, балатавацца ў Сейм. Яны дапускаюць, што праверка Мельнікавай напярэдадні атрымання грамадзянства Польшчы магла быць павярхоўнай. А следства ў справе «знікнення Мельнікавай», якое вядзе Агенцтва ўнутранай бяспекі (аналаг КДБ), Polityka называе «млявым».
«Супрацоўнікі спецслужбаў не апытвалі важных сведак, не звярталіся да знаёмых, не правяралі месцы, дзе часта бывае апазіцыянерка. Яны нават не прыходзілі ў офіс НАУ у цэнтры Варшавы, дзе працавала Мельнікава. Каля яе стала дагэтуль вісіць пропуск у Сейм (ад 16 студзеня). На стале — паперы — такія ж, якія пакінула Анжаліка апошні раз на працы. Ці хто-небудзь іх праглядаў? Паліцыя? Агенцтва ўнутранай бяспекі? — пытаемся мы. — Ніхто. А колькі калег ужо дапыталі? — Нікога», — пішуць аўтары артыкула ў часопісе Polityka і напрыканцы дадаюць:
«Гэта можа сведчыць аб тым, што справа беларускай апазіцыі ў Польшчы — нягледзячы на палітычную і фінансавую падтрымку — для нашых уладаў абсалютна другасная».
Каментары