Музыка1010

Фестываль Graj: свята беларускай музыкі і перажыванні польскай паліцыі

Чацвёрты фестываль Graj, які прайшоў у Варшаве 5 верасня, падабраў праграму выступаў, у якой фактычна кожны гурт — хэдлайнер. Такога моцнага складу беларускіх артыстаў бадай не было ні на адным з ранейшых фестываляў у Польшчы. «Белсат» пабываў на мерапрыемстве і паглядзеў, што з гэтага атрымалася. 

Гурт «Крамбамбуля» выступае на фестывалі GRAJ. Варшава, Польшча. 5 верасня 2025 года. Фота: Белсат
Гурт «Крамбамбуля» выступае на фестывалі Graj. Варшава, 5 верасня 2025 года. Фота: Белсат

Званок з паліцыі

Фестываль сёлета змяніў лакацыю. Яшчэ летась ён месціўся на адкрытай пляцоўцы варшаўскага Odessa Club, якая змяшчала да 700 чалавек, а ўжо ў гэтым годзе атрымаў «падвышэнне» і пераехаў у культавы клуб Progressja. Крытая пляцоўка здольная «ператравіць» унутры сябе да паўтары-дзвюх тысяч наведвальнікаў. Цікава, ці назбіраецца столькі людзей? Каб задаць гэтае пытанне, журналісты знайшлі адну з арганізатарак фестывалю. Але размова пачынаецца з іншага… 

«Уявіце, перад пачаткам канцэрту ў клуб тэлефанавала польская паліцыя і пыталася, як у нас справы. Гэта пасля канцэрту Макса Каржа», — кажа, усміхаючыся, суарганізатарка Graj Інэс Сянкевіч. Але, высвятляецца, абмежаваліся выключна тэлефанаваннем — відавочна, правяраюць, каб беларусы зноў не ўчудзілі чаго якога». 

Колькасць людзей сёлета тут будзе сапраўды большая, кажа Інэс. І гэтаму ёсць тлумачэнне…

Арганізатарка фестывалю GRAJ Інэс Сянкевіч слухае выступ гурта. Варшава, Польшча. 5 верасня 2025 года. Фота: Белсат
Арганізатарка фестывалю Graj Інэс Сянкевіч слухае выступ гурта. Варшава, 5 верасня 2025 года. Фота: «Белсат»

«Мы збіраем найлепшыя беларускія гурты, у мінулых гадах быў выключна рок-фестываль, у гэтым годзе змяшалі розныя стылі, каб прыцягнуць розную беларускую публіку, таму што ў кожнага гурта публіка свая. Я была на розных канцэртах і бачыла зусім іншыя твары — і мы пастараліся сабраць усю гэтую публіку ў адным клубе. Плюс яшчэ ў гэтым годзе спадзяёмся на польскую аўдыторыю, бо мы запрасілі спецыяльнага госця Sw@da x Niczos», — адзначае арганізатарка фестывалю.

Дый іншыя беларускія фестывалі, кажа Інэс, якіх хапае ў Польшчы, пачалі ўжо адстройвацца адзін ад аднаго: змянілася стылістыка ў Marafest — яны запрашаюць не толькі беларускія гурты, але і іншых сусветных выканаўцаў, кракаўскі фэст «Летуцень» — гэта фестываль у парку, «Тутака» — праводзіцца на адкрытай пляцоўцы пад патранатам Падляшскага ваяводства. «А мы ў Варшаве адны такія», — смяецца суразмоўца. 

Гурт Prypiać выступае на фестывалі GRAJ. Варшава, Польшча. 5 верасня 2025 года. Фота: Белсат
Гурт Prypiać выступае на фестывалі Graj. Варшава, 5 верасня 2025 года. Фота: Белсат

Дэбют

Зала, запоўненая больш як на траціну, вельмі прыхільна сустракае музыкаў, якія першымі выходзяць на сцэну. Упэўнены вакал, зладжаныя рыфы, магутны гук. Шыкоўна. І толькі пасля стала вядома, што гэта быў увогуле першы выступ гурта на сцэне. Дэбют. І адразу вялікая пляцоўка.

Гурт «Prypiać» узнік толькі ў гэтым годзе, але планку ўзняў даволі высока. Рэч у тым, што стварыў яго 17-гадовы юнак Казімір Савіцкі, сын бас-гітарыста «Пятлі Прыхільнасці». У склад бэнду ўваходзіць гітарыст Дзяніс Тарасенка («Разбітае сэрца пацана»), а таксама бацька Казіміра — бас-гітарыст Цімафей Савіцкі («Пятля Прыхільнасці») і Саша Энджэла («Модель поведения»), якая адказвае за сэмплы — электронныя гукі і эфекты падчас выступу. Самі музыкі адносяць сябе да музычнага стылю пост-панк, але заўважаюць, што некаторыя знаходзяць у іхніх песнях нешта з такіх стыляў, як грандж (песня «Матылі») ці індзі. 

«Страшна было перад першым выступам?» — пытаюцца ў грымёрцы ў Казіміра. — «Не тое, каб страшна, але хвалююча. А калі выйшаў на сцэну, пачаў танцаваць і спяваць — гэта разрад эмоцый, то ў меру хваляваўся, але гэта было штуршком, натхніла», — кажа юнак і адзначае, што, як на першы выступ, то, яму здаецца, усё прайшло цудоўна. 

Дзяніс Тарасенка таксама заўважыў, што для першага разу ўсё прайшло нават лепш, чым чакалася. «Цудоўны старт, адразу і на такім узроўні. Зараз галоўная задача гэты ўзровень утрымаць, што цяжэй, чым пачаць», — смяецца гітарыст.

У планах — праца над альбомам і невялікі тур па польскіх гарадах. Казімір нават не выключыў, што ў перспектыве ў гурта могуць з'явіцца і польскамоўныя песні. Праўда, тут жа заўважыў, што пакуль не ведае, калі дакладна гэта адбудзецца.

Тым часам заводзіць танцпол гурт «Без назвы» (:B:N:), які ўжо някепска працуе ў тым ліку і з польскай аўдыторыяй: менеджар калектыву — паляк, і ягонымі стараннямі гурт ужо робіць някепскія поспехі сярод мясцовага слухача. Дый чаму тут дзівіцца: з вопытам ігры ў чвэрць стагоддзя:B:N: умее даць дыхту.

Гурт Biaz Nazvy выступае з Віталём Ражковым на фестывалі GRAJ. Варшава, Польшча. 5 верасня 2025 года. Фота: Белсат
Гурт Biaz Nazvy выступае з Віталём Рыжковым на фестывалі GRAJ. Варшава, Польшча. 5 верасня 2025 года. Фота: Белсат

Уласна кажучы, гэта і бачна на сцэне. Першая песня, другая — і зала ўжо стаіць на вушах. З калідораў падцягваюцца слухачы, на пляцоўцы становіцца горача ва ўсіх сэнсах.

«Калі арганізатары нам прапанавалі выступіць на фэсце Graj, мы спыталі: «А не баіцёся, што мы разнясём гэтую пляцоўку?» І нам сказалі: «А паспрабуйце!» Для нас гэта была такая прыемная неспадзяванка, бо павінен быў граць іншы артыст», — кажа вакаліст:B:N: Алесь Лютыч.

Адносна прыцягнення польскай публікі Алесь рэагуе: так, запісалі некалькі песень на польскай мове і стараемся іх выконваць падчас сваіх клубных канцэртаў.

«Мы стараемся іх выконваць, каб павялічваць колькасць мясцовай публікі. Бо мы жывём у гэтай краіне і трэба з павагай ставіцца да гэтага і рабіць такія крокі, каб мясцовыя зразумелі нас: пра што мы спяваем, што нас турбуе, і ў творчасці гурта штосьці павінна быць на іх мове», — адзначае Алесь Лютыч. «Каб зачапіць людзей і каб яны пачалі слухаць беларускую музыку», — дадае бубначка:B:N: Vicky Fates.

Трэба сказаць, падчас аўтограф-сесіі, якую Алесь зладзіў каля месца продажу мерча, ад іх доўгі-доўгі час не адыходзілі некалькі польскамоўных фанатак, якія зачараванымі вачыма заглядаліся на саліста гурта. 

Юры Стыльскі падчас фестываля GRAJ. Варшава, Польшча. 5 верасня 2025 года. Фота: Белсат
Юры Стыльскі падчас фестываля Graj. Варшава, 5 верасня 2025 года. Фота: Белсат

Перакур

Паміж выступамі камандаў гледачы спяшаюцца выйсці з залы — здаецца, ад гарачыні ў ёй хутка пойдзе дым. Часам адчыняюць аварыйныя ўваходы, каб праветрыць, але на вуліцы спёка — не дапамагае. У перапоўненай курылцы можна паразмаўляць. 

«Файны канцэрт, файныя музыкі. Лайнап у гэтым годзе сапраўды класны — тут і на патанчыць, і на паслухаць: «Крамбамбуля», Naviband, ніколі не слухала Sw@da x Niczos ужывую, таму чакаю. І так, столькі прыгожых людзей, і ўсе, ці амаль усе, размаўляюць па-беларуску — такой колькасці не сустракала даўно», — кажа Ганна (імя змененае). 

А з залы нібыта рэхам даносіцца: «Нельзя, нельзя, нельзя, нельзя, повсюду камеры висят. Всюду камеры висят, за это граждане сидят…» На сцэне «Пятля Прыхільнасці», якая вяртае з летуценняў у беларускую рэчаіснасць. Пад песні гурта людзі на танцполе неяк мерна пагойдваюцца з боку ў бок: гэта нібыта і не танец зусім: усё ж «Пятля» — гэта хутчэй пра сэнсы, а не пра танцы.

Гурт «Пятля прыхільнасці» выступае на фестывалі GRAJ. Варшава, Польшча. 5 верасня 2025 года. Фота: Белсат
Гурт «Пятля прыхільнасці» выступае на фестывалі Graj. Варшава, 5 верасня 2025 года. Фота: Белсат

Хлопцаў на сцэне змяняюць удзельнікі гурта Naviband, і разам з імі настрой мяняецца на зусім лірычны. Для гэтага, як аказалася, ёсць прычына: 5 верасня ў Ксюшы і Арцёма 11-я гадавіна вяселля. Ад гэтага песні ў іхным выкананні гучаць яшчэ больш інтымна — меней электронікі, больш акустычнага гучання, яны, нібы наўмысна, зрабілі перадых пасля трох папярэдніх сэтаў. 

Урэшце ўсе затойваюць дыханне: Арцём прагаворвае прызнанні, што, бачна, ідуць з самага сэрца, і дзякуе «Ксю» за тыя гады, што яны разам. У адказ чуецца Ксюшына: «Ты цудоўны, самы лепшы. Дзякуй вялікі за падтрымку, за тое, што мы можам адсвяткаваць такую важную дату разам з вамі. Гэта сапраўды вельмі неверагодна». 

Гурт Naviband выступае на фестывалі GRAJ. Варшава, Польшча. 5 верасня 2025 года. Фота: Белсат
Гурт Naviband выступае на фестывалі Graj. Варшава, 5 верасня 2025 года. Фота: Белсат

Безумоўна, сэрцы пасля такіх словаў растаюць канчаткова.

«Я трошкі паплакала. Асабліва на кампазіцыі Naviband «Мама», бо сваю маму я не бачыла амаль тры гады, і гэта вельмі сумна. А што да беларускіх фестываляў, то я іх вельмі люблю, бо гэта адчуванне яднання, магчымасць убачыць шмат знаёмых твараў, паабдымацца з людзьмі, і я б адзначыла арганізацыю гэтага фэсту як добрую. Няма вялікіх чэргаў, прыемныя вядоўцы», — дзеліцца сваімі ўражаннямі Дар'я, якая ўжо больш за два з паловай гады жыве ў Варшаве. 

Своеасаблівую атмасферу фестываля адзначылі і самі музыкі.

«Я сказаў бы, што тут вельмі цёпла, вельмі па-дамашняму, не хочацца, каб гэта спынялася. Бо такога не хапае, і я разумею, што людзі прыстасоўваюцца да жыцця краіны, у якой яны жывуць, але калі мы збіраемся разам — гэта тое роднае, што сядзіць недзе ў нас, і сэрца спявае. Я зычу фестывалю ўсяго толькі самага лепшага, няхай у наступным годзе ён адбудзецца на яшчэ большай пляцоўцы, поспехаў яму», — гаворыць Арцём з Naviband у каментары «Белсату».

Алег Гарбуз праводзіць аўкцыён з лотам ад Лявона Вольскага падчас фестывалю GRAJ. Варшава, Польшча. 5 верасня 2025 года. Фота: Белсат
Алег Гарбуз праводзіць аўкцыён з лотам ад Лявона Вольскага падчас фестывалю Graj. Варшава, 5 верасня 2025 года. Фота: Белсат

Карціны «з малатка»

Тым часам вядоўцы фестывалю Марына Савіцкая і Алег Гарбуз праводзяць са сцэны аўкцыён. Лоты — рэчы артыстаў, якія бяруць удзел у фестывалі. Грошы, атрыманыя падчас аўкцыёну, ідуць на падтрымку беларускай музыкі.

Лоты, у сваю чаргу, разыходзяцца як гарачыя піражкі: за лічаныя секунды стаўкі ўзлятаюць да соцень злотых: цішотка і плэйліст Naviband ідуць за 600 злотых, карціна мастака Яраслава Кірвеля з выявай гурта «Дзецюкі» з першапачатковай стаўкі ў 10 злотых раптам хуценька дабягае да 777 злотых.

Крыху пазней акварэльная карціна Лявона Вольскага адпраўляецца аднаму з наведвальнікаў за 2000 злотых (праўда, рэкорду мінулага году гэта не перабіла — мінулым разам акуляры Лявона Вольскага пайшлі за 2 з паловай тысячы злотых). 

Гурт «Крамбамбуля» выступае на фестывалі GRAJ. Варшава, Польшча. 5 верасня 2025 года. Фота: Белсат
Гурт «Крамбамбуля» выступае на фестывалі Graj. Варшава, 5 верасня 2025 года. Фота: Белсат

Чаканыя «Госці»

Нарэшце на сцэне «адроджаная» «Крамбамбуля». Было бачна, што за час свайго «маўчання» гурт не тое што не згубіў сваёй формы, а, як сапраўдны моцны напой, толькі настаяўся і быў цалкам гатовы да ўжывання. Чым, безумоўна, не мінулі скарыстацца ўсе прысутныя. Хапіла адной песні — і разгарачаныя твары прысутных яскрава сведчылі: выступлення гурта ўжо даўно чакалі. А там «нагбом» пайшлі і «Партызаны», і «Абсэнт», і «Турысты» і «Госці».

Нават у пэўны момант падалося, што перад Sw@da x Niczos паўстала даволі няпростая задача — не разгубіць усю тую энергію, якую накалілі перад імі Лявон Вольскі і Ko. Але дзе там — гучныя біты, якія, здавалася, прабіралі наскрозь усё цела, і пранізлівае трохгалоссе падляшскіх дзяўчат — усё гэта ўводзіла ў пэўны транс і прымушала натоўп рухацца ў такт музыцы. Калектыў прымалі з надзвычайнай цеплынёй. 

Гурт Swada x Naczos выступае на фестывалі GRAJ. Варшава, Польшча. 5 верасня 2025 года. Фота: Белсат
Гурт Swada x Niczos выступае на фестывалі Graj. Варшава, 5 верасня 2025 года. Фота: Белсат

Як прызналася вядоўца Марына Савіцкая, публіка на фестывалі была сапраўды «цёплая і класная».

«Я не ведаю, ці то справа ў тым, што сёння нас так шмат, прычым вядома, што прыехалі з розных гарадоў, розных куткоў — ад Фінляндыі да Беларусі, што таксама не можа не радаваць. Класна, што ў нас адбываецца аўкцыён, і гэтыя лоты разлятаюцца па розных кутках свету, а гэта значыць, што беларускай музыкі, беларускага вайбу будзе больш, і гэта не можа не натхняць», — падсумавала вядоўца. 

Такім чынам, беларусы ў Progresiji далі жару… А што да перажыванняў польскай паліцыі, то можна адзначыць такі эпізод. Ужо разыходзячыся з канцэрту, чарада людзей спыняецца на святлафоры. Чырвонае. Ні злева, ні справа няма трамваяў. Але людзі стаяць. Да пераходу падыходзіць яшчэ адзін мужчына, азіраецца ў адзін бок, у другі — і хуценька шмыгае цераз трамвайныя рэйкі. «Адразу бачна: не беларус», — голасна кажа адзін з чакальшчыкаў «зялёнага», і астатнія беларусы заліваюцца гучным смехам.

Каментары10

  • José Montiljo
    06.09.2025
    у́сё хараство і моц фэсту псуе будынак Прагрэсіі .
    Абшарпаны , брудны , не рамантаваны ад часоу́ Герэка .
    Ганьба
  • Гэта беларус?
    06.09.2025
    Другі злева хлопец у чырвоных штанах, з гітарай, памаляваў валасы на чэрапе ў чырвоны колер.
  • Найперш не галасі!
    06.09.2025
    Палякі і і летувісы будуць самымі паважанымі і шанаванымі гасцямі на Беларусі.
    І на падобных фэстах таксама.

Цяпер чытаюць

Былы выкладчык Іняза перайшоў на беларускую ў эміграцыі. Ён разважае пра лёс універсітэта, беларусаў за мяжой і адрозненне нас ад палякаў4

Былы выкладчык Іняза перайшоў на беларускую ў эміграцыі. Ён разважае пра лёс універсітэта, беларусаў за мяжой і адрозненне нас ад палякаў

Усе навіны →
Усе навіны

12 беларускіх прыказак, якія дапамогуць вам у любой спрэчцы4

З-за расійскіх глушылак амаль 123 тысячы авіярэйсаў сутыкнуліся з праблемамі ў навігацыі3

KFC запусціла сваю службу дастаўкі

Самалёт прэм'ера Арменіі ўпершыню выкарыстаў паветраную прастору Азербайджана

Фестываль Graj: свята беларускай музыкі і перажыванні польскай паліцыі10

У наступным годзе Дзень беларускага пісьменства правядуць у Касцюковічах2

Трамп дапусціў, што запросіць Пуціна на саміт G20 у Маямі12

Міліцыя рассылае самакатчыкам эсэмэскі аб парушэнні імі правілаў дарожнага руху7

Кітайскае тэлебачанне прымусіла Reuters выдаліць відэа, на якім Пуцін з Сі Цзіньпінам разважаюць пра неўміручасць4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Былы выкладчык Іняза перайшоў на беларускую ў эміграцыі. Ён разважае пра лёс універсітэта, беларусаў за мяжой і адрозненне нас ад палякаў4

Былы выкладчык Іняза перайшоў на беларускую ў эміграцыі. Ён разважае пра лёс універсітэта, беларусаў за мяжой і адрозненне нас ад палякаў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць