Грамадства33

Славенія заплаціць беларусу амаль 100 тысяч еўра за тое, што на яго навялі пісталет пры затрыманні, а пасля пратрымалі год за кратамі

Мужчына быў у спісе Інтэрпала па запыце Мінска, таму доўга не маглі вызначыцца, што з ім рабіць.

Копер, Славенія. Ілюстрацыйнае фота: picryl.com

Беларус, які доўга жыве ў Германіі, атрымае ад Славеніі €47 030 кампенсацыі за 396 дзён, якія той правёў пад вартай, і за страх перад экстрадыцыяй у Беларусь. Сума вырасла пасля таго, як ніжэйшая інстанцыя яе паменшыла, выкінуўшы з разліку самыя цяжкія для мужчыны акалічнасці.

Беларуса затрымалі яшчэ 23 ліпеня 2011 года на пераходзе Ельшане на харвацка-славенскай мяжы. Падставай стала чырвоная картка Інтэрпала, выдадзеная па запыце Мінска. У той самы дзень Акруговы суд горада Копер прызначыў яму арышт.

Пачаўся працэс выдачы. Двойчы славенскія суды дазвалялі экстрадыцыю мужчыны ў Беларусь, але Канстытуцыйны суд Славеніі скасоўваў гэтыя рашэнні і вяртаў справу на новы разгляд. Толькі ў жніўні 2012 года было канчаткова вырашана: адмовіць у выдачы і вызваліць мужчыну. У выніку ён правёў пад вартай 396 дзён, хоць не быў асуджаны нідзе — ні ў Славеніі, ні ў Беларусі.

Да арышту беларус каля 21 года жыў і працаваў у Германіі, дзе ў яго быў працоўны кантракт. Праз зняволенне ён страціў працу. Падчас затрымання на памежным пераходзе паліцэйскі без бачнай падставы навёў яму на галаву пісталет — на вачах у жонкі і дзяцей. У няволі мужчына быў разлучаны з жонкай і двума непаўналетнімі дзецьмі трох і дзевяці гадоў, прычым адно з дзяцей цяжка хварэла. Мужчына схуднеў, у яго развіўся разлад адаптацыі, наступствы якога ён, паводле высноў суда, адчуваў і праз дзесяць гадоў.

Спрэчка дайшла да Вярхоўнага суда Славеніі праз памер кампенсацыі. Беларус першапачаткова прасіў €166 000. Акруговы суд Любляны прызначыў €35 800 — €25 000 за маральную шкоду і €10 800 за страчаны заробак. Апеляцыйная інстанцыя зменшыла маральную частку да €19 800, палічыўшы, што дзяржава не адказвае ні за акалічнасці самога затрымання, ні за страх перад выдачай у Беларусь, бо гэта, маўляў, ляжыць у сферы адказнасці краіны, якая патрабавала экстрадыцыі.

Вярхоўны суд з гэтым не пагадзіўся. У сваім канчатковым рашэнні ад 5 чэрвеня 2024 года ён указаў, што дзяржава не можа пазбегнуць адказнасці, спасылаючыся на тое, што ордар выдала Беларусь, бо менавіта славенскія органы затрымлівалі чалавека і прымалі рашэнні пра яго выдачу. Суд прызнаў, што настаўлены на галаву пісталет на вачах у сям'і парушыў годнасць мужчыны, а страх перад экстрадыцыяй у Беларусь, «дзе дагэтуль дзейнічае смяротнае пакаранне і нізкі ўзровень павагі да правоў чалавека», быў цалкам абгрунтаваны. Гэты страх, падкрэсліў суд, узмацняўся яшчэ і тым, што славенскі суд першай інстанцыі нават пасля ўмяшання Канстытуцыйнага суда зноў прызначыў выдачу. Цэлы год чалавека, паводле фармулёўкі суда, не пакідаў інтэнсіўны страх перад бяспраўем і аўтарытарным рэжымам.

З улікам гэтага Вярхоўны суд павялічыў кампенсацыю за маральную шкоду да €36 230, што адпавядае 25 сярэднім месячным зарплатам у Славеніі. Разам са €10 800 за страчаны заробак агульная сума склала €47 030.

Але намінальныя €47 030 — гэта толькі асноўная сума доўгу. З улікам законнай пені, якая набягае амаль дзесяць гадоў, рэальная сума значна большая. Паводле прыблізных падлікаў, адны толькі пеня-працэнты са жніўня 2015 года складаюць каля €46 тысяч — амаль столькі ж, колькі і сама прысуджаная кампенсацыя. Такім чынам, разам з судовымі выдаткамі агульная сума, якую дзяржава мусіць выплаціць беларусу, набліжаецца да €95 тысяч.

Каментары3

  • цыкада
    11.06.2026
    тут вам не там
  • ХВ
    11.06.2026
    Неплохо. Считай, работал год. Нёс вахту. С зарплатой 8 тыс. евро в месяц.
  • Словения это не вам не Словакия
    11.06.2026
    Это другая страна

Цяпер чытаюць

На Мінскім паўмарафоне памёр 50‑гадовы бягун. Вось што вядома пра Аляксея Дашыневіча12

На Мінскім паўмарафоне памёр 50‑гадовы бягун. Вось што вядома пра Аляксея Дашыневіча

Усе навіны →
Усе навіны

Чаму малако ў пакетах не скісае, а становіцца горкім?1

Трамп заявіў, што Месяц належыць ЗША23

Зяленскі расказаў пра перамовы з пасланцамі Трампа1

На месцы палеалітычнай стаянкі ў вёсцы Юравічы правялі фестываль пра мамантаў і першабытных людзей. Гісторыкі ацэньваюць яго скептычна5

У «Лебядзінай песні Фёдара Озерава» кіно загаварыла той мовай, якой гавораць рэальныя, а не кніжныя беларусы18

«Альтэрнатыва для Германіі» перамагае на выбарах у Саксоніі-Анхальт72

«Няўжо шкада гэтую салату?» Дэпутат Вадзім Баравік сказаў, хто павінен плаціць на спатканні16

Уіткаф і Кушнер ацанілі сустрэчу ў Кіеве. Зяленскі падарыў ім футболкі з надпісам «Київський режим»6

Беларусы адкрылі ў Буэнас-Айрэсе кафэ, дзе цэлы дзень падаюць дранікі9

больш чытаных навін
больш лайканых навін

На Мінскім паўмарафоне памёр 50‑гадовы бягун. Вось што вядома пра Аляксея Дашыневіча12

На Мінскім паўмарафоне памёр 50‑гадовы бягун. Вось што вядома пра Аляксея Дашыневіча

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць