Кіно1919

У «Лебядзінай песні Фёдара Озерава» кіно загаварыла той мовай, якой гавораць рэальныя, а не кніжныя беларусы

Я ехаў на «Лебядзіную песню» з вялікай надзеяй, піша Мікола Бугай. Надзеяй, што пабачу на экране тое пакаленне, якое сыграе і «Сотнікава» нашага часу (ці можа быць, «Пратасевіча»?). А што ж я пабачыў?

Спявак Вячаслаў Кміт сыграў у фільме «Лебядзіная песня Фёдара Озерава» галоўную ролю. Кадр з фільма

Я ехаў на паказ «Лебядзінай песні Фёдара Озерава» і думаў не толькі пра гэты фільм, думаў далёка: а які ж першы фільм на выгнанні зніме Андрэй Кудзіненка? Перажыты людзьмі дзікі ціск і страшны сквар небяспекі не можа не спарадзіць алмазаў рэфлексіі, як вялізны ціск і тэмпературы нарадзілі дыяменты ў нетрах зямлі. Толькі хто здатны аграніць тыя алмазы, зрабіць з іх брыльянты?

Я думаў пра класіку. Ларыса Шапіцька ў свой час зняла «Узыходжанне». Я хацеў бы пабачыць «Сотнікава» гэтага пакалення — «Сотнікава», дзеянне якога адбываецца на Акрэсціна, у Амерыканцы. А можа і не «Сотнікава», а «Рыбака», «Пратасевіча». Я хацеў бы дачакаць таго дня, калі пачую з экрана: «Мёртвым не баліць. Баліць жывым».

Мне хочацца пабачыць новую хвалю беларускага кіно. Вось чаму я ехаў на фільм «Лебядзіную песню Фёдара Озерава» з трымценнем у душы — вось яго трэйлер:

Гэты фільм спачатку падаецца спецыфічнай камедыяй, але выяўляецца трагедыяй. Ён у вышэйшай ступені неадназначны. У ім кожны ўбачыць сваё. Узгадалася песня Вольскага.

Для панславіста краіна — адна.
Для сатаніста краіна — труна.
Для гітарыста краіна — струна…

Для мяне гэты фільм — пра тое, які цяжкі гнёт безнадзейнасці. Як апатыяй вымашчаны шлях у пекла. Філіпінцы, літоўцы ці менскія дзесяцікласнікі там, думаецца, пабачаць зусім іншае. А што значыць гэта? А што значыць тое? — сябе пытаеш пасля фільма.

Тры моманты, якія хочацца прагаварыць.

Па-першае, аўтар сцэнара і рэжысёр не баяцца гаварыць з экрана той мовай, якую гавораць рэальныя беларусы. Адны — па-беларуску, другія — па-расейску, трэція — «ідзі ў жопу» (і ў актрысы Віялеты Рагачовай менавіта гэта натуральна атрымліваецца сказаць), чацвёртыя, пачуўшы навіну, што Пуцін у навагоднім звароце плануе абвясціць вайну Амерыцы: «Ну ён е*ануты, даўба*». Я не магу сказаць, што гэта ўпершыню: я не такі нагледжаны сучасным кіно, няшмат глядзеў. Але я ў беларускім фільме такое пачуў упершыню. Пераадолены важны бар’ер рэалізму.

Віялета Рагачова ў фільме «Лебядзіная песня Фёдара Озерава». Кадр з фільма

Па-другое, гэты фільм смелы, бо не баіцца гаварыць пра сённяшнюю рэальнасць, якую мы самі яшчэ не разумеем да канца, якая ўзнікла ў 2020—2022. Вайна ідзе побач, дымы яе далятаюць да нас, труны прывозяць, бензін разліты і агонь па ім можа ўміг перабегчы да нашых дамоў.

І па-трэцяе, мы пабачылі на экране людзей 2010-х. На маю думку, гэта яшчэ не 2020-я, яшчэ не мы сённяшнія, гэта мы ўчорашнія, убачаныя ў сённяшнім кашмарным сне, але гэта ўжо не персанажы далёкага мінулага, гэта героі нашага часу.

Ці гэтыя хлопцы і дзяўчаты змогуць сыграць Сотнікава, Рыбака, Паўлінку нашага часу, залежыць ад таго, ці вырастуць з нашага народу нашы Джафары Панахі. Гэты фільм — у добрым кірунку.

Постар фільма «Лебядзіная песня Фёдара Озерава»

Лявон Вольскі ў той сваёй глыбокай песні для фільма «Жыве Беларусь» (правал быў з камерцыйнага пункту гледжання, але спроба залічваецца) скрушна спяваў: «Але для большасці краіны няма». Наша адрозненне, што пасля драмы 2020—2022‑га — і дзякуючы ёй — цяпер для большасці краіна ёсць. У «Лебядзінай песні…» гэта адчуваецца. Гэта фільм беларускі, хоць і здымаўся ў Варшаве. Вось цікава: Варшава робіцца ўмоўнасцю, фонам, а беларускасць застаецца існасцю.

Што мне ў фільме падалося адназначна няўдалым, гэта такі паказ наркотыкаў. Гэтае зло нельга паказваць двухсэнсоўна.

Каланіяльны перажытак — напісанне Fedor Ozerov. Адназначна трэба Fiodar Ozierau.

Паглядзіце гэты фільм — яго то тут, то там у Еўропе паказваюць. Уражанне ў вас будзе спрэчнае, але ўражанне будзе.

Каментары19

  • Filipp
    06.09.2026
    "Па-першае, аўтар сцэнара і рэжысёр не баяцца гаварыць з экрана той мовай, якую гавораць рэальныя беларусы. Адны — па-беларуску, другія — па-расейску, трэція — «ідзі ў жопу»"©
    А з якога часу зьявілася расейская мова?) Ідэалагічна такі тэрмін існуе, але ж гэты артыкул напісаны нібыта журналістам, у якога ёсць нейкія стандарты? Больш за то, тут гаворка ідзе пра рэальных беларусаў і калі ў іх спытаць, на якой мове яны размаўляюць, пачуем альбо па беларуску, альбо па руску, ніхто не скажа па - расейску.
  • Van der Graaf
    06.09.2026
    "той мовай, якой гавораць рэальныя, а не кніжныя беларусы"

    Рускім матам.
  • .
    06.09.2026
    Стандарты гэтых пісьменнікаў будуць аргументам?
    "Яны добра ведалі расейскую мову, але зусім не ведалі беларускае" (Кузьма Чорны)
    "Сэмінарыя дала мне ўсё: кавалак хлеба (значыцца, прафэсію), маю цяперашнюю расейскую мову (за якую мяне амаль ня ўсюдых лічылі чыстым русаком), урэшце яна дала мне і мой цяперашні сьветагляд." (Максім Гарэцкі)
    "Увесь час адчуваючы розніцу паміж расейскім і «расейскамоўным»" (Янка Брыль)
    "Але дрэнна ён вывучыў расейскую мову, каверкаў словы, і толькі асобныя з іх я разбіраў." (Іван Шамякін)
    "Сярод гэтых людзей Толькін прыяцель, расеец, саромеўся сваёй кніжнай расейскай мовы, а я саромеўся сваёй гарадской беларускай." (Уладзімір Караткевіч)

    "Расейскі" ёсць у слоўніках Байкова-Некрашэвіча 1925 г., Саўкі 2005 г., "расейскамоўны" - Піскунова 2012 г.
    То-бок, у класічным правапісе слова ёсць, у сучасным (наркомаўцы) таксама выкарыстоўвалася. І ў літаратурнай мове, а не толькі "ідэалагічным" кантэксце, ў якім Вы яго недзе заўважылі.
    Я асабіста выкарыстоўваю то "расейскі", то "рускі", бо ў кожным варыянце бачу і плюсы, і мінусы.

Цяпер чытаюць

Дэпутатка, якая рыхтуе прыгажунь для Лукашэнкі, выйшла замуж17

Дэпутатка, якая рыхтуе прыгажунь для Лукашэнкі, выйшла замуж

Усе навіны →
Усе навіны

Пасля 14‑ці гадоў працы ў цэнтры Мінска закрываецца бар «Бяссонніца»

Беларусь на 27‑м месцы ў Еўропе па кошце найдаражэйшай кампаніі ў краіне2

Трамп: ЗША не будуць атакаваць Іран да выбараў

У Мінску ёсць крама, у якой можна цалкам апрануцца нават за 100 рублёў

Пад Брэстам 17‑гадовага хлопца засмактала ў вентыляцыйную трубу. Ён загінуў6

Крэмль апублікаваў сумесныя ФОТЫ Пуціна і Герхарда Шродэра1

Былы палітвязень Бандарук, зацяты крытык дэмакратычных сілаў: Я ненавіджу беларускую мову77

Віталь Клічко прапанаваў тым жыхарам Кіева, у якіх ёсць магчымасць гэта зрабіць, выехаць з горада2

Павел Шурмей агучыў пытанні каліноўцаў адносна спецроты «Воля»11

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Дэпутатка, якая рыхтуе прыгажунь для Лукашэнкі, выйшла замуж17

Дэпутатка, якая рыхтуе прыгажунь для Лукашэнкі, выйшла замуж

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць