Меркаванні1313

Карбалевіч: Ад апазіцыі цяпер мала што залежыць, варта рыхтавацца да сыходу Лукашэнкі

У незалежных медыя разгортваецца дыскусія наконт таго, ці варта «перагарнуць старонку» 2020 года. Высвятляецца, што ўдзельнікі дыскусіі па-рознаму разумеюць, што гэта значыць. Уласна кажучы, размова ідзе пра стратэгію і тактыку дэмакратычных сілаў. Вечная палеміка пра тое, «якая дарога вядзе да храма», піша ў сваім блогу на Радыё Свабода Валер Карбалевіч.

Аляксандр Лукашэнка з Мікалаем на прыёме пасля ваеннага парада ў гонар 80-й гадавіны заканчэння Другой сусветнай вайны ў Пекіне, Кітай. 3 верасня 2025 года. Фота: Alexander Kazakov, Sputnik, Kremlin Pool Photo via AP

Падобнага кшталту спрэчкі не спыняліся ад самага 2020 года. Праз два гады, на віленскай канферэнцыі дэмакратычных сіл «Новая Беларусь», быў узяты курс на сілавое вырашэнне беларускага канфлікту. Гэта быў адказ на запыт палітызаванай публікі, якая радыкалізавалася і лічыла памылкай мірны характар пратэстаў. Таксама гэты запыт быў сфарміраваны і пачаткам вайны ва Украіне. У Аб’яднаным пераходным кабінеце з’явілася пасада «міністра абароны», выказваліся моцныя спадзяванні на Полк Каліноўскага.

Апошні год выявіў адваротны працэс. Павялічваецца ўплыў тых сіл, якія лічаць, што галоўнае пытанне для апазіцыйных структур — вызваленне палітвязняў. Усе астатнія задачы павінны адысці на другі план. Кульмінацыяй гэтай тэндэнцыі стала ідэя круглага стала паміж апазіцыяй і ўладай.

Аднак, падаецца, што падчас гэтых дыскусій выяўляецца адна праблема. Існуе ўстойлівае ўяўленне: усё залежыць ад знаходжання правільнага рашэння, выпрацоўкі пераможнай стратэгіі, тактыкі, а ўсе беды здараюцца праз выбар памылковай палітычнай лініі.

Насамрэч, часцей за ўсё ў палітычным працэсе ў нейкі момант абставіны складваюцца так, што проста няма нейкай лініі, курсу, якія прывядуць да перамогі. То бок ад дзеянняў пэўнай палітычнай сілы, яе правільнай ці няправільнай палітыкі мала што залежыць. Здаецца, для беларускай апазіцыі цяпер якраз такі момант.

Але для дэмакратычных сіл Беларусі такая сітуацыя не новая. І да 2020 года адбываліся дыскусіі і спрэчкі наконт пераможнай стратэгіі. Здавалася, выкарыстоўвалі амаль усе магчымыя метады і спосабы барацьбы: удзел у выбарах, байкот, вылучэнне адзінага кандыдата на прэзідэнцкіх выбарах, вялікая колькасць кандыдатаў (2010 год), галадоўкі, вулічныя пратэсты, намётавы гарадок (2006), праймерыз (2020). І ўсё безвынікова. А ў 2020 годзе ўсё само выбухнула, і тое было вынікам не пэўнага правільнага палітычнага курсу нейкага штаба, а стыхійнай творчасці мас.

Цяпер, праз пяць гадоў пасля таго пасіянарнага выбуху, зноў паўстае пытанне: што рабіць? Ідэя «перагарнуць старонку» грунтуецца на тым, што курс на зрынанне рэжыму, які абапіраўся на досвед 2020 года, сябе вычарпаў. Ідзе пошук новай стратэгіі.

Мой калега Юрый Дракахруст сфармуляваў дылему дэмакратычных сіл такім чынам:

«Ці ёсць нейкі варыянт паміж капітуляцыяй і бескампрамісным змаганнем?» Правільны адказ нібыта на паверхні: трэба шукаць нешта сярэдняе, нейкі кампрамісны варыянт ці, як піша Дракахруст, на пачатку хоць бы «змену палітычнай оптыкі». А дзеля гэтага трэба пераадолець нягнуткасць, бескампраміснасць апазіцыі.

Аднак, падаецца, вырашэнне праблемы ляжыць не ў гэтай плоскасці. Калі паглядзець на досвед апазіцыйнай барацьбы, што цягам чвэрці стагоддзя панавання Аляксандра Лукашэнкі вялі праціўнікі рэжыму, то апазіцыя (за невялікім выключэннем) ніколі не была супраць дыялогу, перамоваў з уладамі. Усё ўпіралася ў пазіцыю другога боку. Гэта было абсалютна непатрэбна рэжыму.

Калі вяртацца да папярэджання Яўгена Прэйгермана вясной 2020 года, што без пэўнага паразумення паміж уладай і апазіцыяй Беларусь могуць чакаць вельмі кепскія часы.

Дракахруст піша: «Шматлікія лідары думак амаль аднагалосна адкінулі прапанову Яўгена». Мне таксама давялося ўдзельнічаць у той дыскусіі. Таму ўзгадваю, што прапанову Прэйгермана адкінулі ў асноўным не таму, што яна няправільная, а таму, што нерэалістычная. Бо паразуменне магчыма, калі да яго імкнуцца два бакі.

Можна сказаць: навошта тады ў красавіку 2020 года рэжыму Лукашэнкі было весці нейкі дыялог са слабой апазіцыяй? Але і ў жніўні-верасні таго года, калі на вуліцы выходзілі сотні тысяч беларусаў, усё ўпёрлася ў бескампрамісную пазіцыю кіраўніка Беларусі. Нагадаю, што Каардынацыйная рада, якая стыхійным чынам была створаная ў тыя гарачыя жнівеньскія часы, бачыла сваю функцыю не ў перахопе ўлады, а ў арганізацыі перамоваў дзеля мірнага выхаду з крызісу. І Лукашэнка тады некалькі разоў паўтарыў, што, маўляў, вы можаце мяне забіць, але ні на якія саступкі я не пайду.

Вось і цяпер на прапанову Аб’яднанага пераходнага кабінета зладзіць круглы стол, правесці перамовы з афіцыйным Мінскам Лукашэнка адказаў катэгарычнай адмовай.

Калі глядзець у перспектыве, то перамены ў Беларусі магчымыя толькі пасля адыходу Лукашэнкі ад улады. На гэтым і варта будаваць стратэгію — абмяркоўваць, як упісацца ў постлукашэнкаўскую Беларусь.

Каментары13

  • даведка
    09.09.2025
    Игорь Тур вчера на ОНТ сказал готовиться к избранию второго президента уже ВНС.
  • даведка
    09.09.2025
    С Колей Лукашенко всё понятно, а что делала в Китае с Лукашенко Дарья Шманай?
  • Давайте четкие ответы, долой демфлуд
    09.09.2025
    Для начала давайте обсудить что понимать под словами " демократические силы". Это партия? Нет. Это движение? Нет. Кто это? И с какой стати нечто неопределенное придет к власти?

Цяпер чытаюць

Жалезная заслона ў дзеянні: як зменшылася колькасць перасячэнняў мяжы Беларусі і Еўрасаюза за апошнія гады26

Жалезная заслона ў дзеянні: як зменшылася колькасць перасячэнняў мяжы Беларусі і Еўрасаюза за апошнія гады

Усе навіны →
Усе навіны

За падпіску на каналы трэш-блогера Мэлстроя цяпер будуць караць12

Выходзіць кіно пра беларусак у палітыцы. Адна з галоўных гераінь — Святлана Ціханоўская13

Лукашэнка: Усе хочуць купіць адзенне ад «Гучы» і «Версачэ». Але навошта траціце грошы на такую драбязу22

У БДУІР выбіраюць студэнта года. Інтэрнаўты масава галасуюць за Паліну Шаболду14

Як выглядае дрон кантрабандыстаў, які ўчора бразнуўся па той бок польскай мяжы ФОТАФАКТ9

Мінск адмовіў Вільні ў вяртанні з Беларусі літоўскіх фур18

«Не атрымлівалі дывідэндаў». Падобна, што «Санта» адказала на абвінавачванні «Белпола»8

Да прэзідэнткі Мексікі на вуліцы прычапіўся мужчына і паклаў ёй рукі на грудзі ВІДЭА13

Ціханоўская сустрэлася з прэм'ерам Аўстраліі. Той быў з мілым дзіцячым бранзалетам на руце, а сышоў яшчэ і з БЧБ9

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Жалезная заслона ў дзеянні: як зменшылася колькасць перасячэнняў мяжы Беларусі і Еўрасаюза за апошнія гады26

Жалезная заслона ў дзеянні: як зменшылася колькасць перасячэнняў мяжы Беларусі і Еўрасаюза за апошнія гады

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць