У Нацыянальным парку «Прыпяцкі» на Палессі знайшлі найбуйнейшае з вядомых на тэрыторыі парку гняздо рэдкай для Беларусі птушкі — арлана-белахвоста. Гэта самы буйны драпежны птах Цэнтральнай і Паўночнай Еўропы. Птушынае збудаванне настолькі вялікае, што ў ім пры неабходнасці змог бы змясціцца чалавек.

Арлан-белахвост — драпежная птушка, якая звычайна селіцца каля азёр, рэк і балот. Палюе ён пераважна на рыбу і вадаплаўных птушак. Пашырэнне арэала гэтага віду лічыцца сведчаннем добрага стану экасістэмы нацыянальнага парку.
У Беларусі арлан-белахвост занесены ў Чырвоную кнігу. Большая частка беларускай папуляцыі жыве ў басейне Прыпяці, у раёнах балот і поймавых лясоў. Таму нацыянальны парк «Прыпяцкі» з’яўляецца адным з асноўных месцаў, дзе жыве гэта птушка.
Гнёзды арланы будуюць з тоўстых галін, а ўсярэдзіне высцілаюць карой, лісцем і тонкімі пруткамі. Птушкі штогод дабудоўваюць свае гнёзды, таму з часам тыя могуць дасягаць двух метраў у дыяметры і паўтара метра ў вышыню. Арланы выкарыстоўваюць іх на працягу многіх гадоў, а часам будуюць побач некалькі гнёздаў.
Звычайна ў кладцы бывае да трох яек. Птушаняты вылупліваюцца прыкладна праз 40 дзён, а пакідаюць гняздо ва ўзросце каля 70 дзён. Аднак і пасля гэтага яны яшчэ доўгі час застаюцца побач з бацькамі.
Асноўную пагрозу для арлана-белахвоста нясе чалавечая дзейнасць. Набліжэнне да гнязда падчас выседжвання яек можа прывесці да гібелі патомства: бацькі могуць пакінуць кладку. На колькасць птушак таксама негатыўна ўплываюць меліярацыя і высяканне лясоў, якія скарачаюць іх кармавую базу. Сярод іншых небяспек — браканьерства і сутыкненні з лініямі электраперадачы.
Для аховы віду вакол месцаў гнездавання ствараюць ахоўныя зоны радыусам не менш за 500 метраў. З лютага да ліпеня там дзейнічае асаблівы рэжым: забаронена праводзіць масавыя мерапрыемствы, разводзіць вогнішчы і ездзіць на аўтамабілях.
Новае месца гнездавання таксама возьмуць пад ахову і ўключаць у сістэму маніторынгу навуковага аддзела нацыянальнага парку.
Цяпер чытаюць
Дырэктар Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва Андрэй Духоўнікаў пераехаў у Сербію — ён расказаў пра даносы ў культуры, неадукаванасць міністраў і чый жа Шагал
Каментары