«Як з пластыліну». Беларуска паскардзілася на смятану ад «Савушкавага»
У тыктоку завірусілася відэа са скаргай адной з карыстальніц на смятану «Брэст-Літоўск» ад кампаніі «Савушкаў прадукт». У сюжэце роліка адна з пакупніц правяла «эксперымент», які, на яе думку, ставіць пад сумнеў натуральнасць прадукту. Рэдакцыя выдання Telegraf.news звязалася з прадстаўнікамі кампаніі для высвятлення сітуацыі.

Незадавальненне пакупніцы выклікала якасць смятаны «Брэст-Літоўск» з тлустасцю 20 працэнтаў. Жанчына апісала сітуацыю з незвычайнымі, на яе погляд, паводзінамі прадукту пасля трапляння на адзенне.
Паводле яе слоў, калі дзіця запэцкала футболку смятанай, яна не ўвабралася ў тканіну, а засталася на паверхні ў выглядзе падобных на тварог «катышкаў», а таксама не пакінула тлустых плям, як гэта звычайна бывае ў выпадку з «вясковай смятанай».
Карыстальніца вырашыла правесці «эксперымент» і прадэманстраваць падпісчыкам дзіўныя, на яе погляд, паводзіны прадукту, выклаўшы некалькі лыжак смятаны на тканіну і пакінуўшы ў такім выглядзе на паўгадзіны. Пасля гэтага яна вярнулася і праверыла, што там робіцца.
Выкладзеная лыжкамі смятана не ўсмакталася ў тканіну і захавала сваю форму, стаўшы толькі трохі гусцейшай.
«Ну, з нармальнай смятанай так жа не павінна быць. Я сама з вёскі, і ў нас была карова, сваё малако, смятана, масла. Бывае, абляпаешся смятанай, і ўсё тлустае, а тут такое пачуццё, што парашок нейкі дадаюць і размешваюць. А мы гэта купляем і ямо», — выказалася аўтарка відэароліка.
Пасля праведзенага «эксперыменту» жанчына заявіла, што больш не будзе купляць такую смятану, бо сумняваецца ў яе якасці.
Відэаролік з эксперыментам сабраў больш за 600 тысяч праглядаў і справакаваў бурныя дыскусіі адносна прадукцыі «Савушкавага» ў каментарах.
Адна частка людзей, якія выказаліся пад відэа, не падзяляе сумневаў аўтара.
«Дык усё правільна! Так і павінна быць! Сыроватка выцекла, засталася гушча — бялок і тлушч. Што не так?! Павышайце адукацыйны ўзровень! Ваш вопыт пацвярджае наяўнасць бялку ў смятане!» — напісала адна з беларусак у каментарах пад ролікам.
«Людзі, сыроватка выйшла, тварог застаўся. Гэта ўсе ведаюць, у вёсках так робяць хатні сыр. Я з Беларусі, гэта вельмі добрая смятана. Вам, напэўна, заплацілі за крытыку. Ці вы ў якасці нічога не разумееце», — не пагадзілася з аўтаркай яшчэ адна беларуска.
Іншыя ж каментатары падтрымалі жанчыну і таксама выказалі свае сумневы адносна якасці прадукцыі.
«Дык я вам адкрыю таямніцу: яе нармальнай няма наогул. Адно сухое малако разбадзяжанае. Па факце — вада і сухое малако», — напісаў адзін каментатар.
«Больш гэтай смятаны не вазьму, а брала заўсёды. Мяняю кірунак», — выказалася іншая каментатарка.
Некаторыя карыстальнікі засумняваліся ў чысціні эксперыменту, пасля чаго аўтарка відэароліка зняла яшчэ адно відэа, у якім зноў правяла раней прадэманстраваныя дзеянні і параўнала «Брэст-Літоўскую» смятану са смятанай іншага вытворцы. У ходзе эксперыменту высветлілася, што абодва прадукты паводзяць сябе прыкладна аднолькава.
«Можна ляпіць цацкі як з пластыліну», — выказалася беларуска і прадэманстравала пластычнасць прадукту.
«Значыць, такой смятана і павінна быць. Вось што мы ямо», — рэзюмавала аўтарка ў сваім відэа.
«У яе складзе толькі натуральныя інгрэдыенты»
Рэдакцыя Telegraf.news звярнулася на прадпрыемства, каб даведацца, з чаго робяць смятану «Брэст-Літоўск», чым тлумачацца паводзіны прадукту, прадэманстраваныя ў відэа, і ці можна пратэставаць смятану на якасць у хатніх умовах.
Гаворачы пра сыравіну, якая выкарыстоўваецца для вытворчасці смятаны, прадстаўнікі кампаніі «Савушкаў» падкрэслілі, што прадпрыемства не вырабляе прадукцыі з сухога малака і ўжо больш за 48 гадоў працуе выключна на свежым натуральным каровіным малацэ.
«Смятана «Брэст-Літоўск», як і ўсе іншыя прадукты кампаніі, вырабляецца ў адпаведнасці з патрабаваннямі заканадаўчых і тэхнічных нарматыўных актаў ЕАЭС. У яе складзе толькі натуральныя інгрэдыенты: нармалізаваныя пастэрызаваныя вяршкі і закваска, якая складаецца з малочнакіслых мікраарганізмаў. Падрабязны склад прадукту пазначаны на кожнай упакоўцы», — расказалі ў адказе на афіцыйны запыт Telegraf.news.
Таксама ў «Савушкавым» падзяліліся інфармацыяй пра тэхналогіі вырабу смятаны, якая дазваляе сквашаным сліўкам заставацца аднастайным па змесце тлушчу прадуктам. Для гэтага на сучасных малочных вытворчасцях выкарыстоўваецца тэхналагічны працэс гамагенізацыі.
«Пры захоўванні смятаны прамысловай вытворчасці ва ўмовах пакаёвай тэмпературы адбываецца паступовае выдзяленне малочнай сыроваткі, якая практычна не ўтрымлівае тлушчу ў сваім складзе (і таму амаль не пакідае тлустых плям). А згустак, які застаўся на гіграскапічнай тканіне, трохі цвярдзее і набывае больш густую і аформленую кансістэнцыю. Тэхнічна выдаленне часткі сыроваткі ператварае яго ў нейкае падабенства хатняга тварожнага сыру», — патлумачылі спецыфіку паводзін смятаны ў кампаніі.
На прадпрыемстве падкрэслілі, што вытворца гарантуе якасць і бяспеку выпусканай прадукцыі пры выкананні ўмоў захоўвання на працягу тэрміну прыдатнасці, пазначаных на ўпакоўцы. Таксама ў кампаніі адзначылі, што правесці аб'ектыўную ацэнку якасці прадукту ў хатніх умовах немагчыма.
«Для гэтага неабходна выкарыстоўваць метады лабараторных выпрабаванняў на спецыяльным правераным абсталяванні — толькі так можна гарантаваць дакладнасць атрыманых вынікаў», — падкрэслілі на прадпрыемстве.
З паліц крамаў знік папулярны тварог ад «Савушкавага»
«Колькі палітвязняў вызваліў Машэнскі?!» Пятрухін біўся супраць усёй Каардынацыйнай рады, але перамогу так і не здабыў
Халезін: Машэнскі — таленавіты бізнэсмен, за кошт гэтага жыве цэлы рэгіён
«Савушкаў прадукт» аб'явіў пра рэбрэндынг
Уладальнік «Савушкавага прадукта» і «Санта-Брэмара» тры гады жыве ў Варшаве
Каментары
Teos Натуральный 2% их же йогурт ложковый после изменения в конце прошлого года дизайна упаковки и добавления в название и на упаковку слова «Натуральный» очень сильно ухудшился... Если баночку в течение нескольких дней держать открытой (под крышечкой) в холодильнике, то за это время из неё придётся вылить половину баночки сыворотки, отделившейся за это время, но сам йогурт от этого не станет гуще. Хотя раньше был очень густым. За что его и ценили. И найти его раньше была проблема, разметали, а теперь везде лежит...