Лукашэнка абмеркаваў з Рыжанковым «крокі па аднаўленні даверу з заходнімі краінамі»
Гэтая заява прагучала на фоне запланаванай тэлефоннай размовы прэзідэнтаў ЗША і Расіі.

Аляксандр Лукашэнка 18 сакавіка абмеркаваў з міністрам замежных спраў Максімам Рыжанковым крокі па аднаўленні даверу ў адносінах з партнёрамі, у тым ліку з шэрагам заходніх дзяржаў. Пра гэта кіраўнік замежнапалітычнага ведамства расказаў журналістам па выніках рабочай сустрэчы з Лукашэнкам, піша БелТА.
Аляксандр Лукашэнка ва ўступным слове акрэсліў шэраг пытанняў для абмеркавання. Гэта прапрацоўка візітаў, рэалізацыя планаў па развіцці супрацоўніцтва, у тым ліку з Кітаем. Сярод тэм таксама праца на пляцоўцы Еўразійскага эканамічнага саюза і падрыхтоўка да правядзення саміту з улікам старшынства Беларусі ў гэтым інтэграцыйным аб’яднанні ў бягучым годзе. Акрамя таго, ён плануе правесці нараду з беларускімі пасламі.
«Таксама быў абмеркаваны шэраг пытанняў, звязаных з рэалізацыяй пэўных нашых крокаў і крокаў нашых партнёраў па аднаўленні даверу ў адносінах. Гэта датычыла, у тым ліку, і шэрагу заходніх дзяржаў», — адзначыў Максім Рыжанкоў.
Якія менавіта пытанні абмяркоўваліся ў гэтым кантэксце, міністр не ўдакладніў. Аднак яшчэ ў канцы мінулага года Лукашэнка, напрыклад, расказваў пра просьбы ЗША пашырыць дыпламатычную прысутнасць у Беларусі.
Адносіны Мінска з заходнімі суседзямі, Еўрасаюзам і ЗША пагоршалі ў 2021—2022 гадах.
Спачатку ў Беларусі пачаліся масавыя рэпрэсіі, у выніку якіх некалькі соцень тысяч беларусаў вымушаныя былі шукаць прытулку ў суседніх краінах. Адначасова з гэтым разгарнулася кампаніі ачарнення Захаду і распальвання варожасці да суседніх краін. У маі 2021 года Мінск прымусова пасадзіў самалёт авіякампаніі «Раянэйр», што Польшча і Літва назвалі актам паветранага пірацтва. Пры канцы 2021 года з беларускай тэрыторыі пачаліся арганізаваныя атакі мігрантаў на суседнія краіны, якія суправаджаліся прапагандысцкімі спецаперацыямі. Нарэшце, саўдзел Беларусі ў нападзе на Украіну ў лютым 2022 года прывёў адносіны з суседзямі да пункту замярзання.
Сустрэча Лукашэнкі з Рыжанковым адбылася пасля вяртання першага з Масквы, дзе ён сустракаўся з Уладзімірам Пуціным і на фоне вычарпання Расіяй магчымасцей наступу ва Украіне, дзе вайна зайшла ў тупік. Звяртае ўвагу, што заява аб «кроках па аднаўленні даверу з заходнімі краінамі» прагучала ў дзень, калі мае адбыцца тэлефонная размова прэзідэнтаў ЗША і Расіі, падчас якой, як можна чакаць, Масква пагодзіцца на прапанову Украіны і ЗША аб прыпыненні агню на 30 дзён.
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары