Грамадства279279

Пазняк гатовы разам з Усавым удзельнічаць у перамовах наконт Украіны. Абы не Ціханоўская

Лідар руху «Вольная Беларусь» Зянон Пазняк выказаўся ў фэйсбуку адносна перспектыў удзелу прадстаўнікоў ад Беларусі ў мірных перамовах паміж Расіяй і Украінай, якія могуць пачацца ў наступным годзе. 

Пазняк выступае ў Вільні перад сваімі прыхільнікамі 15 чэрвеня 2024 года

Зянон Пазняк адзначае, што пасля абрання прэзідэнтам ЗША Дональда Трампа, якому ён раней і сам выказваў падтрымку, актывізаваліся размовы пра перамовы аб міры паміж Расіяй і Украінай. Праўда, гэта не азначае, што цяпер справа пойдзе далей за размовы, бо 

«ў цяперашняй сітуацыі ўсялякі мір з Расіяй пры захаванні статус-кво будзе азначаць у міжнародным плане перамогу Расіі над Украінай і паразу Амерыкі».

Але, тым не менш, рана ці позна перамаўляцца давядзецца, і верагоднасць пагадненняў пра мір абмяркоўваюць ужо цяпер.

У сувязі з гэтым, адзначае грамадскі дзеяч, узнікаюць некалькі сур'ёзных пытанняў, найпершае з якіх — адносна прадстаўніцтва. 

На думку Пазняка,

«якое б ні было прадстаўніцтва — на перамовах мусяць быць прадстаўнікі Беларусі»,

а звязвае ён гэта з тым, 

«што Беларусь, як і Украіна, стала аб'ектам націску і акупацыі з боку Расіі. Толькі ў Беларусі зроблена ўсё іншымі метадамі, шляхам гібрыднай вайны цераз здрадніцтва Лукашэнкі, што дазволіла Маскве ў 2022 годзе скарыстаць тэрыторыю Беларусі для нападу на Украіну».

Калі бакі будуць дамаўляцца пра мір, то могуць узнікнуць «розныя пытанні абмену, прэстыжнай кампенсацыі, размеркавання сфераў уплыву і т. п.» Таму непрымальная сітуацыя, калі «інтарэсы Беларусі не будзе каму нават патлумачыць», а таму беларусаў павінен нехта прадстаўляць. Прытым прадстаўляць не абы-хто:

«На перамовах павінны быць палітычныя прадстаўнікі, якія адлюстроўваюць нацыянальныя інтарэсы Беларускага народа».

Ёсць у Зянона Пазняка і гатовы адказ адносна канкрэтных кандыдатур: 

«Рэальным палітычным прадстаўніком нацыянальных інтарэсаў народа з'яўляецца цяпер Нацыянальна-Вызвольны Рух «Вольная Беларусь». Яго палітыкі павінны прысутнічаць на перамовах і прадстаўляць беларускія пазіцыі».

Пазняк згадвае, што ў рамках дыскусіі адносна персанальнага прадстаўніцтва ўжо гучала ягонае асабістае прозвішча, а дадаткова прапануе ўключыць у дэлегацыю свайго найбліжэйшага паплечніка Паўла Усава. 

Аднак жа ўзнікае пытанне, куды дзець Лукашэнку, прысутнасці якога на перамовах, упэўнены Пазняк, запатрабуюць Расія і Германія. Таму ён зусім не выключае сітуацыі, што па выніку той будзе на перамовах прысутнічаць, «магчыма, з адметным статусам». І гэта лепш за сітуацыю, калі Беларусь не будзе прадстаўленая ўвогуле нікім: «Калі б такое здарылася, то яно ўсімі беларусамі мусіць быць аспрэчана і апратэставана».

У той жа час абсалютна бескампрамісна Пазняк настроены адносна гіпатэтычнага ўдзелу ў перамовах структур, якія ўжо амаль чатыры з паловай гады прызнаюцца за палітычнае прадстаўніцтва беларускага дэмакратычнага руху на Захадзе: 

«Мушу асобна растлумачыць, чаму Беларусь і Беларускі народ не могуць прадстаўляць на перамовах падстаўныя ўтварэнні палітычнай імітацыі, якіх фінансуюць і на якіх робяць сваю палітыку іншыя дзяржавы. Маюцца на ўвазе так званыя «ОСЦ» (Офіс Святланы Ціханоўскай), «НАУ» (Народнае Антыкрызіснае Упраўленне), утварэнні тыпу «Пераходны кабінет» і т. п.» 

На думку Зянона Пазняка, гэтыя структуры падобныя да рэжыму Лукашэнкі тым, што яны «нелегітымныя з прыдуманым значэннем і з прыдуманымі прэтэнзіямі». Але Лукашэнка мае перавагу ў тым, што «ён уяўляе рэальную ўладу ў краіне і фінансава самадастатковы (фінансуецца са свайго дзяржаўнага бюджэту)».

Што да Офіса Ціханоўскай і НАУ, то іх паводзіны — «палітычная калабарацыя, дэманстратыўная падтрымка чужой антыбеларускай палітыкі».

Як такую Пазняк кваліфікуе падтрымку заходніх эканамічных санкцый, заклік да галасавання супраць усіх на студзеньскіх выбарах, «адмаўленне кантактаў з рэжымам дзеля вызвалення палітвязняў» і нібыта адсутнасць дапамогі Палку Каліноўскага «пры шалёным шматмільённым фінансавым уліванні ад заходніх утрымальнікаў».

Калі ж «еўраструктуры» ўсё ж паспрабуюць замест Пазняка з Усавым пасадзіць за стол перамоў гэтых людзей, то:

«Вынік можа стацца горшы, чым з Лукашэнкам. Сатрап прадае Беларусь за сваю ўладу, гэтыя — прададуць за камфорт і панюшку табакі».

Каментары279

  • Мае рацыю
    26.12.2024
    Мы бачым імітацыю беларускай апазіцыйнай дзейнасьці. Прынамсі, ствараецца преўдапалітычнае кола, не зацікаўленне ў канчатковым вырашэньні праблемы-зьмены пра расійскага анклава пад назвай краіны, і іх дзейнасьць за чатыры гады дакладна паказвае, што яны сталі спарынг партнёрамі Хітразачосанага. Проста па рознаму дояць)))
  • Праўда
    26.12.2024
    Карач рэкамендуе, карацей цырк на дроце.
  • цікава
    26.12.2024
    хто ж яго павінен на гэтыя перамовы запрасіць? тут відавочна павінны яго прыхільнікі пастарацца. Узвысіць голас (за межамі ананімных форумаў). ждемс!

Цяпер чытаюць

У Мінску завяршылі будаўніцтва пяцізоркавага гатэля на месцы колішняга «Белэкспа»9

У Мінску завяршылі будаўніцтва пяцізоркавага гатэля на месцы колішняга «Белэкспа»

Усе навіны →
Усе навіны

Гран-пры фестывалю «Лістапад» аддалі расійскаму фільму, а прыз Лукашэнкі — кітайскаму1

Блогераў, якія прагулялі мільён дабрачынных грошай, адпусцілі дахаты23

Пад Мінскам хочуць стварыць музей крыжоў пад адкрытым небам. Знайшлося месца і для вусатай бабы6

Дажыліся: пагалоўе свіней у Пскоўскай вобласці ў 6 разоў большае, чым у Віцебскай17

Былую настаўніцу з Магілёва, якая перайшла ў SMM, асудзілі за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»2

Зяленскі: У Пакроўску 314 расійскіх вайскоўцаў. Украінскія СМІ: Гэта шмат, Пакроўск сыплецца1

Лукашэнка даў указанні адносна дзеянняў на мяжы з Літвой. Якія — пакуль няясна7

Тызенгаўзы супраць Радзівілаў: даходзіла да прамысловага шпіянажу

Какава пры сядзячай працы ратуе лепш за фітнэс? Нечаканыя вынікі даследавання4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Мінску завяршылі будаўніцтва пяцізоркавага гатэля на месцы колішняга «Белэкспа»9

У Мінску завяршылі будаўніцтва пяцізоркавага гатэля на месцы колішняга «Белэкспа»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць