Грамадства55

«Злятаў на Балі — зрабіў усё, што трэба». Як рэлаканты ездзяць на лячэнне ў іншыя краіны

Devby.io пагутарыў з айцішнікамі, якія, жывучы ў адной лакацыі, ездзілі на лячэнне ў іншую.

«Злятаў у адпачынак — і зрабіў усё, што трэба, за €450 на Балі»

— Я жыву ў Нідэрландах ужо 4 гады, але часта лячуся ў іншых краінах.

Аднойчы я зламаў вялікую галёнкавую костку. На жаль, мясцовы доктар не паверыў у пералом, а праводзіць абследаванне, відаць, яго не навучылі. Накіраванне да траўматолага ён выдаць адмовіўся. Таму я звярнуўся да дактароў… у Літве.

Ляцець туды было нядорага (памятаю, што дарога абышлася мне ў €150 у абодва бакі), і я люблю Вільню. Трапіць на прыём таксама аказалася не складана — я запісаўся загадзя. Колькі каштаваў прыём, ужо і не памятаю — усе выдаткі на лячэнне былі кампенсаваны па страхоўцы з Allianz.

Пералом, вядома, пацвердзіўся. Цяпер гэтым доктарам зоймецца мясцовая tuchtcollege — гэта ўрачэбная камісія, якая разглядае скаргі на работнікаў медыцыны. Падаць скаргу каштуе €50, якія вернуць, калі скарга будзе цалкам або часткова абгрунтаванай.

Таксама мне не раз даводзілася ездзіць у іншыя краіны па лекі: за мометазонам, напрыклад, я ездзіў у Бельгію, бо тут яго без рэцэпта не купіш, а рэцэпт трэба «вытрымаць» (маёй калезе не давалі нават пры запушчаным гаймарыце).

Мне аднойчы давялося на працягу тыдня кожны дзень тэлефанаваць да доктара — у выніку яна сказала, што рэцэпт усё ж такі выпіша, але «лічыць, што гэта рана». А ў Бельгіі я купіў лекі без рэцэпта ў першай жа аптэцы, якая трапілася.

Калі патрэбныя антыбіётыкі, я магу замовіць іх з іншых краін. Напрыклад, «Сумамед» мне прывозілі з Расіі. Калі патрэбна прызначэнне — бяру выпадковы білет кудысьці, куды прасцей/танней: у Літву, Чэхію ці Польшчу.

Зубы ў Нідэрландах лячыць складана і дорага. Каб прыпісацца да стаматолага, трэба заплаціць €150 за агляд — пры першым наведванні і пры наступных, калі даўно не быў. Усё астатняе яшчэ даражэй. У нейкі момант я нават атрымаў «план лячэння на N тысяч».

Але я злятаў у адпачынак — і зрабіў усё, што трэба, за €450 на Балі. Абышлося танней, нават калі ўлічыць кошт білета.

Я таксама лячыў зубы ў Празе і Вільні. У Празе шмат рускамоўных дактароў — і паслугі там таннейшыя. Я рабіў чысткі і ставіў пломбы. Да таго ж проста пагуляць па Празе цікава — там прыгожа.

У Інданезіі, дарэчы, я лячыў зубы ў вельмі добрай клініцы — туды запісацца няпроста, асабліва ў хай-сезон, калі там наплыў аўстралійцаў. А лечаць там так акуратна, што я адмаўляўся ад анестэзіі, калі рабілі пломбы. Кошт пломбы там каля €41,5, і ў мясцовай валюце ён не змяняўся з 2018 года.

«Ездзіла на агляд з Літвы ў Польшчу, кожны візіт — 350 злотых»

— Падчас другой цяжарнасці я ездзіла да акушэра-гінеколага з Літвы ў Польшчу.

Любая жанчына вам скажа: калі табе пашанцавала знайсці добрага гінеколага — трымайся за яго. А мне вельмі пашанцавала. Я пачала хадзіць да яе яшчэ тады, калі жыла ў Беларусі (яна была вельмі папулярная як лекар). Гэтая доктар вяла маю першую цяжарнасць — і я была ад яе ў захапленні.

У 2021 годзе я пераехала ў Літву разам з кампаніяй мужа (мая кампанія, на жаль, не рэлакавала супрацоўнікаў, але дазваляла працаваць на дыстанцыйцы з любой краіны). І зноў зацяжарыла. Устала на ўлік у Літве. Але з літоўскім спецыялістам у нас «мэтча» не адбылося — на любую маю скаргу (а ў мяне быў такі жахлівы таксікоз, што я скардзілася пастаянна) ён казаў, што «гэта нармальна». І нічога больш.

Я пастаянна пісала ў тэлеграм свайму акушэру-гінеколагу, і шчасце, што яна адказвала (хоць не была абавязана), давала парады, якія аналізы здаць і іншае. Адзін раз я нават хацела паехаць у Беларусь, каб яна мяне агледзела, але муж палічыў, што гэта можа быць небяспечна, — і не адпусціў.

Неўзабаве мая доктар таксама з'ехала з Беларусі — у Польшчу. І я пачала ездзіць да яе на агляд — кожны візіт абыходзіўся ў 350 злотых (плюс дарога — калі на аўтобусе, то гэта каля 20 еўра ў адзін бок).

Хтосьці палічыць гэта маім капрызам. А я адкажу: вы, напэўна, проста не былі цяжарнымі. Мне трэба было цалкам давяраць урачу — і шчасце, што ў мяне была магчымасць наведвацца не толькі да літоўскага спецыяліста.

Мая акушэр-гінеколаг прызначыла мне прэпарат, які не прадаваўся ў Літве, — і за ім таксама трэба было ездзіць у Польшчу. Звычайна я закуплялася, калі ехала да яе на прыём — амаль «мяшкамі» (жартую, але ўпаковак і праўда было нямала). Але аднойчы я дзесьці згубіла апошнюю ўпакоўку лекаў (учора была на тумбачцы — а сёння няма). Таму давялося з самай раніцы тэрмінова адправіць мужа на аўтобусе ў Сувалкі — гэта найбліжэйшы да Літвы польскі горад.

Я б і нараджала ў Польшчы, але муж палічыў, што гэта лішняе. Да таго ж роды пачаліся раптоўна — на тры тыдні раней за тэрмін. Сярод ночы ў мяне адышлі воды.

Пакуль ехалі ў бальніцу, я скардзілася, што лепш бы мы на ўсю хуткасць ехалі да майго ўрача. Але муж не паддаўся на мае ўгаворы і «бурчанне» — а ўжо праз пару гадзін нарадзіўся наш малы.

«Албанскі доктар прапанаваў памяняць каронкі, якія я ставіла ў Польшчы. Бо яны — «shit»

— Я займалася галоўным чынам стаматалагічным турызмам. Перад ад’ездам з Беларусі (ён быў планавы, i здарыўся на пачатку 2020 года) думала, што добра палячыла зубы. 

Але ўвосень 2021 года выпала пломба. Прыйшла ўжо да польскага доктара — і мне сказалі, што трэба палячыць каналы ў трох зубах мінімум. А далей — ставіць каронкі. Адзін канал каштуе 600 злотых (140 еўра). Каронка — ад 2 тысячаў (465 еўра). 

Я паўсміхалася, выйшла з кабінету стаматолага і адразу напісала сябрам у Львове і Кіеве з пытаннем: «За колькі і дзе вы лечыце зубы?» Яны выслалі некалькі кантактаў. 

Па прыкладных ацэнках лячэнне зуба ў Львове выходзіла ў 4 разы танней за Польшчу. 

Самалёт (а тады ва Украіну ляталі цывільныя самалёты) каштаваў у два бакі 80 злотых (19 еўра). Жыць я магла ў сяброў. Выходзіла ну вельмі выгадна. Я выбрала клініку ва Львове, мы камунікавалі праз Facebook-мэсанджар. Усё было вельмі пільна і аператыўна. Я пісала ім па-беларуску, яны мне — па-украінску. У выніку я прыляцела першы раз, мне пачысцілі некаторыя каналы. Складана сказаць колькі агулам я заплаціла, бо тады я кайфавала ад Львова. Памятаю, што адзін візіт каштаваў недзе 6 тысяч грывень (тады 180 еўра) гэта было ў лістападзе 2021 года), а агулам іх было 4 або 5. 

За гэты час я паставіла 2 каронкі, пералячыла ўсе каналы, зрабіла чыстку. Сэрвіс найвышэйшага ўзроўню! Камунікацыя, абсталяванне, падыход да пацыентаў… Плюс ачараванне майго любімага Львова.

Я ездзіла ва Украіну лячыць зубы тройчы. У лістападзе, снежні і лютым 2022 года. З’ехала адтуль 16 лютага, наступны візіт быў запланаваны на сакавік. На жаль я туды ўжо не вярнулася — беларусам уезд ва Украіну забаронены. Ды й кошты на стаматалогію ва Украіне моцна выраслі. 

Мне засталося паставіць ва Украіне дзве каронкі. Я вырашыла зрабіць гэта ў Польшчы. Адна каштавала 1400 злотых (325 еўра). Зрабіла — і думала што забыла пра іх.

Увесну мой хлопец схадзіў да стаматолага і высветлілася, што ў яго праблемы з зубамі. Лячэнне будзе каштаваць каля 4 тысяч злотых (930 еўра). Памятаючы пра свой досвед стаматалагічнага турызму, я прапанавала яму пашукаць альтэрнатыву за мяжой. Знаёмыя нешта пісалі пра Албанію, вось я і вырашыла звярнуцца да тутэйшых лекараў. Заадно можна пачыліць на моры. 

Мы шмат перабралі клінік, нават шукалі на Reddit. Усе прыгоды апісваць не буду, усё-такі балканскі падыход да працы — гэта выпрабаванне для ўсходнеславянскай душы. 

У выніку трапілі ў клініку ў Ціране па рэкамендацыі жанчыны, у якой мы здымалі кватэру. Вельмі спадабаўся лекар: спакойны, разважлівы, нават падтруніваў над намі. Пломба каштавала ў яго 30 еўра, вырваць зуб мудрасці — 50 еўра. 

Мне лекар прапанаваў памяняць каронкі, якія я ставіла ў Польшчы. Бо яны — «shit» (гэта я цытую). Адна full zirconia каронка каштавала 200 еўра.

Пасля візіту ў Албанію я вырашыла, што да польскіх стаматолагаў больш не пайду. У мяне выявілася праблема, і ўсё, што я атрымлівала ад палякаў — істэрыка і прапановы вырваць зубы і паставіць імпланты (і тое, «калі атрымаецца»). Албанцы і ўкраінцы хутчэй кажуць: «Не перажывай, калі не баліць, то можна жыць». Гэтая стратэгія мне больш падыходзіць. 

Іншага досведу ў мяне не было. Наўрад ці я б паехала па аперацыі або планаваныя абследаванні ў іншую краіну. Толькі калі буду там знаходзіцца даволі доўгі час. 

Але мая знаёмая полька нараджала дзіцё ў Чэхіі. Кажа, што там значна лепей. Асабліва калі ўлічваць польскую сітуацыю з абортамі — калі нешта пойдзе не так, памрэ і маці, і дзіця. У Чэхіі такая сітуацыя немагчымая.

Каментары5

  • Индеец
    18.10.2024
    Ойти бояре катаются по всему свету туды-сюды когда хотят "погулять и зубы полечить", даже из России лекарства заказывают. Как им плохо здесь жилось при рэжыме, черная икра в гордо не лезла.
  • -_-
    18.10.2024
    "ў мяне быў такі жахлівы таксікоз, што я ..."
    ездзіла ажна ў Польшчу на агляд
  • ойти трест
    18.10.2024
    Индеец, Максимка, а ты где свои зубы лечишь - за пыльным московским мкадом?

Цяпер чытаюць

Былы міністр культуры Руслан Чарнецкі знайшоў сабе падпрацоўку9

Былы міністр культуры Руслан Чарнецкі знайшоў сабе падпрацоўку

Усе навіны →
Усе навіны

Па Магілёве курсіраваў аўтобус з вялікай дзіркай у падлозе3

«Спадзяюся, але не факт, што паступлю»: абітурыентка, якая здала ўсе іспыты на 100 балаў16

Беларускі шахцёр пайшоў у IT. А пасля кінуў працу і стварае свой брэнд карамелі3

Такога дзіцячага садка вы яшчэ не бачылі. Яго спраектаваў лаўрэат «архітэктурнага Нобеля»9

Выйшаў зборнік турэмных эсэ Мікалая Статкевіча

Грунвальдскі музей адказаў на просьбу беларусаў паставіць на полі бел-чырвона-белы сцяг27

Парламент Францыі прыняў закон аб эўтаназіі, нягледзячы на супраціў многіх дэпутатаў3

Зяленскі прапанаваў Сяргея Карэцкага на пасаду прэм'ера Украіны2

Чаму кароткая праграма пральнай машыны не найлепшы выбар3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Былы міністр культуры Руслан Чарнецкі знайшоў сабе падпрацоўку9

Былы міністр культуры Руслан Чарнецкі знайшоў сабе падпрацоўку

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць