Грамадства44

Арменія можа выдаць Мінску аднаго з арыштаваных беларусаў

Праз некалькі дзён пасля таго, як генпракуроры Беларусі і Арменіі абмеркавалі пытанне аб экстрадыцыі грамадзян Беларусі, якія знаходзяцца ў вышуку, Арменія можа перадаць сілавікам у Мінску аднаго з абвінавачаных — 36-гадовага Уладзіміра Баландзіна, піша «Радыё Свабода».

Уладзімір Баландзін

Пра магчымую экстрадыцыю грамадзяніна Беларусі Уладзіміра Баландзіна паведаміла ягоная адвакатка Ані Чацінян.

«Знаходзячыся ў пенітэнцыярнай установе Ванадзора, ён даведаўся, што ў найбліжэйшы час яго павінны экстрадаваць, для чаго яго перавялі ў адну з пенітэнцыярных устаноў у Ерэване», — сказала адвакатка.

Грамадзяніна Беларусі Уладзіміра Баландзіна затрымалі на грузінска-армянскай мяжы, у кантрольна-прапускным пункце Баграташэн. Ён знаходзіцца ў турме ўжо 7 месяцаў.

Паводле звестак афіцыйнага Мінска, на радзіме Баландзіна нібыта абвінавачваюць у растраце. Між тым, адвакаты беларуса сцвярджаюць, што мэбельшчыка Баландзіна прыцягнулі да адказнасці за ўдзел у пратэстах 2020 года супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі.

«Яго сталі пераследаваць пасля таго, як ён — як і тысячы грамадзян — вырашыў удзельнічаць у дэманстрацыях, сходах і маршах у краіне», — сказала Ані Чацінян.

Генеральная пракуратура Арменіі прыняла рашэнне выдаць Уладзіміра Баландзіна 31 мая. У армянскай пракуратуры паведамілі, што Генпракуратура Беларусі дала гарантыі абароны яго правоў і свабодаў, аднак беларускія праваабаронцы не сумняваюцца, што ў выпадку экстрадыцыі правы Баландзіна ў Беларусі будуць парушаныя.

Рашэнне армянскай пракуратуры, якое дазволіла экстрадыцыю, аспрэчылі ў армянскіх судах, але беспаспяхова.

«Рэспубліка Арменія, будучы прававой, дэмакратычнай дзяржавай, не павінна выконваць незаконныя патрабаванні дыктатараў ці недэмакратычных краін, краін, дзе Крымінальным кодэксам да гэтага часу прадугледжана смяротнае пакаранне як сродак пакарання, дзе існуе ганебная сітуацыя масавых парушэнняў правоў», — заявіла адвакатка Баландзіна.

Генпракуратура Арменіі адмовілася каментаваць армянскай службе «Радыё Свабода» рашэнне аб экстрадыцыі Уладзіміра Баландзіна, а ў ванадзорскім офісе Хельсінкскай грамадзянскай асамблеі, які ўзяў на сябе абарону беларуса, сцвярджаюць, што рашэнне аб экстрадыцыі незаконнае. На думку праваабарончай арганізацыі, гэта вынік палітычных дамоўленасцяў паміж Беларуссю і Арменіяй.

«Служба міграцыі і грамадзянства МУС Арменіі правяла паралельнае разбіральніцтва з просьбай Уладзіміра Баландзіна аб наданні прытулку», — сказала Чацінян.

Адвакатка сцвярджае, што экстрадыцыю Баландзіна могуць адмяніць, калі Служба міграцыі і грамадзянства задаволіць яго хадайніцтва аб наданні прытулку. Па словах Чацінян, экстрадыцыю прыпыняць да разгляду заявы.

Армянская служба «Радыё Свабода» накіравала запыт у Міграцыйную службу аб ходзе разгляду заявы Баландзіна, аднак ведамства не дало ніякай інфармацыі, спасылаючыся на закон аб абароне персанальных звестак.

Паводле звестак ванадзорскага офіса Хельсінкскай грамадзянскай асамблеі, з Мінска паступалі патрабаванні аб экстрадыцыі яшчэ сама менш двух грамадзян Беларусі, аднак армянскі бок іх не задаволіў. Гэтыя беларусы атрымалі статус уцекачоў у Арменіі. Беларусь абвясціла іх у вышук нібыта «за ўхіленне ад вайсковай службы», але праваабаронцы сцвярджаюць, што крымінальныя справы супраць іх завялі за ўдзел у мітынгах супраць Лукашэнкі.

Раней паведамлялася, што 3 кастрычніка на сустрэчы з армянскай калегай Ганнай Вардапецян генеральны пракурор Беларусі Андрэй Швед абмеркаваў пытанне выдачы беларусаў, абвінавачаных і асуджаных па крымінальных справах.

Каментары4

  • Фашыскі Пашпартна-Візавы Рэжым
    10.10.2024
    Як бы бязь мяне "дэмакратычныя армэніі" дазнаваліся пра збеглых прыгонных і рэалізоўвалі міжнародныя палітычныя дамоўленасьці?!
  • 7 месяцаў кіднэпінгу
    10.10.2024
    Нават як адаб'юцца ад выдачы. Кампэнсуюць выкрадзены час (гэта і немагчыма)? А як і заплацяць, што не вяртае час жыцьця, саскубанымі з прыгонных АССР грашыма. І нікога з кіднэпэраў - ад пракурораў да вертухаяў, не пакараюць
  • Цень Мураўёва
    10.10.2024
    Такімі тэмпамі хутка Пашынян таксама будзе цалаваць ордэн.

Цяпер чытаюць

«Лічу, што гэта мая місія». Беларускамоўны Павел з ДЦП выклікаў хвалю захаплення, зайздрасці і любові4

«Лічу, што гэта мая місія». Беларускамоўны Павел з ДЦП выклікаў хвалю захаплення, зайздрасці і любові

Усе навіны →
Усе навіны

Суд Еўрасаюза адмяніў санкцыі супраць Міхаіла Гуцэрыева8

На ўсходзе Францыі людзей устрывожыў п'яны алень ВІДЭА4

У Маскве забаранілі публікаваць інфармацыю пра наступствы ўкраінскіх удараў — акрамя афіцыйнай3

Былы беларускі міліцыянер шукае «пародзістую прыгажуню». Называе сябе мільянерам, а сам судзіцца з былой жонкай за аліменты35

Аварыю на чыгунцы ў Белгарадскай вобласці справакавала расійская бомба

Стварылі дзяржаўную камісію для перапісвання падручнікаў па гуманітарных прадметах9

«Прыгажун. Яшчэ больш стаў падобны да прынца». У тыкток нагналі ботаў, якія расхвальваюць прыгажосць Мікалая Лукашэнкі38

«Мець машыну, даражэйшую за кватэру? Такое магчыма толькі ў Мінску». Француз расказаў, чым яго здзіўляюць беларусы8

У Мінску закладаюць «Качыны востраў»2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Лічу, што гэта мая місія». Беларускамоўны Павел з ДЦП выклікаў хвалю захаплення, зайздрасці і любові4

«Лічу, што гэта мая місія». Беларускамоўны Павел з ДЦП выклікаў хвалю захаплення, зайздрасці і любові

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць