Грамадства1010

«Лічу, што гэта мая місія». Беларускамоўны Павел з ДЦП выклікаў хвалю захаплення, зайздрасці і любові

Павел і ягоная дзяўчына выпадкова трапілі ў вулічную апытанку мінскага блогера. «Якія прыгожыя, светлыя чалавечкі. Шчасця абаім!» — тысячы людзей адрэагавалі.

Павел са сваёй дзяўчынай. Скрын відэа

Мінскі блогер Дзмітрый Жых (Belrels) вядомы сваімі вулічнымі інтэрв'ю з выпадковымі мінакамі. Ён распытвае месцічаў пра тое, як яны жывуць і пра што мараць, пры гэтым часта героямі яго апытанак становяцца людзі з інваліднасцю.

Нядаўна ў яго канале з’явілася відэа, якое ён суправадзіў подпісам: «Энергія, якая сцірае межы!».

Блогер патлумачыў, што выпадкова сустрэў на вуліцы неймаверную пару. У хлопца, якога завуць Павел, — ДЦП. Аднак, па словах аўтара відэа, «за драйвам і шчырасцю юнака гэтага проста не заўважаеш».

«Ён — філолаг, які закаханы ў беларускую мову, і яго свет зараджае ўсё навокал», — піша Дзмітрый.

На пытанне, ці не перашкаджае жыць Паўлу яго захворванне, той шчыра прызнаўся, што часам «бывае цяжка кудысьці падняцца».

«А так збольшага ўсё добра. Люблю чытаць кнігі, люблю футбол — ну, гляджу ў асноўным», — працягнуў хлопец.

Павел расказаў, што ў будучыні хацеў бы рэалізаваць сябе ў прафесіі:

«Мне цікава займацца навукай. Лічу, што ў Беларусі павінна больш развівацца беларуская мова. У нас шмат выбітных людзей, якія праславілі нашу краіну на ўвесь свет. У краіне гэтаму надаецца мала ўвагі, таму я і абраў для сябе такі шлях. Лічу, што гэта мая місія».

У кароткай размове Павел таксама заўважыў, што хацеў бы, каб «людзі не былі такімі злобнымі і ва ўсіх усё было добра», і параіў: «Трэба ўсміхацца, тады ўсё будзе добра».

Адказваючы на пытанне пра мару, хлопец прызнаўся:

«Мара — гэта, напэўна, каб беларуская мова квітнела. Такіх матэрыяльных рэчаў у мяне няма. Я хачу проста, каб ва ўсіх усё было добра і ўсе былі шчаслівыя».

Калі ж блогер задаў больш канкрэтнае пытанне — чым Паўла можна парадаваць — той адказаў, што даўно марыць набыць раман Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім». Але кніга каштуе дорага.

«А што б вы хацелі пажадаць людзям?» — спытаў напрыканцы Дзмітрый.

«Больш усміхацца, глядзець у будучыню толькі з добрымі намерамі і ніколі не заганяцца праз нейкую лухту. У жыцці ўсё можна вырашыць, якая б ні была сітуацыя і што б ні здарылася. Заўсёды трэба ісці да сваёй мэты, сур’ёзна ставіцца да жыцця. За цябе нічога не зробяць — трэба несці адказнасць за самога сябе, і тады ўсё будзе. Ніколі не здавацца — гэта галоўнае!»

Дзяўчына Паўла ў сваю чаргу расказала, што хлопец захапіў яе сваёй дабрынёй, шчырасцю, павагай да людзей і гатоўнасцю прыйсці на дапамогу ў цяжкі час.

Відэа ўжо набрала звыш 150 тысяч праглядаў. «Захапленне! Які шчыры, якая прыгожая мова! Яшчэ і любіць Караткевіча! А якая дзяўчына!»; «Якія прыгожыя, светлыя чалавечкі. Шчасця абаім!» — пішуць гледачы ў каментарах.

Каментары10

  • Праўда
    14.05.2026
    Самі вы чалавечкі. Гэта людзі.
  • Хавэр Бурак
    14.05.2026
    Такi чалавек не купiць бiлет на Бiлана - i за гэта яму рэспект!
  • Імя
    14.05.2026
    Праўда, вось і мне " рэжа" гэтае паблажлівае " чалавечкі". Ніколі так не скажу.
    Годныя людзі, няхай у іх усё будзе добра. Шкада, што няма магчымасці падараваць ім з маёй бібліятэкі, што збіралася з любоўю. Эх..

Цяпер чытаюць

Зяленскі пра магчымыя перамовы ў Маскве: Гэта складана, там шмат украінскіх дронаў12

Зяленскі пра магчымыя перамовы ў Маскве: Гэта складана, там шмат украінскіх дронаў

Усе навіны →
Усе навіны

Гараць НПЗ у Саратаве і нафтахімічны завод у Ніжнякамску5

Аградроны на беларускіх палях: як беспілотнікі змяняюць сельскую гаспадарку3

У БДМУ прагназуюць конкурс сярод тых, хто паступае на мэтавыя месцы

ЗША зноў нанеслі маштабныя ўдары па Іране. Цэны на нафту тут жа падскочылі3

Вы мыеце гэтыя хатнія рэчы занадта рэдка3

Вынік апошняга матча за выхад у чвэрцьфінал мундыялю вырашыла серыя пенальці6

У Варшаве ўладальніца крамы паказала дызлайкі ўдзельнікам антыўкраінскага мітынгу. Пасля таго яе краму разграмілі33

П'яны кіроўца арандаванага аўто зладзіў гонкі па мінскіх вуліцах

На Смаргоншчыне адновяць капліцу, якую знёс п'яны кіроўца1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Зяленскі пра магчымыя перамовы ў Маскве: Гэта складана, там шмат украінскіх дронаў12

Зяленскі пра магчымыя перамовы ў Маскве: Гэта складана, там шмат украінскіх дронаў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць