Грамадства22

Маці экс-палітвязня, якая з’ехала ў Вільню, праз вайбер асудзілі за Едастаўку. Працэс быў незвычайным з усіх бакоў

Працэс праходзіў па відэасувязі праз Viber. Гэта першы вядомы праваабаронцам выпадак такога анлайн-працэсу за апошні час.

У судзе Барысаўскага раёна 9 лютага разгледзелі адміністрацыйную справу супраць Аксаны Хіневіч — маці былога палітвязня Анатоля Хіневіча. Пасля затрымання падчас масавага рэйду сілавікоў напрыканцы студзеня жанчына хутка пакінула Беларусь — цяпер яна ў Літве з сынам. Але гэта не спыніла барысаўскі суд, піша «Вясна».

Працэс праходзіў у незвычайным фармаце для людзей — па відэасувязі праз Viber. Гэта першы вядомы праваабаронцам выпадак такога анлайн-працэсу за апошні час.

Аксану абвінавацілі ў атрыманні «замежнай дапамогі» праз ініцыятыву INeedHelpBY. Суддзя Святлана Баранава прызнала яе вінаватай паводле арт. 24.15 КаАП і прызначыла ёй штраф з кампенсацыяй сумы «замежных» аплат у Едастаўцы.

«Стварыла пагрозу прычынення шкоды дзяржаўным і грамадскім інтарэсам»

Аксану затрымалі 23 студзеня падчас масавага хапуна на сваякоў і знаёмых палітвязняў, а таксама былых палітзняволеных.

На наступны дзень жанчыну асудзілі паводле адміністрацыйнай справы і аштрафавалі на 400 рублёў (10 базавых велічыняў). У хуткім часе яна пакінула Беларусь, баючыся пераследу. Пазней супраць Хіневіч склалі яшчэ адзін пратакол — паводле ч. 2 арт. 24.15 КаАП (выкарыстанне замежнай бязвыплатнай дапамогі для ажыццяўлення тэрарыстычнай і іншай экстрэмісцкай дзейнасці або іншых дзеянняў, забароненых заканадаўствам).

Гэты пратакол для азнаямлення жанчыне даслалі па Viber 7 лютага, калі яна была ўжо за мяжой.

Паводле яго, Аксана, «выкарыстоўваючы ўласны камп'ютар, звязалася з замежным аб'яднаннем INeedHelpBY, прызнаным рашэннем КДБ ад 16 студзеня «экстрэмісцкім фарміраваннем», і, у перыяд часу з 12.02.2022 па 05.04.2023 гг., атрымала і выкарыстала замежную бязвыплатную дапамогу ў выглядзе таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў, набытых у інтэрнэт-краме «Еўраопт» на агульную суму 2 854 рублі і 45 капеек ад вышэйпаказанага аб'яднання ў мэтах іншай экстрэмісцкай дзейнасці, выяўленай у публічнай загадзя неправамернай легітымізацыі дзеянняў асоб, якія ўчынілі правапарушэнні і злачынствы, у тым ліку шляхам надання ім псеўдастатусу «палітвязняў», незаконным нівеляванні наступстваў прыцягнення да адказнасці, чым стварыла пагрозу прычынення шкоды дзяржаўным і грамадскім інтарэсам».

Справу Аксаны разглядала суддзя Святлана Баранава. Напачатку яна ўдакладніла, дзе цяпер жыве Аксана. Жанчына патлумачыла, што знаходзіцца ў Вільні ў свайго сына.

Суддзя: Вы там проста часова ў гасцях, ці як гэта разумець?

Аксана: Паглядзім, як скончацца працэсы… Тады будзем вырашаць, часова мы тут ці не. 

Таксама суддзя ўдакладніла пра мінулыя адміністрацыйныя справы жанчыны:

Суддзя: Ці прыцягваліся раней да адміністрацыйнай адказнасці?

Аксана: Прыцягвалася 24 студзеня па сфабрыкаванай справе.

Суддзя: Гэта лішняя інфармацыя для суда.

Сваю віну жанчына не прызнала. Яна адзначыла, што ў пратаколе няправільна пазначаны яе паказанні, якія Аксана давала падчас допыту ў Следчым камітэце 23 студзеня.

Яна пацвердзіла, што дапамогу для палітзняволенага сына, які на той момант знаходзіўся ў калоніі, праз Едастаўку атрымлівала, але не ад арганізацый, а ад прыватных асобаў, знаёмых сына, а таксама ад неабыякавых людзей.

Па словах жанчыны падчас допыту, спачатку ёй дасылалі суму, на якую можна зрабіць заказ, а пасля фармавання кошыку ў Едастаўцы яна дасылала нумар заказу і пароль ад свайго профілю ў бот «INeedHelpBY». Затым ёй дасылалі інфармацыю па дастаўцы. Але далей, паводле яе, аплата праходзіла ад людзей з-за мяжы, а не ад арганізацый.

Да матэрыялаў справы далучылі пастанову аб адмове ў завядзенні супраць жанчыны крымінальнай справы паводле арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Таксама да справы далучылі і скрыншоты перапіскі з участковым Казлоўскім, які складаў пратакол супраць Аксаны.

У выніку суддзя Святлана Баранава прызначыла ёй штраф 20 базавых велічынь (400 рублёў), а таксама кампенсацыю дапамогі ў памеры 2 854 рублі і 45 капеек.

Пасля абвяшчэння рашэння сакратарка суда сказала, што рэквізіты для аплаты Аксане дашлюць па Viber.

«А як вы мне прапаноўваеце гэта з Вільні аплаціць? Каб гэта была зноў гуманітарная дапамога Беларусі з замежнага рахунка?» — спытала жанчына, але адказу так і не атрымала.

Чым скончыліся рэйды напрыканцы студзеня?

Паводле «Вясны», па стане на 12 лютага пад пераслед трапілі сама меней 232 чалавекі, абсалютная большасць з якіх — жанчыны. Шмат хто з іх ужо на волі з падпіскай аб нявыездзе і неразгалошванні, але некаторыя да гэтага часу застаюцца за кратамі ў межах крымінальных справаў. Па звестках праваабаронцаў, супраць мінімум 24 чалавек распачалі крымінальныя справы паводле арт. 361-1 (удзел у экстрэмісцкім фармаванні) і арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). 

Акрамя гэтага, мінімум 47 чалавек асудзілі паводле адміністрацыйных справаў.

Некалькі чалавек па ўсёй Беларусі асудзілі да штрафаў паводле ч. 2 арт. 24.15 КаАП — «выкарыстанне замежнай бязвыплатнай дапамогі для ажыццяўлення тэрарыстычнай і іншай экстрэмісцкай дзейнасці або іншых дзеянняў, забароненых заканадаўствам». Гэты артыкул раней у Беларусі не выкарыстоўваўся. 

26 студзеня суд Лідскага раёна аштрафаваў дзвюх лідчанак па гэтым артыкуле. Адна з іх атрымала «замежную дапамогу» таварамі на 5241 рубель з інтэрнэт-крамы «Еўраопт», другая — на агульную суму 18 143 рублі. Абедзвюх жанчын аштрафавалі на 1000 рублёў кожную (25 базавых велічынь) з кампенсацыяй сумы атрыманай дапамогі. Іх пастановы апублікавалі на pravo.by.

Каментары2

  • Беларусь будзе вольнай!
    12.02.2024
    Лукашысцкая "суддзя" Баранава нават не спрабуе асэнсаваць, якой ахінеяй выглядаюць абвінавачавнне і вынесены ёю прысуд, бо нават тэхнічна немагчыма ўявіць сабе, якім чынам прадукты харчавання, якія перадаюцца ў калёнію палітвязням у афіціыйна дазволеных памерах, маглі б быць выкарыстаныя дзеля "незаконнага нівелявання наступстваў прыцягнення да адказнасці" ва ўмовах пільнага кантролю турэмнай адміністрацыі.
    Таму пасля змены ўлады - звальненне, люстрацыя, грамадзянскія іскі ад пацярпелых і прыцягенне да адказнасці за наўмысна неправасудны вырак, а калі падобная дзейнасць мела сістэмны характар - то за сістэмны саўдзел у стварэнні пакутаў палітвязням, то бок за катаванні. А пра карнікаў - там адказнасць імаверней за ўсё будзе за тэрарыстычную дзейнасць дзяржаўных органаў у часы дыктатуры супраць грамадзян па палітычных матывах
  • пенетрэйтор
    12.02.2024
    Жанчына добра адказвала. 👍🏼

Цяпер чытаюць

«Мікалая білі, дзе толькі яго бачылі». Пра катаванні зняволенага анархіста Дзядка расказала адвакатка Мацкевіч5

«Мікалая білі, дзе толькі яго бачылі». Пра катаванні зняволенага анархіста Дзядка расказала адвакатка Мацкевіч

Усе навіны →
Усе навіны

У мінскім «Бургер кінгу» памёр мужчына

Пасажыры беларускага цягніка самі прыбралі бярозу, што ўпала на рэйкі ФОТА

Сіноптыкі перадалі аранжавы ўзровень небяспекі на сёння

Радзіна: Ціханоўская хлусіць пра абставіны выезду з Беларусі ў жніўні 202081

На Куршчыне ўкраінцы збілі расійскі знішчальнік Су-353

Не пішыце лісты палітвязням у калоніі, гэта бессэнсоўна27

Зяленскі: Кіроўцы фур, з якіх атакавалі вайсковыя аэрадромы ў Расіі, не ведалі пра аперацыю «Павуцінне»1

Колькі каштуюць ягады, гародніна і садавіна на «Камароўцы»5

У Беларусі няма бульбы, а ў Японіі дэфіцыт рысу1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Мікалая білі, дзе толькі яго бачылі». Пра катаванні зняволенага анархіста Дзядка расказала адвакатка Мацкевіч5

«Мікалая білі, дзе толькі яго бачылі». Пра катаванні зняволенага анархіста Дзядка расказала адвакатка Мацкевіч

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць