Замест жаніха ў ЗАГС прыйшла міліцыя: дзяўчына хацела выязную рэгістрацыю шлюбу, але ледзь не атрымала адміністратыўку
У Бярэзіне жаніх з нявестай планавалі зладзіць прыгожае вяселле ў сядзібе, якая знаходзіцца за некалькі кіламетраў ад горада. Дзяўчына пайшла ў мясцовы ЗАГС дамовіцца, каб на месца вяселля прыехаў супрацоўнік, які і зарэгіструе шлюб. Нечакана гісторыя скончылася выклікам міліцыі, а нявеста цудам пазбегла адміністратыўкі за хуліганства.

Пра канфлікт, які працягваецца з мінулага лета, распавяла ў тыктоку тая самая нявеста — блогерка пад нікам juli_j5 (яе сапраўднае імя Юлія Грузд).
− Я падала заяву на выязны роспіс. Яна працуе вельмі даўно (дзяўчына мае на ўвазе начальніцу Бярэзінскага ЗАГСа Наталлю Белавус, якая і праводзіць рэгістрацыю шлюбаў — «НН»). Я сама некалі працавала ў выканкаме. Вельмі шмат супрацоўнікаў да яе ўладкоўваліся, але звальняліся, бо з ёй немагчыма працаваць. Яна іх выжывала. Дык вось, супрацоўнік ЗАГСа можа выехаць, а можа не выехаць на рэгістрацыю − па жаданні.
Начальніца адмовіла нявесце, а тая папрасіла даць ёй адмову пісьмова. Калі прайшоў вызначаны законам тэрмін на пісьмовы адказ, Юлія зноў прыйшла ў ЗАГС. Але скончылася ўсё канфліктам: загадчыца пачала выганяць нявесту са свайго кабінета і нават паспрабавала выбіць тэлефон у яе з рук. Дзяўчына адмовілася сысці, тады Наталля Белавус выклікала нарад міліцыі.
Далей жанчыны высвятлялі адносіны ўжо ў кампаніі сілавікоў. Белавус сцвярджала, што нявеста ўварвалася ў яе кабінет, калі там былі іншыя людзі, і стала парушаць грамадскі парадак.
Міліцыянеры праглядзелі відэа з камер назірання, а таксама відэа з тэлефона Юліі (дарэчы, на адным з іх відаць, што камеру ў сваім кабінеце Белавус уключыла толькі ў сярэдзіне канфлікту). У выніку абедзвюх жанчын адпусцілі.
− Я вельмі правільна зрабіла, што ўключыла камеру. Бо калі б не было майго відэазапісу, на мяне б павесілі дробнае хуліганства, парушэнне грамадскага парадку.
Але ўжо шмат месяцаў Юлія спрабуе знайсці праўду. Яна дайшла да старшыні выканкама, напісала заяву ў пракуратуру Бярэзінскага раёна, генпракуратуру, у Міністэрства юстыцыі і нават у адміністрацыю Лукашэнкі. Але адказ усюды адзін: пакараць начальніцу ЗАГСа няма за што.
Сваю эпапею блогерка распавяла ў чатырох відэа ў тыктоку, якія набралі ад 75 тысяч да амаль мільёна праглядаў. Меркаванні каментатараў падзяліліся: адны ўпэўненыя, што праблема высмактаная з пальца, і раяць партнёру Юліі ўцякаць ад яе як мага далей. Іншыя падтрымліваюць дзяўчыну і лічаць, што, калі ўсе беларусы не будуць адстойваць свае правы, то з імі працягнуць таксама па-хамску размаўляюць у дзяржаўных установах.
Калі вы хвалюецеся за асабістае жыццё блогеркі, то вяселле Юліі ўсё ж адбылося.

А вось адмова Наталлі Белавус выглядае цікава з улікам таго, што ў 2022 годзе яна ў інтэрв'ю «Бярэзінскай панараме» расказвала, як любіць менавіта выязныя цырымоніі:
− Больш за ўсё запомніліся мне выязныя рэгістрацыі шлюбаў, якія праходзілі ў Мінску, гэта зялёная зона рэстарана «Новы Нясвіж», дзе пара прадумала ўсё да самых драбнюткіх дэталяў, усё было аформлена кампазіцыямі з жывых кветак, была жывая музыка ў выкананні струннага квартэта, а таксама вяселле, якое праходзіла ў «Мінск-Арэне». Тады ўсё гэта для мяне было незвычайна, сама атмасфера была вельмі велічная.
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары