Усяго патроху11

Жанчына з Баранавічаў кінула працу ў школе і стала зарабляць на тыльдах

Тры гады таму жыхарка Баранавічаў Людміла Цывуля пакінула працу сацыяльнага педагога ў школе для стварэння лялек тыльдаў. Чаго гэта каштавала і ці шкадуе пра сваё рашэнне, жанчына расказала Bar24.

«Вынік перасягнуў чаканні»

37-гадовая Людміла паспрабавала сябе ў творчасці яшчэ ў 18 гадоў. Натхніўшыся любоўю сваёй мамы да вышыўкі, яна сама з дапамогай нітак стала ствараць карціны і пано. Пра тыльды ў той час дзяўчына нават не чула.

«Доўгі час гэта было для мяне асноўным хобі. Думак пра тое, каб неяк на гэтым зарабляць, у мяне не было», — расказвае Людміла.

Усё змянілася, калі яна наткнулася ў інтэрнэце на фота самаробных лялек-тыльдаў.

Лялька тыльда — шытая цацка, створаная па даволі простай схеме выкрайкі. У тыльды звычайна доўгія рукі і ногі, невялікая галава і даволі буйное тулава. Лялька была прыдуманая як элемент інтэр'еру, яе функцыя — дадаваць дому ўтульнасці.

«Мне адразу спадабаліся гэтыя пацешныя чалавечкі з дзвюма кропкамі на твары замест вачэй. Лялькі здаваліся нейкімі вельмі ўтульнымі і прыцягвалі ўвагу. Я падумала: шыць я ўмею, чаму б не паспрабаваць зрабіць такую самой?» — успамінае жанчына.

Вывучыўшы агульныя прынцыпы стварэння тыльдаў, яна зрабіла сваю першую ляльку.

«Усё рабіла ўручную, без швейнай машынкі. Вынік перасягнуў мае чаканні, лялька атрымалася з першага разу», — расказвае Людміла.

Па яе словах, працэс стварэння лялькі захапіў яе настолькі, што яна вырашыла пакінуць працу сацыяльнага педагога ў школе і займацца выключна хэндмэйдам.

«Я вырашыла, што хачу займацца тым, ад чаго атрымліваю задавальненне. Развіталася са сваёй ранейшай працай і аформілася рамесніцай. Увесну будзе ўжо тры гады, як я ствараю тыльды і зарабляю на гэтым», — расказвае майстрыха.

«Не атрымліваецца з першага разу, абавязкова атрымаецца з пятага»

Усе лялькі, якія вырабляе майстрыха, адрозніваюцца адна ад адной не толькі знешнім выглядам, але і «характарам». Для кожнага вобразу Людміла прыдумляе невялікую гісторыю-казку. І кожнай сваёй тыльдзе дае імя.

Нягледзячы на тое, што за тры гады жанчына вырабіла больш за паўсотні лялек, яна памятае кожную сваю тыльду.

«Я ўвесь час нешта прыдумляю, эксперыментую з тэхнікамі ў стварэнні лялек і адзення для іх. Некаторыя пытаюцца, адкуль у мяне ўсе гэтыя ідэі. Спакойна адказваю: «Гэта мая інтуіцыя». Для рэалізацыі ўсіх ідэй мне наўрад ці і жыцця хопіць! — расказвае Людміла.

Яна адзначае, што не баіцца ўкараняць новыя падыходы і тэхнікі шыцця. І «калі нешта не атрымліваецца з першага разу, абавязкова атрымаецца з пятага», упэўненая майстрыха.

«Прызнаюся, што цяпер мае работы падабаюцца мне значна больш, чым раней. Я пачала выкарыстоўваць швейную машынку. З ёй і працэс нашмат хутчэйшы, і якасць атрымліваецца прыкметна лепшая», — расказвае яна.

Дарэчы, у стварэнні адзення для тыльдаў Людміле выдатна дапамагае яе мама. Спрыяе і муж, які вырабляе для лялек драўляныя стэнды-падстаўкі.

«Родныя падтрымліваюць мяне, ім падабаецца маё хобі. Вядома, гэта выдатна матывуе, каб працягваць тварыць», — расказвае жанчына.

«Людзі самі мяне знаходзяць»

У працы майстрыха прытрымліваецца пэўных прынцыпаў. Напрыклад, яна не робіць лялек на замову, а стварае іх толькі такімі, якімі бачыць сама. А яшчэ вялікую ўвагу надае якасці сваіх вырабаў.

«Многія матэрыялы для творчасці цяпер даражэюць. Я знаходжу альтэрнатывы, каб выніковая цана на ляльку была прымальнай, а якасць заставалася высокай», — расказвае яна.

Людміла лічыць, што яе творчасць — гэта «хобі з прыемным бонусам». І хай пакуль яна не зарабляе на тыльдах столькі, колькі на звычайнай працы, дзяўчына перакананая, што гэта часова. І настроеная сур'ёзна развіваць сваю справу.

«Цяпер мае работы купляюць, хутчэй, з дапамогай «сарафаннага радыё». Людзі самі мяне знаходзяць. Надалей я хачу размяшчаць каталог сваіх тыльдаў на інтэрнэт-пляцоўках», — адзначае Людміла.

Большасць лялек, створаных Людмілай, знайшлі свой дом у розных частках Беларусі. Адна з тыльдаў адправілася ў Нарвегію. Жанчына спадзяецца, што з часам геаграфія будзе толькі пашырацца. Тым больш што ідэй і планаў у яе шмат.

Цяпер, да прыкладу, акрамя стварэння тыльдаў яна асвойвае вытворчасць мініяцюрных кампазіцый з дрэва.

«Маё хобі — гэта лад жыцця, мае эмоцыі і лепшы спосаб самавыяўлення. Для мяне гэта падобна да лекаў, медытацыі, — адзначае Людміла. — За час працы над тыльдамі я пазнаёмілася з многімі творчымі людзьмі Баранавічаў.

І, заўважу, што такіх людзей нашмат больш, чым здаецца! Мяне вельмі натхняюць іх работы і поспехі. Яны даказваюць, што займацца самавыяўленнем можна дзе заўгодна. Галоўнае — шчыра гэтага хацець!»

Каментары1

  • Ёсік
    19.12.2023
    Каб усё ў цябе, Людміла, было добра. Ведаю, што ў Беларусі ёсьць адна пачвара, ды не лялячная, а сапраўдная, дыхае і атручвае паветра. То ёй не спадабаецца вясёлка ды адзінарог, ружовае адьдзеньне на хлопцах, Хагі Вагі ды іншыя цацкі, нават Санта Клаўса, лічы Сьвяты Мікалай каталіцкі, і таго прыбралі. Каб да цябе гэтае псіхічна хворае ліха не прычапілася.

Цяпер чытаюць

Выйшаў на свабоду выбітны хірург Андрэй Любецкі11

Выйшаў на свабоду выбітны хірург Андрэй Любецкі

Усе навіны →
Усе навіны

Расіяне масавана атакавалі Адэсу

У адносінах бывае чатыры віды хлусні — але фінал адзін і той жа5

Мінчук зламаў шыю падчас адпачынку ў Пружанах1

Расіяніну, які п'яным пабіўся з ахоўнікамі мінскага метро, вынеслі прысуд10

Мінскія ўлады паказалі, як утылізуюць кінутыя машыны ВІДЭА1

«Беларусьфільм» распачаў здымкі серыяла пра міліцыю, сцэнарый якога прабіў Кубракова на слязу11

Галоўны корпус Нацыянальнага мастацкага музея ўрачыста закрыюць на рэканструкцыю

У Маскве пасажыркі, якія спазніліся на рэйс, спрабавалі дагнаць самалёт проста на лётным полі ВІДЭА3

Бяляцкі: Далучэнне да Еўрасаюза — гэта не пытанне «хачу — не хачу», гэта пытанне выжывання беларусаў як народа51

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Выйшаў на свабоду выбітны хірург Андрэй Любецкі11

Выйшаў на свабоду выбітны хірург Андрэй Любецкі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць