Беларускае балота Ельня аказалася куды старэйшым, чым лічылася
Навукоўцы вывучылі ўзрост самага вядомага беларускага балота з унікальнай экасістэмай, якое па плошчы параўнальнае з Мінскам. Яно знаходзіцца ў Мёрскім раёне Віцебскай вобласці. Навуковую экспедыцыю арганізавала агенцтва экскурсій YelnyaTrip разам з Інстытутам прыродакарыстання НАН.

Удзельнікі экспедыцыі мелі намер даследаваць тарфяныя залежы ў месцах самага глыбокага іх залягання. Паводле даных разведкі 50-х гадоў, найбольшая глыбіня складала 8,3 метра.
Аднак пры спробе знайсці такую глыбіню каманда ўтапіла ў балотных нетрах свердзел. Таму фактычная максімальная глыбіня, якую ўдалося знайсці ў ходзе экспедыцыі, склала 7,25 м.
Атрыманы матэрыял вывучалі метадам радыёвуглероднага аналізу, дакладнасць якога складае амаль 98%. У выніку выявілася, што ніжнія пласты балота сфармаваліся ў дыяпазоне 12 821 — 13 114 гадоў таму.
Такім чынам высветлілася, што балота нашмат старэйшае, чым лічылі навукоўцы. Раней лічылася, што яму каля 9 тысяч гадоў.
Экспедыцыю часткова правялі на грошы, сабраныя неабыякавымі грамадзянамі. Кампанія сабрала 60 данатаў пераводамі ад 3 да 200 рублёў, што склала палову той сумы, якая патрабавалася. Астатнюю частку пакрылі самі ўдзельнікі экспедыцыі.
Цяпер чытаюць
На Афоне адшукалі тры невядомыя раней асобнікі Астрожскай Бібліі. Для яе стварэння друкар Іван Фёдараў, выхадзец з Беларусі, выкарыстоўваў тэксты Скарыны
Каментары