Літаральна за год сабака растаўсцеў, азыз і змяніўся ў выглядзе. Ветэрынар тлумачыць, што адбываецца са шпіцам Лукашэнкі.

Першы раз Лукашэнка з'явіўся на публіцы са шпіцам Умкам на суботніку ў 2020 годзе, калі іміджмейкеры адчайна шукалі нешта, што прымусіць народ абмяркоўваць Лукашэнку, а не ягоных апанентаў на выбарах.

З таго часу шпіц рэгулярна з'яўляецца з палітыкам на публіцы.

У свой час многіх шакавалі кадры з інтэрв'ю Лукашэнкі расійскай журналістцы Наілі Аскер-задэ, дзе сабака гуляў па стале, з якога ядуць людзі.

Але многія звяртаюць увагу, што са шпіцам нешта адбываецца.
Паглядзіце, як Умка — прадстаўнік карлікавай пароды сабак — стаў выглядаць праз тры гады ад свайго першага з'яўлення на публіцы.

«Наша Ніва» спытала ветэрынара, які спецыялізуецца на лячэнні свойскіх жывёл, якія высновы ён бы зрабіў са свежых фота з сабакам.

«Або гэта іншы сабака, або той самы, але з атлусценнем, — сказаў нам ветэрынар. — Атлусценне можна канстатаваць ужо чыста візуальна: у сабакі локці раз'язджаюцца ў бакі».
«Можна выказаць здагадку, што сабаку кастрыравалі. А такая аперацыя запавольвае ўсе абменныя працэсы ў арганізме, сутачная патрэба ў кілакалорыях змяншаецца. Гэта законы эндакрыналогіі.
Ці стаў гаспадар у такім разе лічыць калорыі сабакі з даведнікам і вагамі? Прыкідваць, колькі яму яшчэ можна даць сёння?
Найхутчэй, сабаку кормяць столькі, колькі той просіць, а прасіць ён можа да таго моманту, пакуль яго не званітуе — у сабак пачуццё насычэння працуе не так, як у людзей.
Сабакі ядуць, пакуль даюць і пакуль улазіць.
Жывёл нельга перакормліваць і карміць «са стала», патрэбны свой, асобны рацыён і графік. Гледзячы на Умку, я строгасці ў падыходзе да графіка яго кармлення не бачу», — сказаў спецыяліст.
Чым гэта можа быць небяспечна?
«Праблемы з лішняй вагой і пераяданне перагружаюць пячонку, выклікаюць гепатоз, цукровы дыябет і іншыя эндакрынныя захворванні. Пакутуюць сэрца і суставы. Адным словам, зніжаецца якасць і чаканая працягласць жыцця. У нармальных гаспадароў шпіцы, як і іншыя карлікі, жывуць у сярэднім 10—14 год, калі няма генетычных захворванняў», — рэзюмаваў спецыяліст.

Памеранскія шпіцы — дэкаратыўная парода сабак. Даведнікі адзначаюць, што сабакі тонка адчуваюць настрой гаспадара і робяць усё, каб яму дагадзіць.

Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары