На БТ новы герой. Пару гадоў таму ў Мінску яго пабілі за майку з надпісам «ДНР», а цяпер ён прыехаў адпачыць з фронту
Героем прапаганды стаў Сяргей Ланавенка, які паехаў ваяваць на баку «ДНР». Інтэрв'ю з ім выйшлі і на БТ, і ў «Мінскай праўдзе». У сюжэце яго называюць «беларускі ваенны добраахвотнік». Мужчына расказвае, што прыехаў з фронту ў Беларусь у адпачынак.

Ланавенка — былы дэсантнік, удзельнік пікетаў у падтрымку «Рускага свету». 46-гадовы мужчына родам з Асіповічаў, раней займаўся рамонтам аўто.

У гучную гісторыю ён трапіў у 2018 годзе. Тады Ланавенку збілі ля сталічнага гандлёвага цэнтра «Мома» (станцыя метро «Магілёўская») — за майку «ДНР». Ён расказваў, што пакуль курыў на стаянцы, да яго пад'ехала машына.
«Мне адтуль паказваюць «фак», я адказаў тым жа. З машыны пачулася: «Хадзі сюды». Ну, я і падышоў.
Пытаюся жартам: «Вы што, бандэраўцы?» Яны кажуць, што, маўляў, так. Слова за слова — пачалася бойка. Атрымліваю ўдар ад аднаго ў левую скулу. У мяне ўдар пастаўлены, біць нельга. Прымяняю прыём, кідаю аднаго на зямлю. Тады не ўтрымаў другога, ад якога атрымаў нагой у твар. Падышоў яшчэ трэці, які ім таксама дапамог. Пасля гэтага паехаў, ужо пасля калегі завезлі мяне на медыцынскі агляд», — расказваў тады Ланавенка.
«Мая пазіцыя — падтрымліваць людзей, якія хочуць міру ў «ДНР», — тлумачыў ён, чаму хадзіў па горадзе ў такой майцы.
За гэтую бойку аднаму з мінчукоў прысудзілі 1,5 года папраўчых прац.

Сяргей Ланавенка занесены ў базу «Міратворац».
Пасля нападу Расіі на Украіну ў лютым 2022 года Ланавенка публікаваў фота з акупаваных тэрыторый. Ён пісаў, што займаецца зборам і размеркаваннем гуманітарнай дапамогі, звяртаў увагу «Флагшток». На фота былы дэсантнік пазіраваў з баявой зброяй на фоне расійскай вайсковай тэхнікі з дзяржаўнай сімволікай Беларусі. Ён пісаў, што асцерагаецца прыязджаць у Беларусь, бо ў органаў могуць быць да яго пытанні. Але ж цяпер спакойна раздае інтэрв'ю.
Па беларускім заканадаўстве за самавольны ўдзел ва ўзброеным канфлікце на тэрыторыі іншай дзяржавы прадугледжаная крымінальная адказнасць — артыкулы 133 і 361-3 КК. Гэтымі артыкуламі ўлады і прапаганда часта пагражаюць каліноўцам і іншым добраахвотнікам, што ваююць на баку Украіны, але чамусьці не згадваюць іх, калі гаворкаа заходзіць пра «ДНР».
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары