Кацярына Барысевіч, Кацярына Андрэева і Дар'я Чульцова ўганараваныя прэміяй «Гонар журналістыкі»
Журналісткі Кацярына Барысевіч (Tut.by), Кацярына Андрэева (Белсат) і Дар'я Чульцова (Белсат) сталі лаўрэатамі прэміі «Гонар журналістыкі» імя Алеся Ліпая, піша Tut.by.

— Сёлета крытэрам прэміі адпавядаюць многія прадстаўнікі беларускіх медыя — і тыя, каго кінулі за краты, і тыя, хто працягвае рабіць сваю працу ва ўмовах беспрэцэдэнтных рэпрэсій. Але менавіта Кацярына Барысевіч, Кацярына Бахвалава (Андрэева) і Дар'я Чульцова сталі першымі, хто асуджаны па крымінальных артыкулах за выкананне свайго прафесійнага доўгу, — адзначыла дырэктар і галоўны рэдактар інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Ірына Леўшына.
Кацярына Барысевіч была затрыманая 19 лістапада 2020 года. Падставай стаў артыкул, у якім паведамлялася, што ў крыві збітага да смерці на плошчы Перамен Рамана Бандарэнкі не было алкаголю. Яе, а таксама доктара Бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі Арцёма Сарокіна абвінавацілі ў «выдаванні медыцынскай таямніцы, што пацягнула цяжкія наступствы». 2 сакавіка суд у Мінску прысудзіў журналістку да 6 месяцаў зняволення, Арцём Сарокін атрымаў два гады калоніі з адтэрміноўкай на год.
Кацярына Андрэева і Дар'я Чульцова былі затрыманыя 15 лістапада 2020 года, калі вялі прамы эфір з акцыі памяці Рамана Бандарэнкі з кватэры дома на плошчы Перамен. Абедзвюх абвінавацілі ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак». У лютым 2021 года яны былі прысуджаныя да двух гадоў калоніі.
Прэмія «Гонар журналістыкі» ўручаецца трэці год запар у дзень нараджэння журналіста Алеся Ліпая (памёр у жніўні 2018 года), заснавальніка першага незалежнага інфармацыйнага агенцтва ў Беларусі. Лаўрэатамі прэміі станавіліся галоўны рэдактар Tut.by Марына Золатава (2019) і журналістка «Радыё Свабода» Аляксандра Дынько (2020).
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары