Грамадства

Сядзеў на «Шанхаі», быў у Навінках, перахварэў на кавід. Што вядома пра палітвязня з плошчы Перамен Сцяпана Латыпава

З 15 верасьня пад вартай утрымліваюць менчука Сьцяпана Латыпава, які абараняў мурал з выявай «дыджэяў перамен» на вуліцы Чарвякова, піша Радыё Свабода.

Сьцяпан Латыпаў, архіўнае фота

Пры затрыманьні Сьцяпана зьбілі. Яго абвінавацілі ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў.

Пры вобшуку ў кватэры Сьцяпана Латыпава, які прафэсійна займаецца лячэньнем дрэваў, знайшлі хімічныя рэчывы, пасьля чаго дзяржаўная прапаганда заявіла, што ён нібыта з дапамогай гэтых рэчываў рыхтаваўся труціць міліцыянтаў.

Сябры Сьцяпана Латыпава і ягоныя суседзі з вуліцы Чарвякова вядуць зь ім перапіску, а асноўныя зьвесткі пра яго выкладваюць на старонку #весточкиОтСтепана. Там жа валянтэры зьмяшчаюць фатаздымкі некаторых яго лістоў. Вось што можна даведацца з гэтых допісаў.

«Валадарка» — шпіталь у Навінках — зноў «Валадарка»

Пасьля завядзеньня крымінальнай справы Сьцяпана Латыпава адпачатку зьмясьцілі ў СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага, прычым у корпус, вядомы дрэннымі ўмовамі. Паводле ліста, напісанага ў лістападзе, Сьцяпан пабываў у гэтак званым «Шанхаі».

«Гэта корпус у паўсутарэньні з нарамі ў тры паверхі, поўны прусакоў і маргіналаў, там я ляжаў гадзінамі, абгарнуўшы твар мокрым ручніком. Перавёў мяне адтуль лекар, які прачытаў артыкул пра мяне. Са словамі «калі цябе чакаюць такія людзі, значыць ты гэтага варты». З дрэнных навінаў — тэрмін утрыманьня пад вартай працягнулі да 15.01», — паведаміў тады Латыпаў.

У сьнежні 2020 году сябры Сьцяпана Латыпава атрымалі зьвесткі, што ён знаходзіцца ў Навінках дзеля прызначанай экспэртызы. Адтуль яго перавялі на «Валадарку». Сьцяпан гэта пацьвердзіў, калі ў лютым адгукнуўся на перавод на ягоны рахунак невялікай сумы грошай.

«Адміністрацыя таксама гэта бачыць, і, хай і ў невялікім памеры, але гэта фармуе меркаваньне пра мяне як пра чалавека, якога любяць, чакаюць і цэняць», — напісаў Сьцяпан Латыпаў чалавеку, які вырашыў падтрымаць яго грашыма.

Перахварэў на каранавірус

У студзені на «Валадарцы» Сьцяпан Латыпаў у лёгкай форме перахварэў на каранавірус. Пра гэта паведамілі суседзі Сьцяпана Латыпава з вуліцы Чарвякова.

«Сам факт гэтага ніяк ня дзівіць, бо ў турмах адмыслова ствараюць умовы, каб людзі, якія туды трапілі, заразіліся», — мяркуюць людзі, якія перапісваюцца з палітвязьнем Латыпавым. «Пажадаем Сьцяпану хутчэйшага выздараўленьня», — напісалі суседзі Латыпава ў сярэдзіне студзеня 2021 году.

Праблемы зь перапіскай ня скончыліся дагэтуль

У канцы 2020 году ў палітвязьня пачаліся праблемы зь перапіскай. Вось што паведамляла крыніца #весточкиОтСтепы пра Латыпава летась 29 сьнежня:

«Сьцяпан просіць перадаць, што ў яго ўсё ў парадку, але бяда зь перапіскай. Вельмі шмат рэжа цэнзура — і ў той, і ў другі бок. За апошні тыдзень ён адправіў 60 лістоў і паштовак. Але, на жаль, зь іх даходзіць толькі малая частка».

У сакавіку адрасат зноў напісаў, што ліставаньне з Латыпавым штучна абмежаванае, бо, паводле ягоных зьвестак, турэмная «цэнзура з кавідам на бальнічным», але заклікаў людзей не спыняць намаганьняў і далей ліставацца з палітвязьнем.

Адрасаты Сьцяпана Латыпава паведамляюць яму, што ў двары ягонага дома рэгулярна праходзяць сустрэчы, на якіх згадваюць пра яго, абменьваюцца навінамі зь ліставаньня зь ім.

У адным зь лістоў на волю сам Сьцяпан гэтак напісаў пра значэньне для яго гэтай сувязі з суседзямі, якіх ён ужо лічыць сваякамі: «Мне дасталася крыніца бязьмежнай моцы і цярпеньня — ваша любоў і падтрымка».

Што да крымінальнай справы супраць Сьцяпана Латыпава, сам ён у лістах пра яе ня згадвае, але суседзі ведаюць, што яна дагэтуль не завершаная. У перапісцы трапляюцца паведамленьні, што Сьцяпана Латыпава наведвае адвакат.

Хто такі Сьцяпан Латыпаў?

У красавіку Сьцяпану Латыпаву споўніцца 41 год. Паводле прафэсіі ён арбарыст (дрэўны доктар), а раней працаваў прамысловым альпіністам. Дзякуючы рэдкаму занятку Латыпаў пабываў шмат у якіх краінах, пра што згадвае ў лістах на волю. Вось што піша Сьцяпан у адказ на атрыманую паштоўку зь відамі Куршскай касы:

«Двойчы бываў на Куршскай касе, часта хадзіў па дзюнах ва Ўэльсе і Гішпаніі, у Партугаліі не аднойчы даводзілася працаваць на дрэвах зь відам на дзюны і акіян. Гэта было здорава, дзякуй табе».

А яшчэ ў адным зь лістоў Сьцяпана Латыпава ёсьць такая фраза:

«Упэўнены, зараз менавіта раніца. Ня часу дня, а новай Беларусі».

Каментары

Цяпер чытаюць

Ад сачэння за топ-менеджарамі да пікантных драм ХІХ стагоддзя. Як працуе дэтэктыўнае агенцтва «Рэкс» Аляксандра Азарава

Ад сачэння за топ-менеджарамі да пікантных драм ХІХ стагоддзя. Як працуе дэтэктыўнае агенцтва «Рэкс» Аляксандра Азарава

Усе навіны →
Усе навіны

Месі стаў футбалістам-мільярдэрам — як Раналду

Навукоўцы разгадалі адзін з галоўных сакрэтаў Вялікай піраміды — як яна здолела выстаяць падчас землятрусаў6

Трамп падоўжыў яшчэ на год санкцыі супраць кіраўніцтва Беларусі12

Зяленскі праінфармаваў еўрапейскіх лідараў пра расійскія планы адносна Беларусі5

Трамп вызначыўся, хто будзе новым кіраўніком амерыканскай разведкі

Беларуска злётала на Мальдывы і вярнулася з запазычанасцю амаль 18 000 рублёў8

Лаўроў угледзеў у Азіі фармаванне мясцовага НАТА і ўжо загадзя яго баіцца4

У беларускія вёскі пачнуць ездзіць фургоны самаабслугоўвання

Трамп звольніў кіраўніцу разведкі1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Ад сачэння за топ-менеджарамі да пікантных драм ХІХ стагоддзя. Як працуе дэтэктыўнае агенцтва «Рэкс» Аляксандра Азарава

Ад сачэння за топ-менеджарамі да пікантных драм ХІХ стагоддзя. Як працуе дэтэктыўнае агенцтва «Рэкс» Аляксандра Азарава

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць