Моды77

Беларускі касцюм і авангард. Паглядзіце, якія калекцыі пашылі выпускніцы Акадэміі мастацтваў ФОТЫ

Адзенне для смелых дзяўчат, якія не баяцца выглядаць ярка, — так апісваюць свае калекцыі выпускніцы Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. На кафедры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і касцюма прайшла абарона дыпломных праектаў, у якіх будучыя дызайнеркі прадставілі свой погляд на моду і традыцыйны строй. Сярод сёлетніх выпускніц, дарэчы, была і дачка дызайнера Івана Айплатава.

Паглядзіце, якім можа быць айчынны легпрам.

Настасся Хлус:

— За аснову калекцыі я хацела ўзяць нейкае племя, бо гэта зусім іншы свет, каларыт — і гэта максімальна цікава для вывучэння. Спынілася на інданэзійскім племі ментаваі з іх мінімалістычнымі нацельнымі малюнкамі. Потым вырашыла дадаць тэму космаса і аўтагоншчыкаў.

Настасся Хлус і яе калекцыя «Некранутыя».

Мне здаецца, у модзе зараз няма ніякіх рамак.

У мяне мама працавала на швейнай вытворчасці. І калі ў 9-м класе надышоў час вырашаць, куды паступаць, я дакладна ведала, што гэта будзе не гісторыя і не матэматыка, а нешта творчае. Глянула спецыяльнасці: о, дызайн адзення, клас, іду!

Па размеркаванні мяне ўзялі на «Контэ» дызайнерам плоскавязальнага аддзялення — буду распрацоўваць мадэлі кофтачак, сукенак. Дыпломная калекцыя ў мяне авангардная, а там давядзецца рабіць нешта паспакайней, для мас-маркета. Я задаволена месцам размеркавання — для пачатку цалкам нармальна.

Калекцыя Аляксандры Логвінай «Байк Страйк». За аснову ўзятыя касцюм XVI стагоддзя і мотаэкіпіроўка.

Кацярына Лявай:

— Мяне натхняе беларускі касцюм. На працягу 5 гадоў, што вучылася, я пакрысе вывучала гэту тэму. За аснову калекцыі брала намітку — нацыянальны галаўны ўбор. Тое, як яна павязваецца на галаву — закручваецца, выварочваецца, — вельмі цікава. Я вырашыла сумясціць пляценне з сучаснымі моднымі тэндэнцыямі.

Кацярына Лявай прэзентавала калекцыю «Згубленыя ў павуцінні».

Колькі сябе памятаю, заўсёды любіла маляваць. А ў школьныя гады зразумела, што хачу быць дызайнеркай, ствараць тое, што будуць насіць, што будзе папулярна ў звычайнага народа — не высокую моду, якая толькі для подыума.

Працаваць буду на «Скарбніцы». Гэта прадпрыемства адшывае нацыянальныя касцюмы для хора, вырабляе абрусы, выпускае лінейку сучаснага ільнянога адзення з вышыўкай, якое можна насіць у паўсядзённым жыцці.

Юлія Айплатава:

— Я адштурхоўвалася ад азіяцкай культуры — яна прасочваецца ў рукавах кімано, сілуэтных асаблівасцях, паясах. Другі складнік калекцыі — гангстэрскі стыль 1920-х, нуар-эпоха. У вобразах хацела паказаць пяшчоту, жаноцкасць і дзёрзкасць. Я падумала, што цяпер ідзе фарміраванне нейкай субкультуры, якая бярэ за аснову азіяцкія каштоўнасці. Бо прасочваецца, што ў модзе, мастацтве, эканоміцы Азія займае лідзіруючыя пазіцыі.

Калекцыя «Трыяда: цень лотасу»

Ці строгі крытык тата? Я часам, шчыра кажучы, не магу зразумець яго рэакцыю. Мне хочацца, каб, калі я нешта крутое прыдумала, ён усклікнуў: о, класна! А ён: так, добра. Потым мама расказвае, што ён мяне пахваліў. Канечне, гэта вельмі дапамагае, калі побач ёсць такі дасведчаны чалавек.

З першага курса я працую разам з татам у яго студыі. Мне больш камфортна будзе яшчэ набрацца ў яго вопыту, бо я адчуваю, што ёсць, чаму вучыцца. Магчыма, некалі атрымаецца зрабіць штосьці сваё. З іншага боку, навошта ствараць новы брэнд, калі я магу працаваць у тым, што ўжо склаўся, і рабіць яго лепш, дадаваць свой характар.

На трэцім курсе я шмат працавала са славянскім касцюмам. Таму ў будучым я за тое, каб развіваць гэту тэматыку, натхняцца беларускімі традыцыямі. У славянскім касцюме мне вельмі падабаецца сілуэт. Цяпер актуальныя даўгія рукавы, якія закрываюць кісці, — у нашым строі такога вельмі шмат. Беларускія галаўныя ўборы цікавыя. Поле дзейнасці вялікае — у нас, я б сказала, яшчэ мала працуюць з беларускім касцюмам.

Кацярына Матыгіна:

— Першай крыніцай нахнення была скульптура іспанскага творцы Марціна-Кансуэгры. Другой — ідэя стварыць хадзячую выстаўку. Я выбрала вядомыя карціны з розных эпох — ад Адраджэння да постмадэрнізму.

Кацярына Матыгіна з калекцыяй «Дотык».

Калі казаць пра дызайн наогул, мне падабаецца ідэя даваць другое жыццё рэчам з сэканд-хэнду. Гэта танна, і можна зрабіць нешта крутое.

Калі гляджу на тое, як апрануты дзяўчаты на вуліцах, мне не падабаецца гэты стадны інстынкт. Нешта ўвайшло ў моду — і пайшло: ва ўсіх аднолькавыя сумкі, красоўкі… Хоць нешта, але павінна быць сваё. Людзі, напэўна, баяцца вылучыцца з натоўпу. Не трэба гэта рабіць блакітнымі валасамі — можна апрануцца з густам, стылёва, але не пад капірку.

Куды іду працаваць? Я пакуль не ведаю. Наўрад ці па прафесіі. Мне падабаецца модная індустрыя, але я больш мастак, чым канструктар.

Калекцыя Наталлі Раманенка «Мульці-клан».
Калекцыя Хрысціны Алейнікавай «Пасвячэнне».

Дзіяна Старых:

— Мяне нахтніў мастак Осіп Цадкін — выхадзец з Беларусі. Пра яго я даведалася ад сваёй выкладчыцы, і мне захацелася расказаць аб гэтым чалавеку. У яго вельмі незвычайныя працы. Мне спадабалася каляровая гама яго карцін, пластыка фігур, і я імкнулася ўвасобіць гэта ў калекцыі.

Дзіяна Старых стварыла калекцыю «8 мадэляў».

Сённяшняя мода вельмі разнастайная. Якія тэндэнцыі актуальныя? Цяпер усе дызайнеры захапіліся тэмай 1980-1990-х — робяць пінжакі з шырокімі плячыма, доўгія рукавы. У модзе таксама асіметрыя і неонавыя колеры.

Я думала над тым, каб развіваць нацыянальную тэматыку. Мне падабаюцца беларускія казкі, ілюстрацыі з дзіцячых кніжак. У нас ёсць свае міфалагічныя героі, і, мне здаецца, гэта цікавая тэма для дызайнераў.

Зараз я працую мастаком-дэкаратарам. Але ў далейшым хацела б уладкавацца па спецыяльнасці. Сваю калекцыю спадзяюся паказаць на Млыне моды, Belarus Fashion Week.

Каментары7

Цяпер чытаюць

Генетыкі даказалі, што радзіма ўсіх славян — Беларусь18

Генетыкі даказалі, што радзіма ўсіх славян — Беларусь

Усе навіны →
Усе навіны

У Лісабоне разбіўся фунікулёр — загінулі 15 турыстаў2

У дзіцячай тургрупы з Беларусі на адпачынку ў Італіі скралі пашпарты10

Карпушонак прызнала, што перамагчы Латушку ў самой сабой зададзеным фармаце ёй не па сілах24

Мужчына на мыліцах напаў у Мінску на сям'ю з маленькім дзіцём1

Па беларускіх школах разаслалі лісты ад імя МУС, што расійскія вайскоўцы гвалцяць непаўналетніх. Кажуць, што гэта фэйк1

Кіраўнік Пентагона заявіў пра гатоўнасць да аперацыі па зрынанні Нікаласа Мадура2

Экс-маладафронтаўца Арцёма Дубскага пазбавілі міжнароднай абароны ў Польшчы і ўзялі пад варту22

Вольга Карпушонак дайшла ў сваіх скаргах да Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы28

Макс Корж пацвердзіў, што прычына адмены канцэрта ў Алматы — паводзіны фанатаў у Варшаве12

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Генетыкі даказалі, што радзіма ўсіх славян — Беларусь18

Генетыкі даказалі, што радзіма ўсіх славян — Беларусь

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць